Давер, узмоцнены аўтарытэтам. У Дзень супрацоўнікаў інспекцыі па справах непаўналетніх самы час не толькі падвесці вынікі дзейнасці, але і ўзгадаць ветэранаў міліцыі, якія калісьці працавалі ў службе
«Дзякуй вам!» – такія словы ад падлетка, які стаў на шлях выпраўлення, інспектары па справах непаўналетніх Ляхавіцкага РАУС Анастасія Карпік і Валерыя Ціхановіч (на здымку) лічаць самай лепшай ацэнкай сваёй дзейнасці. Па службовым абавязку яны сутыкаюцца з рознымі сітуацыямі. Да кожнага дзіцяці важна знайсці індывідуальны падыход і заслужыць яго давер, лічаць участковыя інспектары ІСН, якія 19 чэрвеня адзначаць сваё прафесійнае свята.

У Дзень супрацоўнікаў інспекцыі па справах непаўналетніх самы час не толькі падвесці вынікі дзейнасці, але і ўзгадаць ветэранаў міліцыі, якія калісьці працавалі ў службе. Сярод іх Іосіф Зубік, Мікалай Смаршчок, Віктар Мокат, Дзмітрый Дыдышка, Павел Шастак і іншыя.
Іосіф Зубік лічыць перыяд працы ў ІСН лепшым. Прыйшоў у інспекцыю з «дзяжуркі» і спачатку хваляваўся, ці атрымаецца ў яго дыялог з дзецьмі. Работа захапіла. Праводзіў прафілактычныя гутаркі ў школах, наведваў сем’і на даму, дзяжурыў у «Чайцы», пераканаўча размаўляў з непаўналетнімі і іх бацькамі. Самае цяжкае ў працы інспектара ІСН, па меркаванні Іосіфа Зубіка, калі падапечныя, якія падавалі надзеі, зыходзілі са шляху законапаслухмянасці. Ніколі не мог зразумець раўнадушша маці, якая выбірала гарэлку, а не дзіця. На рахунку Іосіфа Зубіка і раскрытыя злачынствы, дзякуючы якім ён у свой час стаў у вобласці лепшым інспектарам ІСН.

Мікалай Смаршчок на заслужаным адпачынку нядаўна і службу ў ІСН таксама ўспамінае з радасцю. Адзначае, што з моладдзю заўсёды стараўся знайсці агульную мову. Добра ведаў тых, хто лічыўся праб-лемным падлеткам. Дапамагалі ў прафілактыцы дзяжурствы на дыскатэках, сумесны ўдзел з падлеткамі у «Зарніцах», сустрэчы ў школах і г. д. Важным і галоўным у рабоце інспектара ІСН Мікалай Смаршчок лічыць аўтарытэт сярод непаўналетніх і іх давер, каб яны бачылі зацікаўленасць і нераўнадушша да іх цяжкасцяў.
Сёння на ўліку ў ІСН больш за 20 непаўналетніх, і гэта ўдвая менш, чым было летась, адзначае старшы ўчастковы інспектар Анастасія Карпік. І гэта, па яе словах, сумесная заслуга ўсіх зацікаўленых, якія працуюць з дзецьмі: устаноў адукацыі, аддзела па адукацыі райвыканкама, КСН і іншых.

Самы напружаны час для інспектараў – канікулы. Таму сёння ўчастковыя ІСН наведваюць сваіх падапечных на даму, кантралююць іх занятасць, размаўляюць з бацькамі, прымаюць удзел у рэйдах па неўладкаваных сем’ях і тых, якія знаходзяцца на індывідуальна-прафілактычным уліку. Актыўна ўключаны і ў міжведамасную рэспубліканскую праграму «Клопат».
Інспектары адзначаюць, што прафілактычная работа з праблемнымі падлеткамі патрабуе індывідуальнага падыходу, умення прымаць нестандартныя рашэнні і падбору патрэбных ключыкаў да дзіцячага сэрца.
– Адчуваем сапраўднае задавальненне, калі праведзеная работа дае станоўчы вынік. Бывае і так, што нашы падапечныя тэлефануюць нам і просяць парады. І гэта пацвярджэнне таго, што працуем правільна, – дзеліцца Валерыя Ціхановіч.
Дарэчы, летась па выніках аператыўна-службовай дзейнасці за 2023 год ляхавіцкае падраздзяленне
ІСН прызнана лепшым сярод аналагічных падраздзяленняў на Брэстчыне.
Анастасія ў інспекцыі пяты год, адзначае, што ў рабоце з падлеткамі дапамагаюць і яе дыпломы псіхолага і юрыста. Валерыя каля трох гадоў назад перайшла ў ІСН з АДАІ і таксама ўпэўнена, што галоўны іх козыр у прафілактыцы – жаданне знайсці агульную мову з «цяжкім» падлеткам і дапамагчы яму змяніцца.
– Службу інспектара ІСН не назавеш кабінетнай. Яна патрабуе і крэатыўнасці, знаходлівасці, вялікай адказнасці. Гэтымі якасцямі ў поўнай меры валодаюць нашы інспектары Анастасія Карпік і Валерыя Ціхановіч, – падкрэслівае начальнік РАУС Дзяніс Майсеня.

