Пасада ад народу /фота/

Старшыня ўчастковай выбарчай камісіі Ларыса Ясевіч віншуе Анжэлу Дрозд, якая галасуе ўпершыню.

Грамадзяне Беларусі, прыняўшы ўдзел у выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў, праявілі палітычную актыўнасць і свядомасць. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пасля галасавання на выбарчым участку № 1 Вяснянскай выбарчай акругі № 39 у Мінску.

Прэзідэнт падзякаваў дэпутатам гэтага склікання, якія складаюць паўнамоцтвы пасля выбараў, за тое, што яны працавалі на карысць насельніцтва і дзяржавы.

«Па лініі работы Саветаў было зроблена нямала, пачынаючы ад падтрымання ў парадку тэрыторыі і завяршаючы прыняццем мясцовых бюджэтаў. Гэта вельмі вялікая работа, а самае галоўнае – адказная», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы лічыць, што нававыбраныя дэпутаты мясцовых Саветаў зоймуць канструктыўную пазіцыю. У сваю чаргу Прэзідэнт пажадаў ім толькі аднаго: «каб дэпутаты, паабяцаўшы сваім выбаршчыкам, выканалі свае абяцанні і былі бліжэйшыя да нашага народу, наш народ гэтага заслугоўвае».

Яўка выбаршчыкаў на мясцовых выбарах склала 77,3 працэнта. Удзел у галасаванні прынялі 5391103 чалавекі – гэта тыя, хто галасаваў датэрмінова, дома, прыйшоў на выбарчыя ўчасткі ў асноўны дзень выбараў 23 сакавіка.

Выбраны 18809 дэпутатаў мясцовых Саветаў, паведамілі ў ЦВК Беларусі.

Але ўсё гэта стала вядома раніцай 24 сакавіка. А 23 сакавіка і яшчэ 5 дзён да гэтай даты ляхавічане актыўна галасавалі за сваіх кандыдатаў. У дзень выбараў карэспандэнты “ЛВ» па традыцыі пабывалі на шэрагу ўчасткаў для галасавання.

Каля Русінавіцкага выбарчага ўчастка.

На Ляхавіцкім-Гагарынскім участку для галасавання № 2 у спісы ўнесена без малога 1300 выбаршчыкаў. Па стане на 10.30 раніцы прагаласавалі 42 працэнты, прычым, 34 зрабілі гэта датэрмінова. Людзі прыходзілі з добрым настроем і ўсведамленнем таго, што сённяшні выбар кожнага – гэта рэальны ўклад у стабільнасць і развіццё нашай дзяржавы. Тым, каго падтрымаюць выбаршчыкі, у бліжэйшыя 4 гады належыць прадстаўляць інтарэсы землякоў у раённым і абласным Савеце дэпутатаў, прымаць рашэнні, ад якіх на рэгіянальным узроўні залежыць многае.

На стэндзе – партрэты 5 кандыдатаў: адзін з іх прэтэндуе на дэпутацкі мандат у аблсавеце, астатнія – у раённым Савеце дэпутатаў: галоўны ўрач райбальніцы, ваенкам, галоўны інжынер камунгаса, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі… Многія з выбаршчыкаў сваіх кандыдатаў ведаюць, што называецца, у твар. Двое наогул жывуць зусім побач, галасавалі на гэтым жа ўчастку.

Тыя, хто сёлета ўпершыню атрымаў права выбару (а на Гагарынскім участку такіх юнакоў і дзяўчат аказалася 7), – пад асаблівай увагай, для кожнага падрыхтаваны падарунак. Сярод гэтай сямёркі – 18-гадовы ляхавічанін Максім Падзіна. Юнак – першакурснік Брэсцкага абласнога вучылішча алімпійскага рэзерву, і яму ўжо даводзілася абараняць гонар краіны ў складзе нацыянальнай зборнай у спаборніцтвах міжнароднага ўзроўню: штурхае ядро з перспектывай. А сёння ён сціпла ўсміхаецца:

Членаў Крывошынскай участковай камісіі чакалі выбаршчыкі і на даму.

— Знаёмая абстаноўка. Яшчэ з дзедам хадзіў сюды галасаваць. Цяпер вось і сам дарос…

З такой адметнай падзеяй Максіма павіншавалі старшыня раённай выбарчай камісіі Наталля Мацкевіч і старшыня ўчастковай камісіі Вольга Савасцюк.

А галасаванне ідзе сваёй чаргой. Ляхавічане прыходзяць сем’ямі і паасобку. Камісія працуе зла-джана і дакладна. Назіральнікі – прадстаўнікі “Белай Русі”, савета ветэранаў, КПБ, БРСМ – займаюцца сваёй справай. Атмасфера на ўчастку добразычлівая і дзелавая адначасова.

Такі ж малюнак назіраўся 23 сакавіка і на іншых гарадскіх выбарчых участках. Камсамольскі № 3 – самы буйны ў раёне, налічвае 1850 выбаршчыкаў. Старшыня камісіі Таццяна Пятух – адзін з самых вопытных кадраў у выбарчай справе, таму ўсё тут арганізавана аптымальным чынам. Чэргаў да кабінак для галасавання не назіраецца, але і без справы яны не стаяць. У фае –“жывы” канцэрт, наладжаны вучнямі і выкладчыкамі музычнай школы. І жадаючых паслухаць яго, затрымацца пасля галасавання, нямала.

А вось Інтэрнацыянальны ўчастак № 6 – самы “малады”, з’явіўся параўнальна нядаўна, калі адбудаваўся жылы мікрараён. У яго спісах – крыху больш за 1000 выбаршчыкаў. На тыя ж 10.30 прагаласавалі 320. Па адной з тутэйшых акруг выбары ў райсавет праходзяць на альтэрнатыўнай аснове – за тое, каб прадстаўляць інтарэсы выбаршчыкаў, змагаюцца 2 кандыдаты.

Русінавіцкі выбарчы ўчастак № 21 “чуваць” здалёк: музыка іграе на ўсё наваколле. Вяскоўцаў, якія прыйшлі выканаць свой грамадзянскі абавязак, сустракалі члены ўчастковай выбарчай камісіі на чале з Людмілай Сідорскай. Кіраўнік Русінавіцкага СДК – вопытны старшыня камісіі, таму работа тут наладжана да аўтаматызму. З 587 выбаршчыкаў 260 прагаласавалі датэрмінова. З раніцы ў нядзелю члены камісіі раз’ехаліся ў вёскі Мыслабаж, Жарскія, Гаслаўшчына да вяскоўцаў, якія па стане здароўя не змаглі прыйсці на ўчастак. Прагаласавала дома і доўгажыхарка Разалія Гаўдзіс. Нямала жадаючых было паслухаць выступленне самадзейных артыстаў з мясцовага СДК, якія падрыхтавалі канцэртную праграму “Песні маёй краіны”. Падчас галасавання на Русінавіцкім участку пабывалі назіральнікі ад раённай арганізацыі ГА “Белая Русь” і раённага савета ветэранаў.

759 чалавек унесены ў спісы для галасавання на Ганчароўскім выбарчым участку №8. Старшыня ўчастковай камісіі Галіна Татарыновіч адзначыла добра-зычлівы настрой выбаршчыкаў. Сям’я Ракашэвічаў галасавала 23 сакавіка. Калі для Уладзіміра і Людмілы выбары далёка не першыя, то для іх дачкі Ірыны – студэнткі Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта – першы вопыт галасавання.

– Канешне, хвалявалася. Завочна пазнаёмілася з кандыдатамі ў дэпутаты, вывучыла іх перадвыбарныя праграмы, і выбар зрабіла асэнсаваны, – зазначыла будучы банкір.

Адразу каля выбарчага ўчастка можна было купіць усе неабходныя прадукты – прыехала аўталаўка. Дарэчы, каля 400 выбаршчыкаў на гэтым участку з вёсак Набярэжная, Меляхі, Падбарочча, Нівішча і іншых выказалі жаданне прагаласаваць на даму, таму машыны з апячатанымі урнамі адправіліся па адрасах у нядзелю з 8 гадзін раніцы.

Святочна-дзелавая атмасфера панавала і на Крывошынскім участку для галасавання № 15. Большасць вяскоўцаў прыйшла галасаваць бліжэй да абеду, менавіта ў гэты час і пачаўся канцэрт мастацкай самадзейнасці Крывошынскага СДК з удзелам вучняў мясцовай школы. Як паведаміла старшыня ўчастковай выбарчай камісіі Вольга Дыдышка, з 433 выбаршчыкаў 196 аддалі свае галасы датэрмінова.

З самай раніцы хто паасобку, хто сем’ямі, спяшаліся вяскоўцы і на Ліпскі ўчастак для галасавання № 16 – адзін з самых вялікіх сельскіх выбарчых участкаў на Ляхавіччыне: 739 грамадзян унесены ў спісы выбаршчыкаў. Па словах старшыні камісіі Алены Дыдышка, актыўнасць выбаршчыкаў тут заўсёды высокая, многія прагаласавалі датэрмінова, па стане на 11.30 23 сакавіка прагаласаваўшых было 65 працэнтаў. Многія з тых, хто выканаў свой грамадзянскі абавязак, не спяшаліся дамоў, пераходзілі ў актавую залу, дзе павінен быў адбыцца канцэрт. Сярод прагаласаваўшых і 74-гадовая Валянціна Бурбіцкая:

– Прывыкла галасаваць менавіта ў дзень выбараў, тады найбольш адчуваеш атмасферу свята. І канцэрт цікава паслухаць.

– Як гэта не прыйсці на выбары? Заўсёды хадзіла, і пакуль будзе здароўе дазваляць, абавязкова буду галасаваць, – дапоўніла аднавяскоўку Соф’я Гатоўчыц, якой хутка 80 гадоў.

– Не разумею людзей, якія застаюцца ў баку ад выбараў дэпутатаў у мясцовыя Саветы дэпутатаў. Гэта вельмі важна – прыйсці на ўчастак і выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю – прагаласаваць за дастойнага прадстаўніка сваіх інтарэсаў у раённых заканадаўчых органах, – гаворыць жыхар аграгарадка Ліпск Сяргей Памазанскі.

З 385 выбаршчыкаў Альхоўскага выбарчага ўчастка №27 30 працэнтаў прагаласавалі датэрмінова. У дзень выбараў члены ўчастковай камісіі з пераноснымі урнамі пабывалі па шэрагу адрасоў у населеных пунктах Пад’язаўле, Гукова, Вадзяціна, у тым ліку ў ветэрана Вялікай Айчыннай вайны 95-гадовага Міхаіла Макавецкага.

– Выбаршчыкі разумеюць, што кожны голас з’яўляецца важным і вырашальным у выбары будучага дэпутата, – зазначыла старшыня гэтага ўчастка для галасавання Ніна Керымава.

Выканаць свой канстытуцыйны абавязак спяшаліся грамадзяне і на Ураджайнінскі выбарчы ўчастак № 24. Члены камісіі працавалі зладжана, аператыўна, давалі дакладную інфармацыю па пытаннях, якія паступалі ад выбаршчыкаў. З 511 грамадзян, унесеных у спісы для галасавання, па стане на 12 гадзін прагаласавалі 404 чалавекі. Асабліва хвалявалася выпускніца СШ № 1 Анжэла Дрозд, якая ўпершыню прыйшла галасаваць. Старшыня камісіі Ларыса Ясевіч павіншавала дзяўчыну з важнай падзеяй у жыцці і ўручыла сувенір. Нягледзячы на шаноўны ўзрост, старэйшая жыхарка Ураджайнай Марыя Тумаш на выбары прыйшла сама. Але да многіх яе землякоў з Каранеўшчыны, Краглей, Бажкоў, Дайнякоў, Каранёў прыязджалі за “галасамі” члены камісіі.

Спакойная атмасфера панавала і на іншых выбарчых участках, арганізаваных у раёне.

Святлана БЕЛЬМАЧ,

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Дома прагаласавалі Сяргей і Наталля Тумашы з Ураджайнай

Сяргей Памазанскі перакананы, што прагаласаваць – справа гонару

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *