Жыццё ляхавічанак асветлена мацярынскай любоўю /фота/

Самая вялікая любоў — мацярынская. Самая цудоўная мелодыя — мамінай калыханкі: яна ўсё жыццё працягвае гучанне на ўзроўні падсвядомасці. Не бывае больш пяшчотных рук, чым матуліны, большай самааддачы-самаахвярнасці, чым штодзённыя матчыны. Яна робіць шчаслівым свет і ад гэтага шчаслівая сама. Свет і святло мацярынскай душы бязмежныя, без іх, як без паветра, без хлеба, без вады, немагчыма жыццё. Самы прыгожы, самы шэдэўральны сюжэт і жыцця, і мастацтва — маці з дзіцем. Зірніце ў вочы мадоны з карціны генія ці пачынаючага мастака: здаецца, у іх адказ на ўсе пытанні… Так, як маці жадае сваім дзецям шчасця, так, як яна іх песціць, даглядае, вучыць дабру, так, як туліць да грудзей і моліць Бога, каб даў ім здароўя і долі на доўгі век, не можа рабіць ніхто іншы.
У знакамітых паэтаў і вучоных, рэкардсменаў і чэмпіёнаў, лаўрэатаў прэстыжных прэмій і вынаходнікаў, у любога з нас жыццё пачыналася з маці, і для ўсіх яна самы галоўны чалавек.
…Як утульна малышу ў яе абдымках, як радасна з ёю побач, як светла і надзейна. Падрастаюць сыночкі і дачушкі, самі становяцца бацькамі, а яна — па-ранейшаму мама-мамачка, ужо і для ўнукаў. Паспявае на работу і на рабоце, а потым хатнія клопаты, магазіны, дача, агарод… Такі вось жыццёвы марафон, асветлены мацярынскай любоўю — абсалютнай і бязмежнай.
Са сваімі радасцямі дарослыя дочкі бягуць да сябровак, з праблемамі і бедамі — да мамачкі… І толькі калі самі становяцца мамамі, пачынаюць разумець, што сілкуе жыццё і з’яўляецца яго існасцю.
Не шкадуйце ўвагі да маці, не эканомце на праяўленні пачуццяў, не адмахвайцеся ад святой любві, нават калі самі сталі вельмі дарослымі. І не забывайце, дзе б ні знаходзіліся, што чалавек па імені Мама вас любіць проста таму, што вы ёсць, даруе за ўсё і чакае, чакае, чакае. Мілая мамачка, жыві доўга, калі можаш, будзь заўсёды! Ты — вечнасць, якая працягваецца ў дзецях, унуках, праўнуках, а потым — далей-далей… Гэта пажаданне ўсім маці ад усіх дзяцей. Немагчыма, каб у малышоў не было мамы, нельга, каб у старэнькіх мам не было падтрымкі ад іх дарослых дзяцей. Маці Божая, зберажы ад такой бяды.
Вольга СВЯТЛОВА.

Марыя Сяргей з Альхоўцаў — маці траіх дзяцей, бабуля чатырох унукаў. Яна ведае, як выхоўваць сумленных, працавітых, годных лю-дзей. Гэта яна нарадзіла і вырасціла героя сёлетніх рэспубліканскіх "Дажынак" Юрыя Сяргея. На здымку — Марыя Міхайлаўна з сынам і яго сям'ёй.

Святлана Гачко прыгожая жанчына, добразычлівы чалавек. Многія землякі ведаюць яе як добрага спецыяліста, фельчара-лабаранта клінічнай лабараторыі райбальніцы. А яшчэ Святлана — клапатлівая, ласкавая мама для дачкі Юліі і бабуля — для ўнука Ягора.

Так да твару маладосць і мацярынства ляхавічанцы Вользе Дыдышка! Яна — шчаслівая і любячая мама, самы галоўны на свеце чалавек для дачушкі Дзіяны і сыночка Мікіты.

Дараўскі фельчар Таццяна і двайняшкі Паліна і Матвей згадзіліся сфатаграфавацца ў абавязковым парадку разам з татам. Аляксей Зубрылаў таксама медык. Увесь вольны час яны разам — упяцяром, таму што ў сям'і трое дзяцей: старэйшы цяпер у бабулі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *