Ячмень азімы зажынае. У Ляхавіцкім раёне пачалася ўборка збожжавых

Старшы камбайнер ЗАТ «Белпрампрыбор» Віктар Зубік.

У Ляхавіцкім раёне пачалася ўборка збожжавых. У якасці зажыначнай культуры выступіў азімы ячмень.
А першажніўнымі гаспадаркамі ў гэтым годзе сталі ААТ«Нача»
і ЗАТ «Белпрампрыбор». 

Яшчэ зусім нядаўна азімы ячмень з’яўляўся яўным аўтсайдарам раённых сельскагаспадарчых палеткаў. Займаліся марозаўстойлівым ячменем толькі некаторыя з аграпрадпрыемстваў і, як правіла, у маштабе некалькіх дзясяткаў гектараў. Сярод акалічнасцяў на карысць культуры называўся такі фактар, як першачарговасць уборкі. Да таго як уключыцца ў вялікае жніво, гаспадарнікі атрымліваюць магчымасць праверыць-пратэсціраваць свае «ўборачныя караваны». Немалаважна і тое, што ра-зам з уборкай азімага ячменю можна «ўзбіцца» на больш ранняе зерне і салому для жывёлагадоўлі. Што на мяжы сезонаў вельмі актуальна.
Вартасць азімага ячменю і ў дастаткова высокім паказчыку яго ўрадлівасці. Нават на фоне ўраджайнага мінулага года.
Сёлета ў раёне пад уборку выспявае каля 1 150 гектараў азімага ячменю. Ім абзавяліся ўсе ляхавіцкія сельгаспрадпрыемствы. А, напрыклад, фермерская гаспадарка «Фартуна» са сваімі 330 гектарамі крочыла далей за ўсіх у раёне.
У «Жарабковічах» мароза-ўстойлівы ячмень паспеў на 300 гектарах, у «Начы» такіх гектараў 200, у «Шляху новым» – 100, у ЗАТ «Белпрампрыбор» – 50. Частка ўжо абмалочана, сабраны ўраджай на сушыльна-ачышчальным комплексе і ў далейшым будзе выкарыстоўвацца ў якасці фуражнага кампанента.
У ЗАТ «Белпрампрыбор» высокапрадукцыйны статак буйной рагатай жывёлы, адзін з лепшых у раёне паказчыкаў сярэдняй удойнасці, якасныя і ў неабходных аб’ёмах кармы.
– Азімы ячмень – наша традыцыйная сельгаскультура. Вырошчваем яго не першы год, і ёсць пэўны вопыт. Паўсотні сёлетніх гектараў размеркаваны па некалькіх участках палёў. Больш «нізкія» гектары з’яўляюцца больш ураджайнымі, «горкі» падсушыла, там ураджай горшы. На чатыры дзясяткі цэнтнераў з гектара ці блізка да таго па выніку выйдзем, – разважае галоўны аграном акцыя-нернага таварыства Віктар Канецпольскі.

Вадзіцель Аляксей Кулак.


Перш чым прыступіць да ўборкі азімага ячменю, камбайнер Віктар Зубік пратэсціраваў уборачную машыну, праверыў сябе на азімай свірэпіцы. Было гэта з дзясятак дзён назад, а сабраны з дзясятка гектараў ураджай стане насенным матэрыялам.
На момант наведвання ўборачнага ячменнага палетка камбайнаванне вялося таксама на насенным участку.
– Гектары поля, якія знаходзяцца зараз у рабоце, заведама вырошчваліся ў якасці насенных. Пашыраць плошчы задача не стаіць, а для таго, каб пасеяць свае паўсотні гектараў, паўтара дзясятка тон насення азімага ячменю хопіць з запасам, – гаворыць галоўны аграном.
Каб захаваць сабранае, у зерня неабходна забраць лішнюю вільгаць. Пакуль палявы паказчык адноснай вільготнасці складае ад 20 да 22,5 працэнта. Што на шэсць – восем пунктаў перавышае складскую. Зыходзячы з чаго і вызначаецца маршрут новага ўраджаю: уборачнае поле – зернеачышчальна-сушыльны комплекс «М-819».

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.