Тут усё роднае і блізкае сэрцу. На мінулых выхадных малітва за Беларусь гучала ў храмах Ляхавіцкага раёна

На мінулых выхадных малітва за Беларусь гучала ў храмах Ляхавіцкага раёна, якія сталі кропкамі-прыпынкамі на патрыятычным маршруце «Па святынях ляхавіцкай зямлі».
І гэта так сімвалічна ў Год  народнага адзінства. Сярод удзельнікаў аўтапрабегу – наш зямляк Дзмітрый Багушэвіч з сыночкамі (на здымку).

… Я люблю Беларусь, яна адзіная і непаўторная, ёй лёсам наканавана быць моцнай і незалежнай. Краіна, якая здолела ў самыя складаныя часы зноў стаць на перадавыя рэйкі і даказаць усёй постсавецкай прасторы, што беларускі эканамічны (ды і не толькі) цуд існуе. Сёння мы ганарымся, што на нашых землях мірна жывуць прадстаўнікі розных канфесій – і гэта вялікае дасягненне. А нашы храмы заварожваюць сваёй прыгажосцю, архітэктурай, кранаюць гісторыяй свайго станаўлення і будаўніцтва, людзьмі, якія аддалі шмат і працягваюць рабіць усё, каб сёння кожны мог прыйсці ў царкву ці касцёл, памаліцца, знайсці сілы і падтрымку ў складаныя часы, падзякаваць Усявышняму, просто застацца адзін на адзін з сабой…

Аўтапрабег, нягледзячы на даволі ранні старт, сабраў больш за 150 нераўнадушных землякоў. Адпраўляліся, як належыць, з песнямі ад салістаў ГДК, са шчырымі прывітаннямі, сяброўскімі пажаданнямі – усё ж яшчэ і пярэдадзень самага пяшчотнага сакавіцкага свята. Упрыгожаныя беларускай сімволікай аўтамабілі пракаціліся па гарадскіх і вясковых вуліцах – так ляхавічане выказвалі сваю грамадзянскую пазіцыю. Толькі ў адзінстве думак, спраў, памкненняў можна вырашыць любы канфлікт, справіцца з  любой праблемай.
Касцёл Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса і храм Узвіжання Крыжа Гасподняга ў Ляхавічах, храм Свяціцеля Мікалая Цуда-
творца і касцёл Успення Божай Маці ў Дараве – маршрут пракладзены. Менавіта ў гэтых храмах удзельнікі аўтапрабегу агучылі свае пажаданні аб міры і спакоі на беларускай зямлі, еднасці народа. Незалежна ад веравызнання, шчыра, цёпла, ад усяго сэрца – словы пра Радзіму заўсёды самыя пяшчотныя.
Ініцыятарам аўтрапрабегу стала актыўная моладзь. Райкам БРСМ прапанаваў, нераўнадушныя землякі падтрымалі і дадалі яшчэ адну важную гістарычную кропку на гэтым маршруце – помнік воінам, загінулым у Вялікую Айчынную вайну.


– Аўтапрабегі за адзінства Беларусі сталі сапраўдным брэндам беларускіх патрыётаў. Сёння аўтапрабегі – гэта ўжо штосьці большае, мяняюцца маштабы. Наш маршрут па святынях Ляхавіччыны зацікавіў землякоў. Незалежна ад канфесіі, людзі з задавальненнем наведалі і цэрквы, і касцелы, памаліліся за любімую Беларусь, за свае сем’і. Запаліць свечку – гэта нешта асаблівае, менавіта ў гэтыя хвіліны гучаць самыя чыстыя словы з самай глыбіні сэрца, – адзначае першы сакратар райкама БРСМ Яўгеній Сініла.
…Ганаровы каравул ад піянераў на брацкай магіле ў Дараве, радкі з песні «Тут усё роднае і блізкае сэрцу» ад «Берагіні», вакол людзі – светлыя, з усмешкамі і найлепшымі памкненнямі – вось яна наша радзіма.
Ад ляхавіцкай моладзі слова трымаў настаўнік СШ № 2 Віталій Толкач. Сімвалічны глобус аўтапрабегу баранавіцкай моладзі перадаў Яўгеній Сініла.
Кветкі і хвіліна маўчання – даніна памяці тым, хто загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны, людзям, якім мы абавязаны адплаціць шчаслівым жыццём у мірнай квітнеючай краіне.

Маргарыта КУХТА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Дзмітрый Багушэвіч, старшыня Конькаўскага сельвыканкама:
– Прымаючы ўдзел у аўтапрабегу, тым больш па святынях Ляхавіччыны, мы паказваем сваю грамадзянскую пазіцыю. Мы любім сваю краіну, ганарымся нашай незалежнай рэспублікай, і нам, беларусам, неабыякавы яе лёс. У гэты раз я прымаю ўдзел разам са сваімі сыночкамі – патрыётамі Беларусі. Яны яшчэ маленькія, але ведаюць дакладна, што любімую краіну трэба шанаваць, любіць і памятаць яе герояў. Сёння мы праедземся і па месцах баявой славы, а, значыць, мае хлопчыкі чарговы раз убачаць той гістарычны падмурак, які дазволіў нам сёння жыць шчасліва.

Віталій Толкач, настаўнік СШ № 2:
– Аўтапрабег для моладзі – важны прыклад. Сёння наша задача – зберагчы культурна-гістарычную спадчыну і перадаць маладому пакаленню, якое будзе пісаць далейшую гісторыю Беларусі. Мы павінны заўсёды помніць і разумець, што ніхто, акрамя нас, беларусаў, не будзе зацікаўлены ў захаванні нашай спадчыны, вывучэнні нашай гісторыі. Аўтапрабег – гэта сімвал нашага адзінства, незалежнасці, прыклад, як можна любіць сваю малую радзіму, сваю Беларусь.