Прывабная небяспека. Фантаны створаны для эстэтычнай асалоды. Гэта значыць, на іх трэба глядзець, адпачываць каля іх у спякоту. А вось купацца і гуляць у фантанах нельга.
Фантан у скверы па вуліцы Леніна даўно стаў папулярным месцам адпачынку ў ляхавічан розных узростаў і гасцей горада.

Сапраўдная асалода, асабліва ў спякотныя дзянькі, адчуць водную прахалоду ад пырскаў фантана. Аднак, акрамя станоўчых эмоцый, водны аб’ект можа стаць і крыніцай бяды.
– Не першы раз даводзіцца назіраць карціну, калі дзеці, у тым ліку і ў 2–4-гадовым узросце, залазяць у фантан і пачынаюць там скакаць, бегаць, сваволіць. А бацькі, бабулі і дзядулі тым часам займаюцца сваімі справамі, размаўляюць, «сядзяць» у тэлефоне і г. д., пакуль дзеці прадастаўлены самі сабе. А так і да бяды недалёка. Плітка, якая пакладзена на дне фантана, ад вады мокрая, паслізнуцца нядоўга. Акрамя таго, падведзена электрычнасць, і тут наступствы могуць быць самыя непрадказальныя і нават трагічныя, бо вада з’яўляецца выдатным правадніком электрычнасці… У фантанах тэхнічная вада цыркулюе па 7–10 дзён. Уявіце, што тут могуць мыцца птушкі, каты, сабакі, дзеці залазяць у абутку, дно фантана пакрываецца сліззю ад жыццядзейнасці прыродных бактэрый, так і да кішэчнай інфекцыі нядоўга… Хочацца звярнуцца да дарослых. Калі ласка, будзьце ўважлівымі, не пускайце сваіх дзяцей гуляць у фантан. Уважліва сачыце за імі, калі бегаюць па мокрай плітцы вакол фантана, – адзначае майстар участка «Добраўпарадкаванне» КУШВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Святлана Саласцеева.
Фантаны створаны для эстэтычнай асалоды. Гэта значыць, на іх трэба глядзець, адпачываць каля іх у спякоту. А вось купацца і гуляць у фантанах нельга. Як прагназуюць сіноптыкі, сапраўдная летняя спякота яшчэ толькі на падыходзе, у разгары і летнія канікулы, падчас якіх дарослыя, акрамя арганізацыі вольнага часу хлопчыкаў і дзяўчынак, павінны паклапаціцца пра іх бяспеку. Уважлівасць і неабыякавасць да таго, чым займаюцца вашы дзеці, засцерагуць ад надзвычайных сітуацый.
Галіна КАНЬКО.

