У рытмах хуткай. Амаль 16 гадоў працуе фельчар аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі Ляхавіцкай ЦРБ

Дзяжурствы, выклікі, штодзённая неабходнасць прымаць хуткія
і правільныя рашэнні – і так дзень за днём, месяц за месяцам…
У такім напружаным рытме, які вытрымае далёка не кожны, працуе на працягу вось ужо амаль 16 гадоў фельчар аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі Ляхавіцкай ЦРБ Віктар Коктыш.
– Калі выбіраеш работу фельчара, трэба быць гатовым да самых розных, у тым ліку і экстрэмальных сітуацый, умець хутка знайсці выйсце і аказаць кваліфікаваную дапамогу. У нашай прафесіі неабходна пастаяннае самаўдасканаленне, трэба развівацца ў навыках, вучыцца ў больш вопытных калег. Лепш яшчэ раз спытаць, чым не ведаць, – адзначае Віктар Коктыш.
Фельчары хуткай дапамогі – сапраўды ўніверсальныя салдаты медыцыны. Яны заўжды ў поўнай гатоўнасці прыйсці, прыехаць па першым выкліку да таго, каму неабходна медыцынская дапамога, калі іншы раз лік ідзе, у прамым сэнсе, на хвіліны. Аказаць дапамогу пацыентам з вострымі прыступамі ці бытавымі траўмамі, выратаваць пацярпелага ў аварыі ці вярнуць да жыцця тапельца – на такой рабоце прамаруджванне каштуе жыцця.
За працоўную змену, якая доўжыцца 12 гадзін, брыгада хуткай можа сутыкнуцца з самымі рознымі хваробамі: інфаркты і інсульты, траўмы і апендыцыты, інфекцыйныя захворванні і абвастрэнні хранічных хвароб. Перад тым, як аператыўна адвезці пацыента ў стацыянар бальніцы, неабходна граматна і хутка аказаць яму першую медыцынскую дапамогу. Ёсць экстранныя выклікі, калі брыгада выязджае на працягу пяці хвілін. Ёсць і неадкладныя – на працягу гадзіны. Кожная брыгада гатова да любых задач: ад аказання дапамогі ў выпадку банальнай тэмпературы да складаных рэанімацыйных мерапрыемстваў. Вось чаму фельчары павінны валодаць не толькі трывалымі ведамі, але і пастаянна
адточваць практычныя навыкі. А яшчэ быць стрэсаўстойлівымі, мабільнымі, узаемазамяняльнымі і нават псіхолагамі. Гэта даволі складана – застацца адзін на адзін з пацыентам і яго праблемай…
З асаблівым энтузіязмам старшы фельчар Віктар Коктыш расказвае пра сваіх калег – калектыў аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі. А гэта ўрач – загадчык аддзялення Таццяна Несцяровіч, 24 выязныя фельчары, чатыры фельчары па прыёме выклікаў, 13 вадзіцеляў, дзве санітаркі. Многія маюць багаты вопыт работы ў медыцыне.
Радуе, што нялёгкую працу ў брыгадзе хуткай дапамогі выбіраюць і маладыя спецыялісты.
Віктар Коктыш у медыцынскай прафесіі амаль два дзесяцігоддзі. Пасля заканчэння Полацкага дзяржаўнага медыцынскага вучылішча па размеркаванні працаваў фельчарам участковай бальніцы на Віцебшчыне. А далей яго працоўная біяграфія непарыўна звязана з Ляхавіччынай: спачатку быў фельчарам Начаўскай урачэбнай амбулаторыі, потым перайшоў у аддзяленне хуткай медыцынскай дапамогі.
– Наша прафесія заўжды трымае ў тонусе, бо нясеш адказнасць за здароўе і жыццё іншага чалавека. Ты не маеш права на памылку, як і на абыякавасць. Менавіта адказнасці, уменню хутка арыентавацца ў сітуацыі, а таксама ўважлівасці, суперажыванню я вучыўся ў сваіх настанікаў – работнікаў аддзялення хуткай дапамогі, якія зараз на заслужаным адпачынку, – Тамары Лябедзіч, Марыны Пацко, Людмілы Жук, – гаворыць Віктар Коктыш.
Сярод галоўных задач старшага фельчара – забеспячэнне бесперабойнай работы аддзялення. А гэта значыць – зрабіць замену, калі калега ідзе ў водпуск ці на бальнічны, праверыць камплектацыю сумак і расход медыкаментаў, падрыхтаваць справаздачы, графікі, кантраляваць работу станцыі і яшчэ мноства іншых спраў. Віктар Коктыш падкрэслівае, што апошнім часам у аддзяленні хуткай медыцынскай дапамогі істотна абнавіўся новымі сучаснымі аўтамабілямі аўтапарк, папаўненне і ў медабсталяванні. А гэта, у сваю чаргу, станоўча ўплывае на якасць і хуткасць аказання медыцынскай дапамогі. А прафесіяналізм работнікаў «хуткай» пацвярджаецца на кожным выкліку.
Віктар Коктыш пяць гадоў на пасадзе старшага фельчара, але і сёння, каб не страціць кваліфікацыю, бярэ дзяжурствы і спяшаецца разам з калегамі на чарговы сігнал аб дапамозе, які паступае на
нумар 103.
– Хачу праз «Ляхавіцкі веснік» звярнуцца і да жыхароў раёна. Вельмі важна для кожнага навучыцца аказваць сама- і ўзаемадапамогу, бо неглыбока парэзаны палец можна забінтаваць і самастойна, а потым звярнуцца за меддапамогай, а не выклікаць «хуткую». Непрыемна ўсведамляць і тое, што брыгаду выклікаюць таму, што закончылася лякарства… На жаль, бываюць выпадкі, калі хуткая дапамога не паспявае аказаць сапраўды неадкладную дапамогу, бо прыехала па выкліку, дзе, напрыклад, у «моцна» хворага тэмпература 37,2, – адзначае Віктар Коктыш.
Штодня брыгады хуткай медыцынскай дапамогі выконваюць сваю складаную і адказную работу, аказваюць экстранную медыцынскую дапамогу. Яны спяшаюцца на выклікі ў рэжыме 24/7. І, здавалася б, неверагодная гісторыя выратавання для нас – для іх проста штодзённая праца.




