Пяцігодка станаўлення. НАСУСТРАЧ УНС: 2001 ГОД

НАСУСТРАЧ УНС: 2001 ГОД.  18-19 мая 2001 года адбыўся
другі Усебеларускі народны сход

Другі Усебеларускі народны сход сустракаў сваіх дэлегатаў, ужо меўшы пэўны вопыт работы, калі вынікі першай важнейшай у гісторыі сустрэчы адлюстраваліся на канкрэтных рашэннях, лічбах
і справах. Карэнным чынам мяняюцца і адносіны да сходу,
яго рашэнняў, важнасці вылучэння кандыдатаў. Здаецца, і характар да пастаноўкі задач становіцца ўпэўненым і безагаворачна выканальным у будучыні. Тым больш на той момант у краіне адбыліся важнейшыя палітычныя змяненні – народ бачыў, што бездань, каля якой беларусы апынуліся ў 1996 годзе, далёка ад іх якаснага жыцця сёння. Беларусы шчыруюць, куюць заўтра, пакуль заходнікі куюць сцэнарыі нашага заняпаду, слухаючы праваднікоў з замежжа.
Пра гэта, дарэчы, не аднойчы ўпамінаў у сваім дакладзе Кіраўнік дзяржавы. Многіх тады кранула фраза пра тое, што граніцы нашай краіны – гэта граніцы міру і супрацоўніцтва. І гэта далёкі 2001 год, а як актуальна гучыць сёння. Таму гэта яшчэ раз пацвярджае: тое, што сказана падчас сходаў, – канстанта для выканання, характар нашага жыцця.

Другога сходу беларусы чакалі. Людзям патрэбны былі новыя планы на жыццё. Шмат змяненняў адбылося з 1996 года – з першага УНС. На рэферэндумах былі вырашаны пытанні дзяржаўнага кіравання, моўныя праблемы, беларусы вырашылі, пад якім сцягам жыць. Тое, што справы пайшлі ўгору, адзначыў Кіраўнік дзяржавы ў сваім дакладзе. Дарэчы, слоган УНС стаў слоганам нашага жыцця на дзесяцігоддзі – «За моцную і квітнеючую Беларусь». Другое пасяджэнне можна па праве лічыць гістарычным, бо сучасная мадэль беларускага развіцця была выбудавана і прынята менавіта другім УНС.

Упершыню за шматвекавую гісторыю нашага народа Бела-
русь адбылася як незалежная і самастойная дзяржава. І хоць у 1996 годзе крытыкі нашага эвалюцыйнага шляху развіцця было шмат, дзе гэтыя «аналітыкі» і прагназісты дзеліся ў 2001-м. У краіне няма разрухі, карупцыі, беззаконне і беспарадак зніжаны да мінімуму, спынена галапіруючая інфляцыя, скараціўся дэфіцыт дзяржаўнага бюджэту. І гэта толькі сваімі – беларускімі – сіламі пад кіраўніцтвам маладога, але ўпэўненага ў сваіх дзеяннях Кіраўніка. Гучаць канкрэтныя лічбы: валавы ўнутраны прадукт за пяцігодку павялічыўся на 36 працэнтаў, прадукцыя прамысловасці – на 65 працэнтаў, інвестыцыі ў асноўны капітал – на 26 працэнтаў. Узровень дакрызіснага 1990 – перавышаны. Кіраўнік дзяржавы прапаноўвае беларусам канкрэтны план, як жыць далей, што трэба рабіць, каб не згубіць напрацаванае, у якім накірунку рухацца, дзе прасядаем, і як гэта выправіць. Сярод прыярытэтаў гучаць экспарт, жыллё, харчаванне.

Не менш важным аспектам Прэзідэнт называе медыцынскае абслугоўванне, здароўе нацыі. Усё гэта падмацавана  прапановамі і лічбамі. Дэлегаты прынялі Праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на перыяд да 2005 года. Беларускі эканамічны цуд набірае абароты.

Гартаючы старонкі «Ляха-віцкага весніка», адчуваеш, што да падзеі землякі рыхтаваліся з асаблівым настроем. Вылучыць кандыдата – значыць, аказаць яму вялікі давер прадстаўляць інтарэсы на УНС. Галоўнае, як гаворыць раёнка, каб выбар у працоўных калектывах быў зроблены на карысць найбольш дастойных і аўтарытэтных працаўнікоў, якія займаюць актыўную жыццёвую пазіцыю і якім неабыякавы лёс нашай краіны. 18 красавіка 2001 года з 46 працоўных калектываў былі вылучаны 95 прадстаўнікоў для ўдзелу ў раённым сходзе ўпаўнаважаных па выбарах дэлегатаў другога Усебела-
рускага народнага сходу. Адкрытым галасаваннем аднагалосна
выбрана дзевяць чалавек, якія прадставілі інтарэсы раёна на сходзе. Сярод іх старшыня райвыканкама Аркадзій Сакун, старшыня райспажыўтаварыства Раман Русакевіч, дырэктар ТБЗ «Ляхавіцкі» Уладзімір Гунько, намеснік старшыні райвыканкама Мікалай Юруць, загадчыца Падбароччанскім СК Валянціна Маслоўская, дырэктар Крывошынскай СШ Алімпіяда Дыдышка, галоўны ўрач РТМА Сяргей Сяржантаў, намеснік дырэктара племзавода «Нача» Уладзімір Кульчык, старшыня праўлення Белкаапсаюза Віктар Владыка. Брэстчыну на УНС прадставілі 350 дэлегатаў.
Прайшло шмат часу. Дэлегаты Другога Усебеларускага
народнага сходу памятаюць той дзень, чаканні і перажытыя
эмоцыі, а сёння на старонках «ЛВ» дзеляцца з намі ўспамінамі.

Мікалай ЮРУЦЬ, дэлегат другога УНС:

Другое пасяджэнне УНС людзі чакалі. Асаблівай падзеяй было вылучэнне дэлегатаў, галасаванне – хацелася,
каб былі прадстаўлены ўсе сферы. Людзі, якія працавалі
на месцах, якія ведалі больш за ўсіх праблемы, што хвалююць землякоў, ехалі на сход з партфелем пытанняў. У той час кожны хваляваўся за заўтра, як будзем жыць, як будзем каваць эканоміку. І другое пасяджэнне гэтыя пытанні зняло адназначна. Вектар развіцця накіраваны на дабрабыт беларусаў. Мы гаварылі пра сябе ў кантэксце нашых інтарэсаў, інтарэсаў незалежнага народа. Увага рэальным даходам насельніцтва, будаўніцтву жылля, падтрымцы пенсіянераў, павышэнню якасці медабслугоўвання. Раю сённяшняй моладзі прачытаць той даклад Кіраўніка дзяржавы. Час прайшоў, а як актуальна гучыць. Заўжды мы пазіцыянавалі сябе як мірны народ, які сам вырашае свой лёс, разумны і моцны, які можа за сябе пастаяць. Колькі часу прайшло, а наша краіна трымае ў цэнтры ўвагі інтарэсы чалавека і яго дабрабыт, далей працягвае сваю міралюбівую палітыку. Вось што значыць ісці планамерным, лагічным, эвалюцыйным шляхам развіцця. Памятаю яскравае выступленне акадэміка Расійскай Акадэміі навук, лаўрэата Нобелеўскай прэміі, вучонага Жарэса Алфёрава. На сходзе прысутнічала шмат прадстаўнікоў замежных краін, духавенства. Гэта сведчанне высокай ролі УНС для беларускага народа і яго будучыні.

Тэлефонная размова з дэлегатам УНС 2001 года Валянцінай МАСЛОЎСКАЙ – гэта самае эмацыйнае, шчырае і пранікнёнае, што даводзілася чуць на такую сур’ёзную палітычную тэму. Тое пасведчанне дэлегата Валянціна Міхайлаўна захоўвае як адзін з самых дарагіх дакументаў, а ў памяці – як падзею, якая бывае адзін раз за жыццё:

– Не магла паверыць. Я, Валянціна Маслоўская з беларускай глыбінкі,
з Падбарочча, еду на УНС у складзе ляхавіцкай дэлегацыі. Давер – каласальны! Вось, што значыць народ прымае рашэнні дзяржаўнай важнасці, калі прадстаўлены інтарэсы ўсяго грамадства, калі кожны голас – адчувальны. Нас шмат – трактарысты, завадчане, культпрацаўнікі, медыкі, настаўнікі, моладзь, прадпрымальнікі… – усе, хто шчыра гатовы быў зрабіць усё дзеля нашай Беларусі. Час быў няпросты, і мы гэта разумелі, як і тое, што толькі слухаючы
і падтрымліваючы нашага Прэзідэнта, магчыма выратаваць краіну ад эканамічнага заняпаду. І хоць было ўжо другое пасяджэнне, эканоміка паляпшалася, жыццё беларусаў станавілася больш заможным, менавіта на гэтым сходзе выбудавалася наша ідэалогія –
«За моцную і квітнеючую Беларусь». Як працаўніка культуры, тады, канешне, хвалявалі пытанні захавання нашай культурнай спадчыны. Задача стаяла не згубіць ні адзін творчы калектыў, ні адну сельскую бібліятэку ці клуб. Тады ў глыбінцы якраз і знаходзіліся элементы нашага культурнага коду. Канешне, час прайшоў, шмат змянілася. Культуры адводзілася вялікая роля, бо гэта і ёсць адна з прыкмет цывілізаванай дзяржавы. Памятаю, як чакалі землякі. Мабільнай сувязі тады яшчэ ў нас не было, таму першыя навіны перадавалі
з вуснаў. Інтарэс вяскоўцаў – зашкальваў. Сёння ўважліва сачу за палітычнымі падзеямі, за рашэннямі, які прымае ўжо ў новым канстытуцыйным статусе УНС. Напэўна, хто аднойчы перажыў такую адказнасць, несвядома ўскладае на будучыя пакаленні задачу захаваць краіну, зберагчы нашы незалежнасць і мір. Няхай кожнае пакаленне дэлегатаў УНС памятае, што гісторыя сходу – гэта лёс тысячаў людзей, якія, прымаючы рашэнні, верылі ў моцную будучыню Беларусі.

ФАКТ

Як фіксаваў «ЛВ» 21 мая 2001 года, сярод тых, каму даверылі прымаць жыццёва важныя для дзяржавы рашэнні, рабочыя склалі 8,8 працэнта, работнікі сельскай гаспадаркі – 10,9, інжынерна-тэхнічныя работнікі – 10,9, работнікі сацыяльна-культурнай сферы – 20,8 працэнта, кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый – 19,9, студэнты, прадпрымальнікі, ваеннаслужачыя, пенсіянеры і іншыя катэгорыі насельніцтва – 28,7. З 2 500 дэлегатаў – 755 жанчыны. Шырока прадстаўлены палітычныя партыі і грамадскія аб’яднанні.
На сходзе прысутнічалі таксама госці з Расіі і Украіны, Малдовы і Польшчы, Казахстана і Літвы, з іншых краін блізкага
і далёкага замежжаў.

Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.