Пакупкі міма касы. За дробны крадзеж, у тым ліку ў магазіне, можна атрымаць не толькі немалы штраф, але і пляму на біяграфіі

Большасць грамадзян, адпраўляючыся ў краму, правярае змест кашалька. Але ёсць і такія, хто ходзіць па пакупкі… без грошай. Адзін з самых распаўсюджаных спосабаў крадзяжу – крадзеж у краме. Часцей становяцца ахвярамі магазінных злодзеяў гандлёвыя ўстановы, якія працуюць па сістэме самаабслугоўвання. У такіх асоб нават ёсць сучасная назва – шопліфцеры. Гучыць, вядома, прыемней і нават рэспектабельна, чым проста злодзей. Але за такой назвай хаваецца адміністрацыйнае правапарушэнне, за якое прадугледжана пакаранне.

– Летась па артыкуле 10.5 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях (дробны крадзеж) супрацоўнікі Ляхавіцкага РАУСі Баранавіцкага аддзела дэпартамента аховы МУС склалі 112 адміністрацыйных пратаколаў. За два месяцы бягучага года – 30 адміністрацыйных пратаколаў, большая частка за крадзеж у магазінах, – гаворыць начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Віталій Дабрачынскі.

Часцей за ўсё прынадай для злодзеяў становіцца алкаголь, папулярныя таксама хлебабулачныя вырабы, мясныя прадукты. Супрацоўнікі міліцыі склалі прыкладны «партрэт» магазіннага злодзея. Часцей за ўсё падобныя злачынствы ўчыняюць мужчыны ва ўзросце ад 20 да 50 гадоў, якія злоўжываюць алкаголем, нідзе не працуюць.

Таксама, па словах Віталія Дабрачынскага, у мінулым годзе было некалькі выпадкаў, калі правапарушэнне ўчынялі жыхары Баранавічаў з наркатычнай залежнасцю, якія спецыяльна прыязджалі ў наш горад. «Палявалі» яны за элітным алкаголем, каб потым прадаць. Прычым пакаранне не змагло пазбавіць іх ад цягі да крадзяжу. Былі выпадкі, калі ў ляхавіцкія магазіны за нажывай яны вярталіся паўторна. На крадзяжах некалькі разоў пападаліся і падлеткі, якія спрабавалі выйсці з крамы, не разлічыўшыся за ласункі.

Як расказалі ў магазіне «Верас», апошні выпадак спробы крадзяжу прадуктаў у іх адбыўся каля паўгода назад. За залай вядзецца відэаназіранне, таксама на падазроных пакупнікоў звяртаюць увагу супрацоўнікі магазіна.

З нядаўняга часу ў магазіне «Усходні» можна сустрэць аб’яву пра тое, што да адміністрацыйнай адказнасці быў прыцягнуты пакупнік, які «забыўся» разлічыцца за пакупку.

– У кожнай гандлёвай зале ўстаноўлена відэаназіранне. Да таго ж, у нас працуе вопытны і прафесійны калектыў, які звяртае ўвагу на неадэкватныя паводзіны некаторых пакупнікоў. Калі чалавек пастаянна азіраецца, сочыць за супрацоўнікамі магазіна, магчыма, гэта нагода насцярожыцца. Звычайнае тлумачэнне, якое мы чуем ад людзей, злоўленых з доказамі злачынства, – забыўся разлічыцца за пакупку, – гаворыць намеснік дырэктара гандлёвага дома «Уладзімір» Людміла Радзюк.

Разнастайныя крэмы, шампуні, гелі для душа, памады, тушы для павекаў… Ад асартыменту касметычных магазінаў разбягаюцца вочы. На жаль, не толькі ў пакупнікоў, але і ў злодзеяў.

– Выпадкі крадзяжу ў нас здараюцца, нягледзячы на камеры і назіранне за заламі работнікаў. Часцей за ўсё пра факты крадзяжу мы даведваемся пасля перагляду запісаў з камер, пасля чаго выклікаем міліцыю, – гаворыць загадчык магазіна «Востраў чысціні і смаку» Сяргей Буйко.

Тут выносяць часцей за ўсё алкаголь, прычым, як адзначае загадчык, дарагі. Таксама ў топе парфума.

– Бяруць з прылаўка ваду, кладуць у карзіну, выходзяць у суседнюю залу і імкнуцца непрыкметна яе перакласці сабе ў кішэню. Таксама былі выпадкі, калі крэм даставалі з упакоўкі. Крэм – сабе ў кішэню, ўпакоўку – назад на паліцы. Прыцягваюць увагу падлеткі, якія прыходзяць у краму парамі, з рукзаком. Пакуль адзін назірае за прадаўцамі, другі ў рукзак складае алкаголь, – гаворыць Сяргей Буйкевіч.

Дарэчы, на магазінных крадзяжах пападаюцца не толькі мужчыны…

У перыяд пандэміі і масачнага рэжыму раскрыццё падобных злачынстваў ускладняецца тым, што ў краму людзі прыходзяць у масках і апазнаць іх бывае складана. Але не варта разлічваць, што маска дазволіць застацца беспакараным. Віталій Дабрачынскі нагадвае, што за падобнае злачынства прадугледжаны штраф ад трох да 30 базавых велічынь, грамадскія работы або адміністрацыйны арышт.

Ірына КУЗЬМІЧ.