Адкрыта! Будзе спорт. У Ляхавіцкім аграрным каледжы ўрачыста адкрылі абноўленую спартыўную залу

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Як паведамляў «ЛВ», 4 сакавіка ў Ляхавіцкім аграрным каледжы ўрачыста адкрылі абноўленую спартыўную залу. Сярод ганаровых гасцей – рэктар Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта доктар сельскагаспадарчых навук, прафесар Васілій Качурка. Разам з віншаваннямі ён пажадаў навучэнцам і выкладчыкам дасягнення новых спартыўных вышынь.

– Прэзідэнт Беларусі падкрэслівае важнасць развіцця спорту. Спорт – гэта аснова здароўя нацыі. Будучае краіны за моладдзю, адзначае Кіраўнік дзяржавы. Таму такая ўвага стварэнню ўмоў для яе навучання і развіцця. Ад вас, юнакі і дзяўчаты, патрабуецца быць сапраўднымі патрыётамі нашай краіны і беражліва адносіцца да ўсяго, што для вас робіцца, – дадаў Васілій Качурка.
Дырэктар ЛАКа Алена Абарава шчыра дзякавала Міністэрству адукацыі, універсітэту і асабіста рэктару БарДУ Васілію Качурку за спартыўную абноўку.
– Рамонт залы пачаўся ў 2018 годзе, у гэты час заняткі фізкультурай праходзілі на вуліцы. У спартыўнай зале цёпла і прадуманы ўсе неабходныя моманты. У такіх цудоўных умовах спартыўныя таленты нашых навучэнцаў раскрыюцца спаўна, – адзначыла Алена Абарава.
На абнаўленне спартзалы за чатыры гады Міністэрства адукацыі выдаткавала больш за 215 тысяч рублёў.
У 2018 і 2019 гадах зроблены капітальны рамонт з мадэрнізацыяй першага і другога пускавых комплексаў. Летась устаўноўлены новыя пластыкавыя  вокны, на якіх з’явілася загараджальная сценка, заменены падлога і дзверы ў падсобных памяшканнях. Апошнія штрыхі, сярод якіх афарбоўка сцен, зроблены сёлета.
Перарэзана сімвалічная чырвоная стужка – дадзены старт заняткам і спартыўным спаборніцтвам. Тэсціравала залу спартландыя, што прайшла паміж камандамі груп 11 «З», 11 «В» і 11 «А». Навучэнцы з запалам вялі баскетбольны мяч, скакалі на мячы і ў мяшку, бегалі ў абручы і г. д. Журы падвяло вынікі: перамога за «аграномамі», на другім месцы «ветэрынары», «бронза» ў «заатэхнікаў». Удзельнікі спартландыі паставілі спартабноўцы ацэнку «выдатна».

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.