У цэнтры санітарнага кантролю. Размова пра калектыў Ляхавіцкага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі

Дзейнасць гэтых спецыялістаў не на паказ, але мае важнае значэнне ў забеспячэнні санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту насельніцтва, фарміраванні здаровага ладу жыцця і прапагандзе гігіенічных ведаў. Размова пра калектыў раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.

На Ляхавіччыне летась не зарэгістравана выпадкаў інфекцыйных захворванняў. Застаецца стабільнай сітуацыя з захворваннем
паветрана-кропельнымі інфекцыямі. Вынік  высокага ахопу прышчэпкамі дарослых і дзяцей – адсутнасць у раёне захворванняў дызентэрыяй, адром, слупняком, шаленствам і г. д. Усе паказчыкі дасягаюцца, у тым ліку, дзякуючы мэтанакіраванай працы спецыялістаў райЦГіЭ.

Сёння ў штаце санітарнай службы – 22 работнікі, і кожны заслугоўвае ўдзячнасці за сваю працу.
Дзейнасць спецыялістаў цэнтра шматгранная і з шырокім колам абавязкаў. Медыкі лечаць захворванні, а наша праца накіравана на іх прафілактыку, – падкрэслівае галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна Віталій Ціханаў.
У Год добраўпарадкавання і пяцігодку якасці райЦГіЭ асаблівую ўвагу надае стану тэрыторыі і вытворчых аб’ектаў, і прыватных домаўладанняў. Ва ўзаемадзеянні з іншымі службамі пастаянна маніторыць чысціню і парадак у райцэнтры і за яго межамі. У складзе такіх рэйдавых груп традыцыйна і памочнік урача-гігіеніста камунальнай гігіены Дана Багдановіч. У яе абавязках і кантроль за падрыхтоўкай зон адпачынку да купальнага сезона, якасцю пітной вады, рэалізацыяй прамысловай групы тавараў, іншае. Чалавек на сваім месцы, адзначае Віталій Ціханаў пра Дану Багдановіч. Менавіта ў райЦГіЭ пачынала маладым спецыялістам і незаўважна перайшла ў статус аўтарытэтных і вопытных. Яна дасканала ведае сваю работу і людзей, з якімі працуе. Акрамя прафесійнай дзейнасці паспяхова
спраўляецца з грамадскай – узначальвае прафсаюзную пярвічку цэнтра. Абаяльная і жыццярадасная, у той жа час прынцыповая і патрабавальная, памочнік урача-гігіеніста ўмее пераканаўча паўплываць на парушальнікаў санітарнага рэжыму. Напярэдадні прафесійнага свята за працоўныя дасягненні і шматгадовую працу Дана Багдановіч узнагароджана Падзячным пісьмом Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў.
Імунапрафілактыку ў райЦГіЭ курыруе памочнік урача-эпідэміёлага Леанарда Шынгель. За амаль 30 гадоў прафесійнага стажу яна заваявала аўтарытэт высокакваліфікаванага спецыяліста. У калектыве цэнтра з 2017 года, а да гэтага загадвала Дараўскім ФАПам, нейкі час працавала і медстатыстыкам у райбальніцы. Адказная і добрасумленная, да абавязкаў яна падыходзіць сур’ёзна і старанна. Пра такіх калег гавораць, што ім можна давяраць і з імі камфортна працаваць.
Важны ўчастак – гігіену працы – курыруе памочнік урача-гігіеніста Юрый Лімант, які працуе ў цеснай звязцы з сельскагаспадарчымі, прамысловымі, будаўнічымі прадпрыемствамі раёна. Дзякуючы сумеснай рабоце ведамстваў і арганізацый у раёне адзначаецца паляпшэнне санітарна-гігіенічнага стану працоўных месцаў. На асаблівым кантролі ў спецыяліста і праходжанне медагляду, іншае. Юрыя Іванавіча цяжка застаць у кабінеце. Асабліва напружаныя дні – падчас сяўбы і ўборачнай, калі ў цэнтры ўвагі не толькі ўмовы працы, але і якасць харчавання працаўнікоў. РайЦГіЭ – першае і адзінае месца працы Юрыя Ліманта пасля заканчэння Віцебскага медвучылішча. Віталій Ціханаў у адрас свайго калегі не шкадуе добрых слоў і заўважае, што ён у сваёй сферы – адзін з лепшых. Да прафесійнага свята Юрый Лімант узнагароджаны Ганаровай граматай галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача Брэсцкай вобласці. Леанарда Шынгель і галоўны бухгалтар цэнтра Марына Ненартовіч, якая 11 гадоў якасна, дакладна, ашчадна загадвае фінансамі райЦГіЭ, адзначаны Падзякай галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача Брэсцкай вобласці.
Прафесіянал сваёй справы – гэта і пра загадчыка гаспадарчай часткі Галіну Якубец, дзякуючы якой у цэнтры і вакол яго прыгожа і ўтульна. Па-майстарску яна спраўляецца і з абавязкамі, якія датычаць дэзынфекцыі аб’ектаў.
Пытанні прафілактыкі вядзе інструктар-валеолаг Наталля Юруць. Па выніках 2024 года за актыўны ўдзел у абласным конкурсе на лепшы дзяржаўны прафілактычны праект «Здаровыя гарады і пасёлкі Брэстчыны» дыпломам узнагароджаны праект «Ляхавічы – здаровы горад». І ў гэтым вялікая заслуга менавіта Наталлі Юруць.


– Здароўя, бадзёрасці і дабрабыту жадаю калегам і ўсім, для каго Дзень медработніка – прафесійнае свята. Няхай у сем’ях пануюць мір і ўзамаразуменне, а на працы спадарожнічаюць поспех і ўдача, – віншаванні адрасуе галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна Віталій Ціханаў.