Па зялёнай траве-мураве. У Ляхавіцкім раёне пачаўся адзін з адказнейшых перыядаў у жывёлагадоўлі – пашавы

Пачаўся адзін з адказнейшых перыядаў у жывёлагадоўлі – пашавы. Іменна цяпер грамадскі статак павінен паказаць сваю найвышэйшую прадукцыйнасць і як мага больш папоўніць бюджэт гаспадарак. Пашавы перыяд – гэта яшчэ магчымасць адрамантаваць, рэканструяваць, правесці санітарныя мерапрыемствы ў памяшканнях, дзе ўтрымліваецца жывёла. А ветэрынарна-заатэхнічная служба ўшчыльную зоймецца вырашэннем пытанняў фарміравання высокапрадукцыйнага статка.

Сёлета на пашу раёна выйшла 39 гуртоў кароў, у якіх налічваецца 6800 рагуляў, плюс 662 цялушкі, прызначаныя для аднаўлення статка, раздзелены на 3 гурты. Цялушак выпасаюць толькі ў СВК “Востраў-Агра” і “Ліпнянка”, дзе закончыліся зімовыя прыпасы кармоў.

Хоць грамадскі статак і выйшаў на пашу, гэта не ва ўсіх выпадках азначае, што праблемы з кармамі закончыліся. Для таго, каб удосталь забяспечыць пагалоўе зялёнай масай, патрэбна мець для кожнай рагулі па 50 сотак травастою. У цэлым, сельгаспрадпрыемствы раёна прытрымліваюцца такой рэкамендацыі. Але з кожных 50 сотак прыкладна толькі 7 перазалужаны сёлета, астатнія ўяўляюць сабой або натуральны травастой, або пашу, перазалужаную 5 і больш гадоў таму — шматкампанентнай яе ўжо не назавеш. Па інфармацыі намесніка начальніка райсельгасхарчу па жывёлагадоўлі Максіма Гульковіча, больш паловы такіх угоддзяў у СВК “Жарабковічы”, “Тальмінавічы”, “Ліпнянка”, “Востраў-Агра”, ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс”. Таму пра багаты травастой пакуль размовы няма. Да таго ж, як адзначаюць спецыялісты райсельгасхарчу, сёлета вясна спазнілася прыкладна на 2 тыдні ў параўнанні з мінулым годам, што таксама адмоўна паўплывала на рост траў: нават на перазалужаных і падкормленых угоддзях яны намнога бяднейшыя. У многіх сельгаспрадпрыемствах (напрыклад, “Шлях новы”, “Нача”, райаграсэрвіс, аграрны каледж) прадбачліва пасеялі азімае жыта на зялены корм.

Сёлета на добрую пашу — перазалужаную і падкормленую азотам — выйшлі статкі ў СВК “Ляхавіцкі”, “Шлях новы”, ДП “Нача”, ЗАТ “Белпрампрыбор”. Дарэчы, у гэтых сельгаспрадпрыемствах на кантролі і іншыя пытанні: усе пашы забяспечаны электрапастухамі, замацаваны транспарт для падвозкі вады да кожнага гурта, маюцца пастухі. Распрацаваны меры маральнага і матэрыяльнага заахвочвання, у якіх улічаны і рэкамендацыі райсельгасхарчу – браць за аснову колькасць і якасць атрыманай прадукцыі. Зразумела, што на першым этапе пашавага перыяду жывёле недастаткова толькі зялёнай масы, таму ў большасці гаспадарак каровы атрымліваюць канцэнтраты перад выхадам на пашу і ў канцы дня.

Паша размяшчаецца непадалёку ад фермаў, таму на ноч жывёла вяртаецца ў свае стойлы. Сёлета выключэнне складае толькі гурт у 200 кароў у “Начы”, які кругласутачна ўтрымліваецца на адгоннай пашы. Як адзначае Максім Гульковіч, пачатак пашавага перыяду з’яўляецца стрэсам для жывёлы і, зразумела ж, адбіваецца на надоях. Аднак ужо за мінулы тыдзень кожная рагуля грамадскага статка раёна прыбавіла малака на 250 грамаў (штодзень на адну карову надойваюць па 13,3 літра малака, як і летась у гэты ж перыяд). На 29 красавіка таварнасць прадукцыі складала 92,4 працэнта, з пачатку года – 90,8 працэнта. Пакуль што на ўзроўні мінулага года трымаюцца і якасныя паказчыкі: 36 працэнтаў ад здадзенага – гатунак экстра і 50 працэнтаў – вышэйшы.

Сёлета перад жывёлаводамі раёна пастаўлена задача павялічыць рост валавой прадукцыі на 10 працэнтаў. Каб выканаць яе, давядзецца прыкласці максімум намаганняў усіх падраздзяленняў вытворчасці. Як запэўнівае намеснік начальніка райсельгасхарчу, планы ўпаўне рэальныя. За першы квартал года надоена малака на 9,3 працэнта больш, як летась. Наперадзе перыяд вялікага малака. Застаецца толькі трымаць пад кантролем усе арганізацыйныя моманты, нават тыя, якія, на першы погляд, могуць паказацца не вельмі значнымі: захаванне рэжыму выпасу статка, падкошванне пашы, наяўнасць вады, солі, мелу. Важна, каб і людзі, якія будуць працаваць са статкам, адносіліся да работы добрасумленна і зацікаўлена.

Аліна ЛАПІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *