Новы хіт уборачнай – каралева палёў. «ЛВ» пазнаёміўся, як ідзе нарыхтоўка кукурузы на зерне на палетках аднаго з лідараў кукурузнай уборачнай – ААТ «Жарабковічы» Ляхавіцкага раёна

Сёння на палях сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Ляхавіччыны прадаўжаецца ўборачная кампанія. У цэнтры ўвагі каралева палёў – кукуруза. У планах нашых аграрыяў убраць гэту
культуру на зерне з 2 220 гектараў.

– Кукуруза выкарыстоўваецца для многіх мэт, у тым ліку вытворчасці прадуктаў харчавання. Запатрабавана гэта культура і як высокаэнер-
гетычны, лёгказасваяльны корм для буйной рагатай жывёлы, а таксама для птушак.

Брыгадзір вытворчага ўчастка № 4 Сяргей Тарлюк і механізатар Сяргей Бурак.

У Ляхавіцкім раёне кукуруза на зялёную масу ўбрана. Што тычыцца ўборкі на зерне, то кампанія толькі набірае абароты. Для гэтых мэт кукуруза вырошчваецца на 2 220 раённых гектарах. Найбольшыя плошчы – у СУП «Белазем’е» (600 гектараў), СУП «Ліпнянка» (500 гектараў), ААТ «Жарабковічы» (400 гектараў), ААТ «Шлях новы» (350 гектараў). Па стане на раніцу 8 кастрычніка найбольш актыўна ідуць работы ў «Жарабковічах», дзе ўбрана 65 працэнтаў плошчаў. У гэтай гаспадарцы найбольшая на Ляхавіччыне ўраджайнасць – амаль сотня
цэнтнераў з гектара (сярэднераённая – 90,2 цэнтнера з гектара). Дарэчы, гэта больш, чым на аналагічную дату летась, калі сярэднераённы паказчык складаў 75,4 цэнтнера на круг, – расказаў галоўны спецыяліст райсельгасхарчу Ігар Яварчук.

Механізатар Сяргей Бурак.

«ЛВ» пазнаёміўся, як ідзе нарыхтоўка кукурузы на зерне на палетках аднаго з лідараў кукурузнай уборачнай – ААТ «Жарабковічы». У мінулую сераду работы кіпелі на тальмінавіцкіх палетках. У полі –
пяць камбайнаў, аснашчаных кукурузнымі жняяркамі. Па-майстэрску кіруюць працэсам камбайнеры Георгій Жук, два Сяргеі Буракі, Павел Фаміных і Сяргей Пташук. Справу сваю ведаюць добра, таму работа ідзе хутка і зладжана.
– Пакуль тальмінавіцкія палі даюць ураджайнасць менш, чым на жарабковіцкіх участках, дзе атрымлівалі да 127 цэнтнераў на круг. Пры спрыяльных умовах надвор’я ў сярэднім за дзень убіраем каля 40 гектараў і намалочваем 400–450 тон, – адзначае галоўны аграном ААТ «Жарабковічы» Яўгеній Цярпіцкі.
А тым часам ураджай паступае на зернесушыльныя комплексы для сушкі, а таксама – для плюшчэння. За гэту аперацыю ў адказе вопытны механізатар сельгаспрадпрыемства Андрэй Дзянішчык. За работу ўпаковачнага прыстасавання адказвае Руслан Сватко.
– У мінулым годзе арандавалі ўпаковачны агрэгат у «Белпрам-
прыборы», а сёлета задзейнічаны ўласны апарат. Ужо закладзены пяць рукавоў кожны вагой каля 200 тон. Пры высокай вільготнасці зерня плюшчэнне кукурузы – больш эканамічна выгадная працэдура,
чым сушка, – падкрэсліў Яўгеній Цярпіцкі.
Дарэчы, акрамя «Жарабковічаў» плюшчэннем займаюцца «Белазем’е», «Ліпнянка», «Шлях новы».
Як адзначылі ў райсельгасхарчы, сёлетнія тэмпы ўборкі каралевы палёў пераўзыходзяць мінулагоднія. Гэтаму спрыяюць зладжаная работа сельгаспрацаўнікоў і своечасовая якасная падрыхтоўка тэхнікі і яе дастатковая колькасць.

Ляхавіцкі раён уваходзіць у тройку лепшых на Брэстчыне
па ўраджайнасці кукурузы, якая ўбіраецца на зерне. Гаспадаркі Ляхавіцкага раёна даюць у сярэднім па 89 цэнтнераў з гектара, а сярэдні паказчык па вобласці – 71 цэнтнер на круг.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.