Прыём вядзе доктар Васілько
Не проста марыла, а асэнсавана выбрала і мэтанакіравана, крок за крокам дасягала мэты, пастаўленай перад сабой у старэйшых класах.
Так, вучаніца Мядзведзіцкай сярэдняй школы Вольга Емяльянчык, у якой самым любімым вучэбным прадметам была біялогія, вырашыла стаць дыпламаваным урачом. І вось яна ўжо студэнтка лячэбнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта…

Неўпрыкмет праляцелі гады вучобы, і ў 2015 годзе Вольга з прозвішчам мужа – Васілько – вярнулася на родную Ляхавіччыну, каб праходзіць інтэрнатуру ў тутэйшай райбальніцы.
– Гэта была выдатная практыка – увод у прафесію. Разам з іншымі інтэрнамі-тэрапеўтамі спасцігалі азы майстэрства, набіраліся вопыту ў розных падраздзяленнях райбальніцы, дзе нашымі настаўнікамі, праваднікамі ў прафесію былі вопытныя калегі-медыкі Аксана Вечар, Аліна Курловіч, Валянціна Аўдзей, Ніна Таранда. Тады я яшчэ больш упэўнілася ў правільнасці свайго выбару. І сёння з гонарам магу сказаць, што я першы медык у нашай сям’і. Але ўжо маю і паслядоўнікаў – мая стрыечная сястра падхапіла эстафету – яна ўрач агульнай практыкі, – адзначае ўрачінфекцыяніст, загадчык інфекцыйнага аддзялення УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ» Вольга Васілько.
Першым самастойным працоўным месцам маладога спецыяліста стала паліклініка ў Ляхавічах, дзе ўдасканальвалася ў прафесіі ўрача агульнай практыкі. Вольга Васілько адзначае, што большасць жыхароў яе колішняга ўчастка – дысцыплінаваныя і адказныя пацыенты, якія думалі пра сваё здароўе, выконвалі ўрачэбныя
рэкамендацыі. І нават цяпер час ад часу звяртаюцца да яе за парадамі, кансультацыямі.
– На жаль, сярод пацыентаў нямала такіх, хто знаходзіцца пад нездаровым уздзеяннем інтэрнэту – самі ставяць дыягназ, самі прызначаюць лячэнне і даводзяць сябе іншы раз да плачэўнага стану. Таму параю ўсім: клапаціцеся пра сваё здароўе, не займайцеся самалячэннем, выконвайце рэкамендацыі ўрача. Бо толькі
разам, аб’яднаўшы намаганні, урач і пацыент дадуць надзейны адпор хваробе, – упэўнена Вольга Васілько.
Не толькі праверкай на вытрымку, экзаменам на прафесіяналізм, але і сапраўднай школай жыцця для Вольгі і многіх яе калег стаў перыяд, калі бушаваў каранавірус.
– Адміністрацыя райбальніцы прапанавала ўвайсці ў склад кавіднай брыгады. Не скажу, што было лёгка, а вось паніка адсутнічала. Разумела: шанц заразіцца новай інфекцыяй вялікі, таму прымала ўсе неабходныя меры прафілактыкі. Але кавід не абышоў і мяне, праўда, перахварэла ў лёгкай форме. За паўтара года каранавіруснага перыяду вяла амбулаторны прыём у «чырвонай зоне» паліклінікі, дзяжурыла ў стацыянары бальніцы, выязджала ў складзе кавіднай брыгады да амбулаторных хворых. Былі дні, калі за змену наведвалі больш за 40 чалавек. Нягледзячы на разнастайныя цяжкасці, атрымалі каштоўны вопыт, як змагацца з такой маштабнай эпідэміяй, – успамінае Вольга Васілько.
Ёй падабалася быць урачом агульнай практыкі, бо гэта спецыяльнасць універсальная, трэба валодаць навыкамі лор-урача, хірурга, афтальмолага, неўролага і г. д. А потым атрымалася спраўдзіць юнацкую мару стаць урачом-інфекцыяністам.
З таго часу прайшло амаль два гады.
– Надзвычай рада, што мне даверылі такі адказны напрамак работы. Зараз працую ў аддзяленні і вяду амбулаторны прыём як урач-інфекцыяніст. Даводзіцца працаваць з рознымі пацыентамі і рознымі хваробамі – ад барэліёзу і гепатыту да ВІЧ. Што тычыцца інфекцыйнага аддзялення райбальніцы, то тут – камандная работа усіх 28 работнікаў. Самае складанае ў тым, што ў стацыянар паступаюць пацыенты з хваробай у вострай стадыі, і трэба як мага хутчэй спыніць запаленчы працэс. Ад гэтага ў прамым сэнсе можа залежаць жыццё чалавека. У аддзяленні падабраліся сапраўдныя знаўцы сваёй справы, да таго ж чулыя, добразычлівыя і ўважлівыя людзі. Мая правая рука, памочнік, арганізатар, вопытны медработнік – старшая медсястра Алена Бяліцкая, – гаворыць Вольга Васілько. А яшчэ яна з павагай і пашанай узгадвае пра сваіх калег – намесніка галоўнага ўрача Руслана Курыловіча, загадчыка тэрапеўтычнага аддзялення Алега Арлоўскага, галоўную медсястру Алу Туркіну, да якіх заўжды можна звярнуцца за кампетэнтнай парадай, яны абавязкова падкажуць і дапамогуць.
Неаднойчы ў адрас урача Вольгі Васілько гучаць словы падзякі ад пацыентаў за прафесіяналізм і шчырыя адносіны, уменне спагадаць і сардэчнасць, ад кіраўніцтва райбальніцы – за вернасць і адданасць прафесіі, ад калег – за падтрымку і шчырасць.
Напярэдадні прафесійнага свята Вольга Васілько жадае ўсім медыкам здароўя, цярпення, прафесійнага росту і ўдачы ва ўсіх пачынаннях.




