Па закліку сэрца. Актывісты Ляхавіцкай раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» прынялі ўдзел у рэспубліканскай акцыі «Белая Русь – родная кроў»
Напярэдадні Сусветнага дня донара крыві актывісты Ляхавіцкай раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» прынялі ўдзел у рэспубліканскай акцыі «Белая Русь – родная кроў».


Раніца 13 чэрвеня для нашых землякоў пачалася ў Баранавіцкай гарадской станцыі пералівання крыві, дзе яны бязвыплатна здалі кроў. Акцыя «Белай Русі» праходзіць у рамках рэалізацыі рэспубліканскага сацыяльнага праекта па развіцці донарства крыві «Дабро. Донарства. Жыццё».
Медыкі ўпэўнены, што ў кожнага маецца шанц на выратаванне жыцця другога чалавека. І для гэтага дастаткова стаць донарам крыві. Сярод тых, хто па закліку сэрца здае кроў, – начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Юрый Несцяровіч, для якога гэта была 11-я данацыя.
– Я не імкнуся атрымаць статус ганаровага донара. Здаваць кроў стаў тады, калі маёй жонцы спатрэбілася плазма крыві. Убачыў, як дорага каштуюць кампаненты крыві, і адчуў сам, наколькі важная такая дапамога, тым больш у экстранных сітуацыях. У памяць пра любімага чалавека я і мой сын у радах донараў. У сына, дарэчы, медыка, які сёння таксама здаваў кроў, гэта ўжо 12-я данацыя, – падзяліўся Юрый Несцяровіч.
Інспектар РАНС Аляксей Клетаніца першы раз здаў кроў больш за дзесяць гадоў назад і зараз пастаянна далучаецца да высакароднай справы.
Сярод членаў раённай арганізацыі «Белая Русь» ёсць і ганаровы донар Рэспублікі Беларусь – памочнік урача Тухавіцкай АУАП Таццяна Русакевіч.
– Радуе, што кожны год усё больш нашых актывістаў далучаецца да акцыі «Белая Русь – родная кроў». Вельмі ўдзячна гэтым нераўнадушным, міласэрным і добрым людзям, – падкрэсліла старшыня раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» Наталля Ісаханава.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

