За чарніцамі і не толькі. На Ляхавіччыне ідзе сезон нарыхтовак. Што па чым?

Напачатку мінулага тыдня ў Ляхавічах у продажы з’явіліся чарніцы сёлетняга ўраджаю ў павільёнах райпо на рыначнай плошчы і каля магазіна «Мясная лаўка». Кошт кілаграма – 7,5 рубля. Ягада не дробная, сакавітая і салодзенькая. Для параўнання: у мінулую нядзелю на той жа рыначнай плошчы жанчына прадавала, па яе словах, свежанькую, толькі з лесу па 8 рублёў за літровы слоік.

Не ў кожнага аматара ягад ёсць магчымасць самастойна адправіцца на ціхае паляванне: маўляў, далёка ці кляшчы палохаюць. Пакуль не так і шмат прадаўцоў на ляхавіцкім рынку, якія гандлююць менавіта чарніцамі.
– Чарнічны сезон толькі пачаўся, але мы ўжо нарыхтавалі 180 кілаграмаў, амаль усе ягады рэалізавалі праз рознічную сетку на продаж насельніцтву. У асноўным дары лесу ягаднікі здаюць у магазіны раённага спажывецкага таварыства ў Свяціцы, Ліпску, Навасёлках. Закупачныя цэны мяняюцца амаль штодня, многае залежыць ад прапановы. Напрыклад, 5 ліпеня закуплялі чарніцы па тры рублі за кілаграм, – расказвае вядучы таваразнаўца Ляхавіцкага райпо Віктар Скіндзер.
Райпо закупіла і рэалізавала 2,2 тоны клубніц. Кошт вагаўся ад 5 да
15 рублёў за кілаграм у залежнасці ад даты продажу і закупачнай цаны. Разам з чарніцамі хутка пачнецца набыццё і іншых ягад: чорнай парэчкі, вішні, буякоў. А там і да журавін недалёка.
Сабраць і здаць вітамінную прадукцыю можна не толькі ў магазіны райпо, але і ў нарыхтоўчыя пункты, якія ў Ляхавічах знаходзяцца на вуліцах Савецкай і Камсамольскай. Геаграфія паставак ягад з гадамі амаль не мяняецца. Калі клубніцы ў асноўным прыязджаюць з Лунінеччыны і аграгарадка Дарава, то чарніцы – з Ганцавіцкага і Ляхавіцкага раёнаў.


Істотны пакупніцкі попыт і на агародніну сёлетняга ўраджаю. Па словах Віктара Скіндзера, за шэсць месяцаў гэтага года райпо закупіла 120 тон агуркоў, 11 тон бульбы, 6 тон цыбулі, 2 тоны морквы, а таксама купусту, буракі, кабачкі і іншую прадукцыю садоў-агародаў. У асноўным усё набытае прадаецца, потым пачнецца нарыхтоўка для стабілізацыйнага фонду, каб і зімой, і вясной жыхары раёна маглі без праблем купіць неабходнае з садавінна-агародніннага асартыменту. Дарэчы, прадаўжаецца супрацоўніцтва райпо з ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод». Напрыканцы чэрвеня на завод для далейшай перапрацоўкі прададзена больш за 20 тон агуркоў, закупленых пераважна ў Столінскім раёне.
І кошт, і якасць прадукцыі ў райпоўскіх гандлёвых аб’ектах здавальняючыя, адтуль і попыт. А тутэйшыя прадаўцы падкрэсліваюць, што для іх важна, каб пакупнікі прыходзілі сюды за таварам пастаянна. Ды і абслугоўванне тут ветлівае. Вашай увазе выкладка і цэны за кілаграм на прадукцыю, якую прадавалі ў павільёне каля магазіна «Мясная лаўка» 6 ліпеня. Чарніцы –
5 рублёў, цыбуля і чырвоныя буракі – па 2,90, морква – 3,28, бульба – 2,50, памідоры «малінаўка» – 5,28, кабачкі – 1,
агуркі і капуста качанная – па 2,14, каляровая капуста і брокалі – 4,62,
дыня – 4,90, апельсіны – 4,18 рубля.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.