Творчая маёўка. Падведзены вынікі абласнога творчага спаборніцтва сярод рэдакцый абласных, аб’яднаных, гарадскіх і раённых газет, тэлебачання і радыё, прафесійных журналістаў

Падвядзенне вынікаў абласнога творчага спаборніцтва сярод рэдакцый абласных, аб’яднаных, гарадскіх і раённых газет, тэлебачання і радыё, прафесійных журналістаў штогод становіцца сапраўдным святам для прадстаўнікоў СМІ Брэстчыны. Сёлетні фестываль прэсы асаблівы, бо праводзіцца напярэдадні слаўнай даты – 70-годдзя Вялікай Перамогі. Сімвалічна, што пачаліся ўрачыстасці ў мінулы панядзелак у свяшчэнным для кожнага беларуса месцы – Брэсцкай крэпасці-героі. Журналісты ўсклалі вянкі і кветкі да мемарыяла і хвілінай маўчання ўшанавалі памяць загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны. У цішыні прагучаў верш-рэквіем у выкананні аўтара, берасцейскага паэта Георгія Тамашэвіча. Старшыня ветэранскай арганізацыі вобласці Сцяпан Амялюсік прэзентаваў кнігу “Гераічная Брэстчына”.

Далей журналісцкае свята перамясцілася ў будынак абласной філармоніі. Усе запрошаныя змаглі азнаёміцца з работамі, прадстаўленымі на конкурс. Сёлета, дарэчы, іх была рэкордная колькасць – каля 200.

З надыходзячымі прафесійнымі святамі і перамогамі ў творчым спаборніцтве прадстаўнікоў СМІ шчыра павіншаваў намеснік старшыні аблвыканкама Леанід Цупрык. Леанід Аляксандравіч і начальнік Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Аляксандр Мурашкін уручылі дыпломы пераможцаў (усяго 47) у разнастайных намінацыях. Не засталіся без узнагарод і ляхавіцкія газетчыкі. Дыплом пераможцы абласнога спаборніцтва ў намінацыі “Лепшы нарыс “Наш сучаснік” атрымала галоўны рэдактар “ЛВ” Вольга Барадзіна. Вельмі прыемна, што работа ўсяго калектыву ”ЛВ” адзначана прадстаўніцтвам Нацыянальнага алімпійскага камітэта ў Брэсцкай вобласці. Яго старшыня Леанід Цупрык уручыў галоўнаму рэдактару нашай раёнкі Ганаровую грамату і падарункі за перамогу ў конкурсе на лепшае асвятленне алімпійскай тэматыкі ў 2014 годзе сярод друкаваных і электронных СМІ Брэсцкай вобласці.

Менавіта з віншаванняў журналістаў з перамогамі ў абласным спаборніцтве і надыходзячымі святамі пачаў прэс-канферэнцыю старшыня абласнога выканаўчага камітэта Анатолій Ліс, які падкрэсліў, што журналіст павінен даваць аб’ектыўную інфармацыю, разумець і несці адказнасць за яе праўдзівасць.

Са шматлікімі актуальнымі пытаннямі, якія датычацца розных галін эканомікі і сацыяльнай сферы, да губернатара Брэстчыны падчас дыялогу звярнуліся прадстаўнікі раённых і абласных газет, тэле і- радыёкампаній.

Падводзячы вынікі месячніка па навядзенні парадку на зямлі, Анатолій Ліс падкрэсліў: “Гэта не разавая акцыя. Месячнік завершаны, але работы па добраўпарадкаванні і навядзенні чысціні прадаўжаюцца. Тэрыторыя вобласці – транзітная, таму неабходна стварыць такія ўмовы, навесці такі парадак, каб Брэстчына была прывабнай і для турыстаў, і для інвестараў”.

Многія пытанні датычыліся экана-мічнага развіцця вобласці і асобных яе раёнаў. Губернатар сярод станоўчых прыкладаў назваў паспяховае развіццё аграпрамысловага комплексу. Брэстчына займае другое месца ў краіне па вытворчасці малака (пасля Мінскай) і па надоях на карову (пасля Гродзенскай). За апошнія 5 гадоў на Брэстчыне пабудавана 66 новых малочнатаварных фермаў, 258 рэканструявана. Сёлета плануецца пабудаваць 16 і рэканструяваць 27 МТФ. Асноўнымі задачамі для жывёлагадоўлі старшыня аблвыканкама назваў павелічэнне прадукцыйнасці працы, паляпшэнне якасці прадукцыі і строгае захаванне тэхналагічнага працэсу. Кіраўнік вобласці спыніўся і на перспектывах раслінаводства.

Дакладна і дэталёва Анатолій Ліс прааналізаваў асноўныя накірункі ў развіцці эканомікі. У першую чаргу, звярнуў увагу на неабходнасць выпуску якаснай і канкурэнтаздольнай прадукцыі, якая не залежваецца на складах, запатрабавана не толькі сярод айчынных спажыўцоў, але і замежных. “Зразумела, асноўны экспарцёр тавараў, выпускаемых прадпрыемствамі Брэстчыны, – рэгіёны Расіі. Але трэба шукаць і іншыя рынкі збыту”, – зазначыў Анатолій Васільевіч.

У цэнтры ўвагі кіраўніка вобласці апынуліся і актуальныя пытанні занятасці насельніцтва, своечасовай выплаты заработнай платы.

Таксама на прэс-канферэнцыі ўздымаліся тэмы будаўніцтва сацыяльных аб’ектаў, аптымізацыі вышэйшых навучальных устаноў, развіцця аграгарадкоў і вёсак, стварэння гарадоў-спадарожнікаў і іншыя.

Гаворачы пра штогадовы абласны конкурс сярод рэдакцый СМІ, старшыня аблвыканкама адзначыў, што, традыцыя яго правядзення прадоўжыцца, а асноўнымі задачамі застанецца садзейнічанне творчаму росту і прафесійнаму майстэрству журналістаў.

Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *