Масленіцу чакалі, вясну віталі. У Ляхавічах «Гукалі вясну»

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Запрашэнне на традыцыйнае народнае гулянне – «Гуканне вясны» – ляхавічане і госці раёна пачалі атрымліваць яшчэ задоўга да яго пачатку. Зазывалы-вестуны праз мікрафоны, выведзеныя на плошчу Леніна, штодня расказвалі праграму мерапрыемства, абяцалі разнастайныя сюрпрызы і прыемныя моманты, мноства падарункаў.

А ў мінулую нядзелю ні халодны вецер, ні дробны сняжок не перашкодзілі шматлікім прыхільнікам адпачынку разам сабрацца на стадыёне «Колас» на «Гуканне вясны». Прыўзняты настрой, гумар, усмешкі – весела было ў гэты дзень і дарослым, і дзецям. Конкурсы, гульні, віктарыны, спартыўныя спаборніцтвы, забавы – на розны густ. Самыя вясёлыя спявалі прыпеўкі, танцавалі, эрудыраваныя адгадвалі загадкі, смелыя і спрытныя высвятлялі мацнейшага, удзельнічалі ў спартыўных і гумарыстычных конкурсах.
Другі год запар бясспрэчны хіт гуляння «Гуканне вясны» – дэфіле самаробных роставых лялек-масленіц аўтарства культработнікаў раёна. Гледачы былі ў захапленні, а журы – у роспачы, бо трэба было выбіраць з яскравых прэтэндэнтак на перамогу самую-самую. Найбольш пакарыла журы імправізаваная прыгажуня з Дараўскага СДК. На другім і трэцім месцах лялькі са Свяціцкага і Ураджайнінскага СДК.
Што ж за Масленіца без бліноў! Іх на сёлетнім свяце было ўдосталь. Вось гэта кулінарнае майстэрства – так са смакам можна сказаць пра блінную прэзентацыю ад пастаянных наведвальнікаў аддзялення дзённага знахо-
джання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН.
Каля самай што ні ёсць бліннай экспазіцыі нельга не спыніцца. Якіх толькі начынак няма: тварог, грыбы, каўбаса, ікра, яблыкі і г. д. Такой цуда-смакаты напякла-накулінарыла вадзіцель ААТ «Жарабковічы» Наталля Балашова.
Славіцца Ляхавіччына не толькі творчымі землякамі, але і дужымі, спрытнымі і адважнымі – сапраўднымі асілкамі. Вось і на Масленіцу сілай мераліся нашы мужчыны. У падняцці гіры ў сваіх катэгорыях роўных не было прадстаўніку каманды аддзела па адукацыі райвыканкама Дзмітрыю Кудзіновічу і работніку Мядзведзіцкага лясніцтва Аляксандру Плескацэвічу.
А вось у перацягванні каната першынство за дружынай РАНС. Была яшчэ і спартландыя з гумарыстычным ухілам, дзе кожны конкурс быў весялейшым за папярэдні. У такім турніры феерылі зборныя Русінавіцкага і Свяціцкага фізкультурна-аздараўленчых клубаў. Канешне, не спорт высокіх дасягненняў, але па азарце, папулярнасці, вытрымцы і жаданні паспрабаваць свае сілы і спрыт атракцыён «залезь на слуп» – адзін з самых запамінальных і заўжды чаканых. Вось і ў мінулую нядзелю жадаючых паспрабаваць дастаць з вышыні прыз было нямала. Аднаму з першых пашанцавала студэнту БНТУ Паўлу Новіку.
Як заўсёды, парадавалі работамі народныя ўмельцы Ляхавіччыны. Удзельнікі мастацкай самадзейнасці з гарадскіх і сельскіх устаноў культуры радавалі сваёй творчасцю гасцей. Што ні выступленне, то супернумар і апладысменты гледачоў.
– Вельмі рады, што, нягледзячы на такое ветранае надвор’е, выбраліся сям’ёй на свята. Нам з мужам і дзецям падабаецца ўсё: цікава, весела. Тое-сёе купілі. Такі адпачынак, бясспрэчна, патрэбны, – адзначае ляхавічанка Надзея Карповіч.
А яшчэ ўсе з задавальненнем частаваліся разнастайнымі прысмакамі ад Ляхавіцкага райпо, удзельнічалі ў бяспройгрышнай латарэі.
Пад галоўны акорд гуляння – спальванне «зімы» – ляхавічане хораша запрасілі прыгажуню-вясну: «Прыходзь, цяпло, хутчэй!».

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.