Собрались за «круглым столом» ляховичанки, члены районной организации Белорусского союза женщин

Доўгі час існавала меркаванне, што жанчыны слабы пол, іх месца — на кухні сярод каструль… Але, на шчасце, гэта даўно аспрэчана жыццём: усё больш жанчын на кіруючых пасадах, займаецца бізнесам, паспяхова працуе, удзельнічае ў прыняцці грамадскіх і палітычных рашэнняў. У 2010 годзе ў Беларусі з’явіліся першыя жанчыны-палкоўнікі, міністр працы і сацыяльнай абароны — жанчына.
10 кастрычніка, падчас Тыдня маці, сабраліся за «круглым сталом» члены раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» сумесна з ГА «Белая Русь» і раённай арганізацыяй Чырвонага Крыжа, каб абмеркаваць тэму «Жанчына-кіраўнік: усе ”за” і ”супраць», высветліць, як сумясціць мацярынства і кіруючую пасаду не на шкоду сям’і. Разважалі над пытаннем жанчыны-кіраўнікі з розных сфер дзейнасці: адукацыі, аховы здароўя, банка, культуры, вытворчай галіны.
А дапамагалі ў вырашэнні праблемы эксперты. Псіхолаг Таццяна Траццяк парэкамендавала правілы пабудовы адносін з дзецьмі, расказала, якія існуюць спосабы пераключэння дзейнасці. Адразу паўстала пытанне: чаму жанчына становіцца кіраўніком, што ёю рухае? Як высветлілася, фінансавае пытанне ў прыгожай паловы чалавецтва пры працаўладкаванні на высокую пасаду — не на першым месцы.
Нашы зямлячкі паспяхова сумяшчаюць службовыя абавязкі з сямейнымі.
Дарэчы, у размове неаднойчы гучала пажаданне праводзіць вучобу жанчын-кіраўнікоў, раскрываць сакрэты стварэння спрыяльнага мікраклімату ў калектыве.
Жанчына заўсёды застаецца жанчынай, якую б пасаду яна ні займала. Кіраўнік гуртка «Юная ледзі» цэнтра дадатковай адукацыі Наталля Лаўрыненкава дала парады касметолага і візажыста, а менеджар кампаніі Oriflame Алена Ліцкевіч правяла майстар-клас па выкарыстанні касметычных сродкаў.
Інструктар па лячэбнай фізкультуры Ала Плотка расказала пра карысць руху, практыкаванні, якія фарміруюць прыгажосць постаці.
Былі ў гэты дзень парады медыцынскія, гучалі і вершы з жартамі.
Усіх прысутных павіншавала з Днём маці старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Наталля Мацкевіч. Апладысментамі выказалі ўдзельніцы нарады згоду з яе сцвярджэннем: калі жанчына ставіць мэту — у яе абавязкова ўсё атрымліваецца!
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *