Заўсёды ёсць час для добрых спраў. Як маладыя ляхавіцкія валанцёры дапамагаюць пенсіянерам


Клопат пра грамадзян залатога ўзросту – гэта не толькі адзін
з прыярытэтаў сацыяльнай палітыкі нашай дзяржавы. Гэта
і справа гонару, зона адказнасці для пакаленняў маладых.
Традыцыйнымі сталі марафоны дабрыні да Дня пажылых людзей, навагодніх святаў. Дапамагчы ва ўборцы ўраджаю, дастаўцы прадуктаў з сельскагаспадарчых кірмашоў, навесці парадак
на прысядзібным участку ці зімой расчысціць снег у двары, проста сустрэцца, пагаварыць па душах – далёка не поўны пералік добрых спраў для валанцёраў Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі і не толькі. Так зараз у нашай краіне праходзіць акцыя «Моладзь за бяспеку», ініцыяваная МНС, дзе ў цэнтры – клопат менавіта пра пажылых. Далучыліся да яе і юнакі і дзяўчаты Ляхавіччыны: піянеры, члены БРСМ, валанцёры «Чырвонага Крыжа». З году ў год неабыякавыя прадстаўнікі пакалення маладых зноў і зноў працягваюць руку дапамогі, аказваюць падтрымку словам і справай ветэранам працы.
Клопат пра пажылых – гэта неабходнасць
Падтрымка, клопат, дапамога іншым выхоўваюць у юнакоў і дзяўчат уменне суперажываць, грамадзянскую адказнасць, вучаць паважаць узрост, упэўнена дырэктар Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрна-лесатэхнічнага каледжа Ірына Прыступа-Юнік. Кіраўнік установы расказвае:
– Наш каледж на працягу амаль сямі дзесяцігоддзяў з’яўляецца не толькі кузняй кадраў для сельскай гаспадаркі рэгіёна, але і сапраўдным цэнтрам грамадзянскай актыўнасці, сацыяльнай адказнасці і добрых спраў.
Час вучобы ў каледжы – важны этап станаўлення асобы, калі закладваюцца фундаментальныя маральныя арыенціры. Менавіта тут каляджане вучацца таму, што сапраўдная каштоўнасць спецыяліста непарыўна звязана з яго чалавечнасцю і гатоўнасцю дапамагаць.
Валанцёрскі рух аб’яднаў сотні актыўных юнакоў і дзяўчат, якія шчодра дзеляцца сваёй энергіяй і цяплом з іншымі. Пераважная большасць нашых валанцёраў – члены БРСМ. Цэнтральнае месца ў валанцёрскай дзейнасці займае ўнікальная і глыбока змястоўная ініцыятыва «Міратворцы каледжа міру», якая прапагандуе ідэі дабрыні, узаемаразумення, талерантнасці. Штодзённа дэманструецца, што глабальны свет пачынаецца з самага простага: з
добрага слова падтрымкі, з працягнутай рукі дапамогі, шчырага клопату пра блізкага. Неад’емнай часткай работы валанцёраў з’яўляецца клопат пра старэйшае пакаленне. Нашы навучэнцы ўзаемадзейнічаюць з ветэранскай арганізацыяй каледжа, дапамагаюць ветэранам працы ўстановы па гаспадарцы і на іх прысядзібных участках, ладзяць канцэртныя праграмы і збіраюць успаміны пажылых грамадзян. На раённых сельскагаспадарчых кірмашах актывісты БРСМ каледжа – члены маладзёжнага атрада аховы правапарадку «Сапсан» аказваюць дапамогу ў дастаўцы і пагрузцы сельгаспрадукцыі, набытай пажылымі землякамі. Нашы рабяты арганізоўваюць дабрачынныя кірмашы, а на сродкі, атрыманыя ад продажу тавараў, набываюцца і перадаюцца ў сацыяльныя ўстановы для пажылых грамадзян і інвалідаў разнастайныя ласункі, а таксама экалагічна чыстыя садавіна і агародніна з каледжскіх гадавальнікаў.
Трывалая сувязь пакаленняў
Старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Аляксандра
Матчэня ўзгадвае, што яшчэ на пачатку гэтага стагоддзя, калі яна ўзначальвала прафсаюзную пярвічку навучэнцаў Ляхавіцкага аграрнага каледжа, на базе гэтай навучальнай установы быў створаны валанцёрскі атрад «Міласэрнасць». Тады агракаляджане дружна дапамагалі колішнім работнікам навучальнай установы –
ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і працы ўпраўляцца па гаспадарцы, віншавалі са святамі – дзяржаўнымі і асабістымі. І такая практыка дапамогі пажылым землякам у каледжы прадаўжаецца і цяпер. Аляксандра Матчэня адзначае:
– Раённая ветэранская арганізацыя і сёння вельмі цесна супрацоўнічае з райкамам БРСМ.
Пераемнасць пакаленняў – у тым, што валанцёры маладзёжнай арганізацыі аказваюць шэфскую дапамогу жыхарам Ляхавіччыны пажылога ўзросту. І гэта не толькі працоўныя акцыі. Традыцыйнымі сталі і сустрэчы з пастаяльцамі аддзялення кругласутачнага знаходжання грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў – арганізоўваем сумесныя канцэрты, «пасядзелкі» за кубачкам чаю. Моладзі ёсць што паслухаць, чаму навучыцца. А для нашых пажылых землякоў, якія па волі лёсу засталіся адны і жывуць у такіх сацыяльных установах, – гэта чарговая порцыя натхнення і адчування таго, што ты камусьці патрэбны. А гэта ў пажылым узросце вельмі важна.
«Пошук» – каманда валанцёраў
Вікторыя Салаўёва, настаўнік гімназіі горада Ляхавічы, кіраўнік валанцёрскага атрада «Пошук»:
– Гісторыя валанцёрскага атрада «Пошук» пачалася з 2002 года, калі па ініцыятыве савета старшакласнікаў і адміністрацыі гімназіі была арганізавана першая навагодняя ёлка для дзяцей-інвалідаў раёна. З кожным годам жадаючых стаць валанцёрамі станавілася ўсё больш, у нашых радах члены піянерскай арганізацыі і БРСМ. Пашыраліся напрамкі валанцёрскай дзейнасці, адзін з якіх – актыўнае ўзаемадзеянне з землякамі пажылога ўзросту. Падчас рэспубліканскай акцыі «Павага. Клопат. Адказнасць» добраўпарадкуем дваровыя тэрыторыі пажылых грамадзян,
у тым ліку ветэранаў працы гімназіі. Падчас акцыі «Будзь побач па перапісцы» робім паштоўкі да Дня пажылых людзей. Потым паштоўкі перадаюцца ў сацыяльныя ўстановы. Для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў у межах акцыі «Дзень добрых спраў» валанцёры «Пошуку» сумесна з іншымі неабыякавымі гімназістамі арганізоўваюць канцэртныя праграмы да святаў. Акцыя «Клопат» накіравана на тое, каб сабраць як мага больш садавіны і агародніны
восенню і перадаць дары прыроды тым пажылым землякам, каму гэта больш патрэбна.
Яшчэ адна важная старонка валанцёрскай гісторыі гімназіі – клопат пра былых удзельнікаў вайны. Сёння ў Ляхавіцкім раёне жывуць былыя вязні фашысцкіх канцлагераў, якія на сабе зведалі жахі вайны. Гімназісты знаходзяць час і жаданне прыбраць на месцах пахавання ветэранаў.
Дапамагаць іншым – гэта не складана. Адчуванне таго, што ты дапамог камусьці і зрабіў чалавека крышачку больш шчаслівым, і самога цябе напаўняе шчасцем.
Добрых спраў многа не бывае
А зараз слова таму, хто непасрэдна ўдзельнічае ў валанцёрскіх добрых справах. Вучаніца 10-га класа Малагарадзішчанскай СШ Варвара Вярбіла, актыўны валанцёр БРСМ і Беларускага Чырвонага Крыжа, расказвае, што дапамагаць пажылым – гэта традыцыя многіх пакаленняў тутэйшых школьнікаў. Сярод «падапечных» школьных валанцёраў – ветэран педагагічнай працы Таісія Гатоўчыц.
– Зімой мы расчышчаем снег у двары дома, дзе жыве Таісія Іванаўна, а восенню прыбіраем апалае лісце. Наведваем пажылых людзей, якія знаходзяцца ў Альхоўскай бальніцы сястрынскага догляду. Яны вельмі радуюцца нашаму прыходу. Ладзім віншаванні, канцэрты.
І калі бачыш, як усміхаюцца пажылыя людзі, хочацца прыходзіць да іх зноў і зноў, – падзялілася дзяўчына.
Падрыхтавала Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА, а таксама з архіва гімназіі і Малагарадзішчанскай СШ.
Восенню клопатаў у пажылых нямала. І на двары да зімы прыбрацца, і назапасіць вітаміны. І многім, асабліва адзінокім, інвалідам, адным не справіцца. І без дзейснай дапамогі, у тым ліку, валанцёраў не абысціся. Сёлета БРСМ запусціў рэспубліканскі маладзёжны марафон «ДАБРО.БЕЛ». Кожны месяц удзельнікі валанцёрскага руху «Добрае сэрца» надаюць асаблівую ўвагу пэўнаму напрамку работы. Кастрычнік, напрыклад, прысвечаны ўвазе да старэйшага пакалення. Калі землякам пажылога ўзросту патрэбна дапамога, можна патэлефанаваць па нумары 2-13-06.





