Зіма знянацку не застане

Падрыхтоўка да чарговага ацяпляльнага сезона ў руплівых гаспадароў пачынаецца,  як толькі заканчваецца папярэдні перыяд халадоў.

КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ” якраз і адносіцца да катэгорыі тых гаспадароў, якія рыхтуюць сані летам. А дакладней ужо з красавіка пачынаюць яшчэ раней запланаваныя работы да наступных халадоў, каб зіма знянацку на застала. Пра гатоўнасць камунгаса да ацяпляльнага сезона – размова з дырэктарам прадпрыемства Аляксандрам Мядзвецкім.

— Аляксандр Яўгеньевіч, з чаго камунгас пачаў падрыхтоўчыя работы?

— Так атрымліваецца, што ў нас ацяпляльны сезон доўжыцца цэлы год. Маецца на ўвазе не толькі непасрэдна працэс падачы цяпла ў дамы, установы, арганізацыі і на прадпрыемствы, але і падрыхтоўка да зімы. Сёлета яшчэ ў красавіку жылкамунгас атрымаў загад Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь аб падрыхтоўцы да новага ацяпляльнага сезона, і непасрэдна на прадпрыемстве мы зацвердзілі мерапрыемствы  з 65-ці пунктаў. Асноўнае  – работы па замене і рамонце цеплавых сетак, абсталявання кацельняў і саміх кацельняў,  падрыхтоўка цэнтральных цеплавых пунктаў, водаправода, каналізацыі, добраўпарадкаванне, падпісанне пашпартоў гатоўнасці, паверка прыбораў уліку, падрыхтоўка спецыялізаванай снегаўборачнай тэхнікі  і іншае.

— Якія самыя буйныя аб’екты планаваліся на гэты год?

— Вялікі аб’ём работы  выкананы па замене цепласетак на вуліцы Мінскай у райцэнтры, каля бібліятэкі па вуліцы Гагарына. На жаль, жыхары дамоў № 9 па вуліцы Гагарына і № 12 па Мінскай на ўвесь час гэтых работ за-ставаліся  без гарачай вады. Мы  сваё абяцанне выканалі і напрыканцы мінулага тыдня пачалі падачу гарачай вады спажыўцам.  У Каранеўшчыне —  са-старэлыя трубы цепласетак заменены на больш сучасныя перадізаляваныя. Асобная размова пра цеплакрыніцы — іх на балансе камунгаса 25.  21 з іх ужо маюць падпісаныя пашпарты гатоўнасці,  яны ў любы момант гатовы пачаць ацяпляльны сезон. Раней кацельня ў Федзюках была камбінаванай (2 катлы працавалі на мясцовых відах паліва  і  столькі ж — на газу). Цяпер яна “перакваліфікавана” і будзе даваць цяпло толькі за кошт  дроў і брыкету.  Практычна ўсе кацельні раёна, за выключэннем псіхіятрычнай бальніцы “Крывошын”, гатовы  да работы.  Што датычыцца апошняй, то ў 2006 годзе  тут былі ўстаноўлены 3 катлы, з якіх 2 выйшлі са строю. Для іх замены камунгас на заводзе “Камунальнік” у Гомелі заказаў спецыяльныя трубчатыя элементы, і да 30 верасня яны будуць устаноўлены.  Да  таго ж  устаноўлены 2  дадатковыя  катлы.

Адрамантавана водапомпавая вежа на вуліцы Южакова ў райцэнтры, што дазволіць зменшыць звышнарматыўныя страты вады, забяспечыць бяспечны стан вежы для людзей, якія жывуць побач. Камунгас набыў і новы цеплаабменнік, які на пачатку сезона запусцілі ў дзеянне для абслугоўвання  вуліц Южакова і Будаўнікоў. Гэта не толькі палепшыць якасць гарачай вады, але і дазволіць выканаць важны сацыяльны стандарт пры меншых эканамічных стратах. Дарэчы, такія цеплаабменнікі ўстаноўлены на вытворчай базе камунгаса, на доме № 52 па вуліцы Леніна (у планах іх устаноўка ў Задвор’і і на вуліцы Чкалава ў райцэнтры).  Згодна дагавора, да 30 верасня будуць пастаўлены газагарэлачныя блокі ў кацельню гімназіі, чым вырашыцца пытанне па надзейным забеспячэнні цяплом мікрараёна вуліцы Інтэрнацыянальнай.

У любы момант гатова ўступіць у бой з непагодай і снегаўборачная тэхніка.

— Аляксандр Яўгеньевіч, заспакоіце Вы жыхароў Ляхавіччыны ці не, адказваючы на пытанне: ці будзе ў памяшканнях зімой цёпла? Як справы з нарыхтоўкай мясцовых відаў паліва?

Магу адразу заспакоіць: мерзнуць не будзем. Для параўнання:  па стану на 16 верасня 2010 года было нарыхтавана і знаходзілася пад навесамі 2183 кубаметры дроў, а на 16 верасня 2011 года — 2670 кубаметраў. Перавышаюць  мінулагоднія і запасы брыкету. На ўсіх кацельнях, дзе складзіруюцца дровы і брыкет, створаны належныя ўмовы для захавання, зроблены  спецыяльныя навесы.  Штодзённа вя-дзецца ўлік колькасці нарыхтаваных дроў, на кожны тыдзень брыгада  па нарыхтоўцы дроў атрымлівае планавае заданне, якое пастаянна выконваецца.

Асноўным пастаўшчыком мясцовых відаў паліва з‘яўляецца ААТ “Торфа-брыкетны завод “Ляхавіцкі”. Хачу скарыстацца магчымасцю і выказаць праз “ЛВ” падзяку кіраўніцтву  торфабрыкетнага  за ўзаемадзеянне і разуменне  важнасці і актуальнасці  такога пытання, як нарыхтоўка паліва. Лічу, што праблем у ацяпляльным сезоне, звязаных з мясцовымі відамі паліва, не будзе.

— Канешне, лепш пазбегнуць вострых сітуацый падчас ацяпляльнага сезона, але  ўсё ж якія праблемныя пытанні выклікаюць найбольшую занепакоенасць?

Некаторыя ўчасткі цеплавых сетак у райцэнтры зношаныя. З 70 кіламетраў (такая працягласць цеплавых сетак) за апошнія 5 гадоў заменена на новыя больш 20 кіламетраў. Поўнасцю заменены  старыя цепласеткі ў Ліпску, Галаўнінцах, Начы, Жарабковічах, Тальмінавічах. Асабліва адчувальны фізічны  знос цеплавых сетак каля дамоў №№  21 і 23 па вуліцы Чкалава, таму там праблемы  падчас халадоў не выключаюцца. Будзем трымаць такія адрасы пад пільным кантролем і аператыўна рэагаваць на сітуацыю. Аднак, на цеплазабеспячэнне астатніх мікрараёнаў горада гэта ніякім чынам не паўплывае. Да таго ж рамонтныя спецыялізаваныя брыгады ўкамплектаваны  ўсёй неабходнай тэхнікай і інструментамі, таму любыя пашкоджанні  ці аварыйныя сітуацыі будуць адразу ліквідавацца. Камунгас гатовы да непрыемных сюрпрызаў  надвор’я. Пры любых абставінах  зіма знянацку нас не застане. І яшчэ. У чарговы раз хочацца звярнуцца да жыхароў Ляхавіччыны з  просьбай і пажаданнем зрабіць усё магчымае, каб у дамах і кватэрах знізіць уцечку цяпла, для чаго неабходна ўцяпліць дзверы і вокны, паставіць заслону скразнякам і г. д.

І незалежна ад сезона не забывайцеся  своечасова і ў поўным аб’ёме аплачваць камунальныя паслугі. Давайце будзем узаемаветлівымі.

— Дзякуй за размову.

Галіна  КАНЬКО

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *