У агні, на вадзе і за рулём камбайна. Напярэдадні Дня пажарнай службы начальнік Брэсцкага абласнога ўпраўлення МНС Валерый Рудольф правёў прэс-канферэнцыю для прадстаўнікоў СМІ

Па традыцыі напярэдадні Дня пажарнай службы начальнік Брэсцкага абласнога ўпраўлення МНС Валерый Рудольф правёў прэс-канферэнцыю для прадстаўнікоў СМІ Першага рэгіёна. Сярод яе ўдзельнікаў – і «Ляхавіцкі веснік». Кіраўнік ведамства расказаў пра аператыўную абстаноўку за першае паўгоддзе на Брэстчыне, новую тэхніку для выратавальнікаў, дапамогу аграрыям на жніве і новыя падыходы ў прафесійнай дзейнасці.

Сярод галоўных напрамкаў работы на другое паўгоддзе – маніторынг дзіцячых лагераў, падрыхтоўка ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года і многае іншае. Асаблівы акцэнт кіраўнік упраўлення зрабіў на прафілактычнай дзейнасці ў жыллёвым сектары і рабоце з сацыяльна ўразлівымі катэгорыямі насельніцтва, у тым ліку з мнагадзетнымі сем’ямі.

Валерый Рудольф падзяліўся добрай навіной: літаральна на днях на ўзбраенне выратавальнікаў у абласным цэнтры паступіла новая аўталесвіца вышынёй 52 метры для выкарыстання на аб’ектах вышынёй да 17 паверхаў.
– Брэст развіваецца, і мы павінны быць гатовы да эвакуацыі людзей з высокіх будынкаў. Аналагічныя аўталесвіцы паступяць у Пінск і Баранавічы – у дынамічна растучыя гарады з высокай забудовай. За апошнія тры гады каля 30 аўтацыстэрнаў набыты за кошт абласнога бюджэту. У мінулым годзе закуплены гідрацыкл, каб забяспечваць бяспеку на вадаёмах, – акцэнтаваў увагу Валерый Рудольф.
Для маніторынгу работнікі МНС сталі больш актыўна выкарыстоў-
ваць беспілотнікі, што дазваляе аператыўна кантраляваць абстаноўку і хутка рэагаваць на магчымыя пагрозы. Выратавальнікі не толькі смела ідуць у агонь і ваду, але і прафесіянальна змагаюцца ў бітве за ўраджай. У Брэсцкай вобласці 43 работнікі МНС дапамагаюць аграрыям на жніве і шчыруюць камбайнерамі, трактарыстамі, вадзіцелямі.
– 21 ліпеня Прэзідэнт правёў селектарную нараду па пытаннях уборкі. У тым ліку ў наш адрас прагучала даручэнне дапамагчы аграрыям на ўборцы. Тут мы выконваем задачу не толькі па аказанні дапамогі ў пажарным прыкрыцці тэхнікі, але яшчэ і ўдзельнічаем непасрэдна ва ўборцы. Для нашых работнікаў не патрабуецца нейкая дадатковая падрыхтоўка, – расказаў Валерый Рудольф.

Супрацоўнікі Ляхавіцкага раённага аддзела па надзвычайных
сітуацыях таксама ва ўборачнай тэме. Сёння на палях раёна задзей-
нічаны ў якасці камбайнераў старшыя інструктары-выратавальнікі Сяргей Зянько (ПАВП № 11), Раман Папко (ПАВП № 13) і Арцём Шклянік (ПАВЧ № 1). Яны ў вольны ад службы час дапамагаюць сельгасарганізацыям, паказваючы прыклад сапраўднага прафесіяналізму і адказнасці.

Яшчэ адна знакавая падзея адбылася 24 ліпеня ў мемарыяль-ным комплексе «Брэсцкая крэпасць- герой» – словы вернасці прафесій-
наму абавязку і беларускаму народу вымавілі 49 навабранцаў МНС.
Сярод іх – нашы землякі: выратавальнікі-пажарныя Данііл Валчкоў (на здымку), Мікіта Цімашок, Віктар Плескацэвіч і вадзіцель Артур Бохан.
– Сёння для мяне вельмі адказны дзень, – падзяліўся ўражаннямі Віктар Плескацэвіч. – Я доўга ішоў да гэтай клятвы, і менавіта прыняцце прысягі ў Цытадэлі надае ёй асаблівае значэнне. Яна быццам нагадвае: мы не маем права быць слабымі. Словы клятвы вельмі моцныя і запомняцца на ўсё жыццё. Галоўнае – абяцанне дапамагаць людзям, і я гатовы яго трымаць.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота з архіва РАНС.