Сімвал вечнай Славы. Не зарастае народная сцяжынка памяці да Кургана вечнай Славы

Маўклівымі нязменнымі вартавымі, сімваламі бясстрашнасці, болю і жалю сталі на беларускай зямлі помнікі, абеліскі, мемарыяльныя комплексы героям і ахвярам Вялікай Айчыннай вайны. Кожнае з гэтых месцаў захоўвае сваю гісторыю.

Больш за паўстагоддзя 9 мая жыхары Ляхавіцкага раёна спяшаюцца на памятнае месца – Курган вечнай Славы, каб урачыста адзначыць вялікае жыццесцвярджальнае свята – Дзень Перамогі. Курган Славы быў насыпаны ў 1967 годзе каля вёскі Мазуркі на месцы жорсткіх баёў 55-й стралковай дывізіі Чырвонай Арміі з часцямі фашысцкага танкавага корпуса гітлераўскай арміі ў першыя дні Вялікай Айчыннай вайны. Баявыя дзеянні ішлі тут і ў 1944 годзе пры вызваленні Беларусі. Дарэчы, зямлю для кургана бралі з усіх месцаў нашага раёна, дзе ішлі баявыя дзеянні Вялікай Айчыннай вайны, з брацкіх магіл і воінскіх пахаванняў.
І ў ХХІ стагоддзі не зарастае народная сцяжынка памяці да Кургана Славы. Сюды абавязкова прыязджаюць падчас патрыятычных аўтапрабегаў, тут праводзяць спаборніцтвы, ладзяць злёты кадэты ў патрыятычна-турыстычным лагеры, праходзяць акцыі, прымеркаваныя да чарговай гадавіны пачатку Вялікай Айчыннай вайны.
Апошнія некалькі гадоў агульнымі намаганнямі жыхароў раёна Курган набывае новы выгляд. У Год гістарычнай памяці была пачата рэканструкцыя. З таго часу змяніліся знешні выгляд помніка, стэла і сцэнічная пляцоўка, штогод добраўпарадкуецца і набывае новыя адметнасці тэрыторыя на гэтым свяшчэнным месцы.