Смачна есці і будзьце здаровыя. Сярод прадстаўнікоў сярэдняга і малодшага медыцынскага персаналу Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бальніцы і дыетсястра

У гэтыя чэрвеньскія дні віншаванні з Днём медыка атрымліваюць больш за 500 прадстаўнікоў сярэдняга і малодшага медыцынскага персаналу розных падраздзяленняў Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бальніцы. Адна з іх – дыетсястра Алена Ракуць.

– У дзяцінстве я часта хварэла, і мама заўжды гаварыла, што трэба вучыцца на медыка, каб і сябе лячыць, і другім дапамагаць. Паступіла ў медвучылішча. За час працы неаднойчы пераканалася, што медыцына – гэта сапраўды маё. Бабуля называла мяне «наша дакторка». Для мяне медработнік – гэта стан душы, гэта патрэба дапамагаць людзям, калі ў іх праблемы са здароўем. Люблю прафесію, мне камфортна ў калектыве, дзе працую, – гаворыць Алена Ракуць.
За амаль 40-гадовы медыцынскі стаж Алена Ракуць прайшла розныя прафесійныя прыступкі. Пачынала ў 1986 годзе з акушэркі на адным з фельчарска-акушэрскіх пунктаў Маларыцкага раёна, куды маладога спецыяліста размеркавалі на першае працоўнае месца. А з 1989 года працоўная біяграфія звязана з Ляхавіччынай. Медыцынская сястра дзіцячага сада № 2, потым медсястра ў розных аддзяленнях бальніцы, Альхоўскай урачэбнай амбулаторыі, апошнія пяць гадоў – медсястра-дыетолаг – такі паслужны спіс мае медсястра першай кваліфікацыйнай катэгорыі Алена Ракуць. Як сама адзначае, на кожным месцы старалася працаваць дастойна, падтрымліваць
добрыя адносіны з калегамі, уважліва адносілася да пацыентаў.
– На кожным з участкаў, дзе працавала, свае асаблівасці. Каб усё атрымлівалася, лічу, галоўнае – добрасумленна выконваць свае абавязкі, удасканальвацца ў прафесіі, прыслухоўвацца да парад калег. Як медсястра-дыетолаг я ў адказе за харчаванне пацыентаў, якія знаходзяцца на лячэнні ў бальніцы: распрацоўваю меню, у тым ліку для дыет-сталоў, кантралюю закладку прадуктаў, выкананне санэпідрэжыму, сачу за якасцю прыгатавання страў і іншае, – расказвае Алена Ракуць.
Галоўная медсястра Ляхавіцкай ЦРБ Ала Туркіна характарызуе медсястру-дыетолага як добрасумленнага, адказнага, вопытнага спецыяліста, які ўмее працаваць у камандзе, заўжды гатова падтрымаць калег і падказаць, падбадзёрыць пацыентаў. Гэта якраз
прыклад таго, калі чалавек адбыўся ў прафесіі.