У імя мірнага жыцця. 22 чэрвеня — Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа
22 чэрвеня. Дзень памяці. Дзень смутку. Дзень, які даў адлік бязмежнаму гераічнаму подзвігу народа. Дзень, што назаўжды ў памяці тых, на чыю долю выпала вайна, і тых, хто жыве пад мірным небам. Указам Прэзідэнта Беларусі ў 2022 годзе ўнесены змяненні ў назву гэтага памятнага дня. Цяпер 22 чэрвеня пазначана як Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа.

Па сцяжынках памяці і смутку
Раніца 22 чэрвеня 1941 года накрыла беларускую зямлю вог-ненным полымем. Пачалася Вя-лікая Айчынная вайна. Тры гады, адзін месяц і шэсць дзён (з 22 чэрвеня 1941 па 28 ліпеня 1944 года) доўжылася гітлераўская акупацыя Беларусі. Але не было таго дня, каб фашысты і іх прыслужнікі адчувалі сябе спакойна і бяспечна на акупаванай, але няскоранай зямлі. Як сведчылі дакументы, усяго восем гадзін адвялі гітлераўскія военачальнікі на штурм Брэсцкай крэпасці, якая адной з першых прыняла на сябе магутны ўдар гітлераўскіх армій. Але абаронцы цытадэлі стрымлівалі жорсткія няспынныя атакі ворага куды даўжэй.
20 ліпеня 1941 года лічыцца апошнім днём абароны крэпасці. Вялікі партызанскі рух, у якім удзельнічалі звыш 380 тысяч чалавек, ахапіў кожны раён Беларусі. Істотны ўклад у барацьбу з ненавісным фашызмам унеслі і больш за 70 тысяч падпольшчыкаў, многія з іх былі закатаваны і забіты фашыстамі і паліцаямі.
У ХХІ стагоддзі адкрываюцца ўсё новыя факты генацыду беларускага народа. З красавіка 2021 года, калі Генеральным пракурорам Беларусі было прынята рашэнне аб узбуджэнні крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа, устаноўлены сотні раней невядомых фактаў зверстваў фашызму. Вось толькі некаторыя даныя, змешчаныя на сайце Генеральнай пракуратуры па стане на 9.06.2025. Дапытаны 19 726 пацярпелых і сведкаў па крымінальнай справе аб генацыдзе. У час Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Беларусі былі створаны больш за 578 лагераў смерці і месцаў масавага знішчэння, у тым ліку раней невядомыя. Не менш за 12 868 населеных пунктаў поўнасцю ці часткова спалены, 290 з іх паўтарылі лёс Хатыні. Устаноўлена 168 раней невядомых месцаў знішчэння і пахавання ахвяр генацыду. Гітлераўцы рабавалі краіну, забівалі яе жыхароў – карнікі правялі звыш 187 аперацый супраць мірнага насельніцтва. Па няпоўных даных, у канцэнтрацыйных лагерах на тэрыторыі Беларусі нацысты знішчылі каля паўтара мільёна чалавек: жанчын, дзяцей, старых, ваеннапалонных.
І не толькі мясцовых жыхароў, але і прывезеных з іншых краін Еўропы.
На жаль, зараз, праз дзесяцігоддзі, даводзіцца канстатаваць, што чалавеканенавісная ідэалогія нацызму не засталася ў мінулым. Вось чаму мы не маем права забываць пра тую вайну і пра зверствы фашызму, асабліва цяпер, калі падымае галаву неанацызм, калі ў некаторых краінах, якія ў 1945 годзе савецкі народ вызваліў ад карычневай чумы, у ранг герояў узводзяць гітлераўскіх прыспешнікаў.
Ляхавіччына не скарылася ворагу
З 26 чэрвеня 1941 года па 6 ліпеня 1944 года працягвалася акупацыя тэрыторый сённяшняга Ляхавіцкага раёна. Завінская горка – адзін з напамінаў пра жорсткія баі першых дзён вайны. 24 чэрвеня ў гэтых месцах 55-я стралковая дывізія ўступіла ў баі з дзеючымі часцямі гітле-раўскай арміі. На заўтра баі прадоўжыліся непадалёку, на беразе Шчары. На два дні былі затрыманы ўдарныя танкавыя часці гітлераўцаў групы армій «Цэнтр». Як адзначана ў кнізе «Памяць. Ляхавіцкі раён», у гэтых баях загінула шмат савецкіх воінаў. Толькі ў брацкай магіле ў вёсцы Завінне пахавана больш за 200 байцоў. Сёлета гэтаму помніку прысвоены QR-код, праз які можна перайсці на старонку сайта «Лічбавая зорка», дзе размешчана інфармацыя пра падзеі часоў Вялікай Айчыннай вайны, звязаныя з гэтым куточ-кам Ляхавіччыны. На сёння ў Ляхавіцкім раёне шыльда з QR-кодам усталявана на 17 памятных аб’ектах.
Вось вытрымкі з кнігі Дзмітрыя Марозава «Пра іх не ўспаміналася ў зводках», аўтар у якасці памочніка начальніка штаба артылерыі 55-й стралковай дывізіі ўдзельнічаў у абарончых баях на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна ў чэрвені 1941 года:
«…І зноў насустрач нямецкім танкам паляцелі нашы бранябой-ныя снарады. Паветра гудзела ад выстралаў і разрываў. Над вёскай Завінне падняліся да неба клубы дыму, узняліся языкі полымя. Немцы білі па вёсцы запальнымі снарадамі». У гэты ж дзень, 24 чэрвеня 1941 года трагічны лёс чакаў і вёску Марынова: фашысцкія снарады спалілі 16 з 18 вясковых дамоў.
26 красавіка 2025 года ў Марынове ўрачыста адкрыты памятны знак спаленым вёскам Ляхавіцкага раёна. Так была рэалізавана патрыятычная грамадзянская ініцыятыва.
А гэта ўжо ўспаміны жыхара вёскі Завінне Дамініка Гурмана, запісаныя ў сярэдзіне мінулага стагоддзя: «Ніколі не забуду той жудаснай карціны, якую бачыў тады за вёскай. Каля могілак біліся з немцамі нашы артылерысты са сваімі маленькімі, мабыць, супрацьтанкавымі пушкамі. Думаю, што ўсе яны загінулі ў баі. Каля двух дзясяткаў танкаў з крыжамі яны спалілі. Гэтых нашых хлопцаў-герояў немцы доўга не дазвалялі хаваць…»
Вось што ўспамінала былая санітарка Крывошынскай участковай бальніцы Надзея Гатоўчыц: «23 чэрвеня 1941 года да нас пачалі прыбываць параненыя чырвонаармейцы. Хутка ўся бальніца была запоўнена. Запасаў прадуктаў хапіла на два-тры дні. Потым мы прыносілі ежу з дому або ездзілі за ёй на конях у бліжэйшыя вёскі. Многія жыхары аддавалі прасціны на бінты. Больш за месяц наш шпіталь дзейнічаў у тыле ворага».
На захопленай тэрыторыі фашысты і іх прыспешнікі-паліцаі пачалі ўсталёўваць свой «славуты» акупацыйны рэжым, які прынёс гора, пакуты мірным жыхарам, большасць з якіх – дзеці, жанчыны, старыя. Колькі іх, забітых, знявечаных, закатаваных, спаленых – мірных ахвяр вайны.
Свой крывавы след акупанты пакінулі ў першыя дні вайны ў многіх вёсках раёна, у тым ліку ў вёсцы Туркі. У чэрвені 1941 года былі арыштаваны 20 вяскоўцаў. Людзей забіралі з хат, у чым былі, катавалі, а потым знясіленых вывезлі за вёску і расстралялі.
З матэрыялаў, што знаходзяцца ў музеі СШ № 2.
Настаўнік У. Мацкевіч пісаў «Цяжкія выпрабаванні выпалі на долю залужан у гады Вялікай Айчыннай вайны. Першымі ахвярамі фашыстаў сталі камсамольцы Васіль Выдрыч і Раман Лапіч. Фашысты завезлі іх у Мілавіды і расстралялі. Гэта было ў ліпені 1941 года…»
Ведаць пра вайну, помніць пра вайну – гэта патрэбна не мёртвым, гэта патрэбна жывым. Помніць, каб жыць у міры і згодзе. Помніць, каб вайна зноў не ўварвалася ў мірнае стваральнае жыццё.
Галіна КАНЬКО.

