Ім можна давяраць. 5 кастрычніка падраздзяленні крымінальнага вышуку адзначаюць 105-годдзе

Пра кола задач, якія стаяць перад супрацоўнікамі, гаворыць назва падраздзялення – крымінальны вышук. Сярод штодзённых – выяўленне і вышук асоб, якія ўчынілі злачынства, ухіляюцца ад пакарання і г. д. У комплексе абавязкаў таксама прафілактыка і спыненне злачынстваў.

Падраздзяленне крымінальнага вышуку Ляхавіцкага РАУС – калектыў з сямі чалавек, дзе ў кожнага свая тэрыторыя адказнасці і лінія работы.
Напрыклад, кіберзлачыннасцю займаецца малады спецыяліст Улад Зубік, які нядаўна папоўніў рады крымінальнага вышуку. Сваё першае заданне лейтэнант лічыць своеасаблівай размінкай перад сур’ёзнай справай. Тады ў міліцыю звярнуўся пацярпелы, які на адной з гандлёвых пляцовак купляў тэлефон. У выніку грошы былі пераведзены прадаўцу, а ляхавічаніну прыйшла пасылка з дзвюма пліткамі і будаўнічымі пальчаткамі. Зламыснік устаноўлены.
Больш за тры гады займаецца вышукам злачынцаў старшы оперупаўнаважаны капітан міліцыі Дзмітрый Котаў. Кампетэнтнасць, аналітычны склад розуму і ўменне працаваць у камандзе – яго галоўныя інструменты. У вышуковых пытаннях супрацоўнікі пад-раздзялення задзейнічаюць усе рэсурсы, у тым ліку і цеснае ўзаемадзеянне з расійскімі калегамі.
Калі б дзейнасць ацэньвалі па пяцібальнай сістэме, то старшы оперупаўнаважаны маёр міліцыі Андрэй Чаранкевіч атрымаў бы пяцёрку з плюсам – такую адзнаку яму паставіў начальнік падраздзялення Віталій Давідоўскі. У вышуку больш за дзесяць гадоў і з пастаўленымі задачамі заўсёды спраўляецца, не лічыцца з асабістым часам і працуе на вынік. Калі бярэцца за справу, то робіць яе з максімальнай самааддачай, пралічвае дзеянні на некалькі крокаў наперад.
Восем гадоў узначальвае падраздзяленне крымінальнага вышуку маёр міліцыі Віталій Давідоўскі, а ў праваахоўнай сістэме ён 24 гады. Для сваіх калег не толькі кампетэнтны кіраўнік, але і вопытны настаўнік. Ён адзначае, што, нягледзячы на сучасныя распрацоўкі і тэхніку, важнымі якасцямі супрацоўнікаў вышуку застаюцца ўважлівасць, аператыўнасць, назіральнасць і камунікабельнасць.
Наша падраздзяленне – каманда, здольная вырашыць пастаўленыя задачы, – дзеліцца Віталій Давідоўскі. – З пачатку года ў раёне па лініі крымінальнага вышуку зарэгістравана 81 злачынства, і больш чым па палове ўстаноўлены асобы, якія іх учынілі. Лідзіруюць крадзяжы – 48. Часцей за ўсё ў зводках фігурыруюць сельскія населеныя пункты, аб’ектамі інтарэсу злодзеяў становяцца дачы і гаспабудовы. З васьмі зарэгістраваных махлярстваў сем адбыліся з дапамогай месанджараў. Даволі павучальным быў выпадак, калі ляхавічаніну патэлефанавалі невядомыя ад імя медыкаў і паведамілі, што яго маці трапіла ў ДТЗ, і ёй нібыта патрабуюцца грошы на лячэнне. Мужчына не патэлефанаваў маці, каб пераканацца ў праўдзівасці інфармацыі, а ледзьве не перавёў зламыснікам 20 тысяч рублёў. Мы прыкладаем максімум намаганняў, каб адшукаць асоб, якія ўчынілі злачынства. Але і насельніцтва павінна быць зацікаўлена ў захаванасці сваёй маёмасці. Не трэба весціся на правакацыі зламыснікаў.
Павялічваецца колькасць пацярпелых ад жадання палепшыць сваё матэрыяльнае становішча ў гульнях на фінансавай біржы, дзе прапануюць унесці ўзнос у суме не меншай за тры сотні рублёў, а пасля абяцаюць фантастычныя выйгрышы… Нядаўна супрацоўнікі РАУС сутыкнуліся з такім выпадкам і ў нашым раёне. Пенсіянерка ўжо была гатова зарэгістравацца на сайце і перавесці грошы. Але ў справу ўмяшаліся міліцыянеры.
Часта ад махлярскіх дзеянняў церпяць пакупнікі тавараў на інтэрнэт-пляцоўках. Прадаўцы ставяць умовай 100-працэнтную перадаплату, і ў выніку чалавек застаецца з пустымі рукамі. Летась на Брэстчыне, у тым ліку і з удзелам ляхавіцкіх праваахоўнікаў, была спынена дзейнасць групы злодзеяў, якая адзначылася і ў нашым раёне. І гэта правіла вышуку – аб’ядноўваць сілы і намаганні дзеля аператыўнага раскрыцця злачынства.
У вышуку заўсёды працавалі людзі з павышанай адказнасцю за даручаную справу. Сёння яны – паважаныя ветэраны службы, і іх тэарэтычны і практычны вопыт каштоўны і для сённяшніх супрацоўнікаў. У радах крымінальнага вышуку былі Аляксандр Бурбіцкі, Генадзій Савасцюк, Анатолій Ушко, Вадзім Зубік, Сяргей Пташук, Алег Урбановіч. З імі мы заўсёды на сувязі і рады кожнай сустрэчы. Шаноўным ветэранам жадаю моцнага здароўя, а сённяшнім супрацоўнікам – удачы, інтуіцыі, дабрабыту і ўзаемаразумення ў сем’ях, – адзначае Віталій Давідоўскі.
Начальнік РАУС Андрэй Бурдзь называе падраздзяленне крымінальнага вышуку самым баявым:
Ім першым даводзіцца сутыкацца са злачынцамі і пацярпелымі. Ад іх аператыўнасці і прафесіяналізму залежаць раскрыццё любой справы і выяўленне злачынцаў. І скажу так – нашым операм можна давяраць!

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА