Каб каля вады не здарылася бяды. У Ляхавіцкім раёне дзве афіцыйныя зоны адпачынку
Як абяцаюць сіноптыкі, спякота гэтым летам абавязкова будзе. Заканамерна, што ў гарачыню людзі прагнуць апынуцца каля вады. Дарослыя і дзеці спяшаюцца на пляжы, прычым не толькі афіцыйныя, але і так званыя «дзікія» – да рэк, вадаёмаў, каб акунуцца ў водную прахалоду.
Варта нагадаць, што, згодна з рашэннем райвыканкама, у Ляхавіцкім раёне дзве афіцыйныя зоны адпачынку: на рацэ Ведзьме ў райцэнтры (на балансе КУШВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ») і ў аздараўленчым лагеры «Чайка». Што датычыць апошняй, то яна прызначана выключна для адпачынку тых, хто знаходзіцца ў летніку. На жаль, як паказвае практыка, вада, акрамя асалоды, можа прынесці і небяспеку. І часцей за ўсё яе ахвяры самі вінаваты ў трагедыі.

Сяргей ХМАРУК, начальнік аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС:
– Супрацоўнікі міліцыі пастаянна праводзяць маніторынгі як на афіцыйных зонах адпачынку, так і там, дзе купанне забаронена. Даводзіцца канстатаваць, што ні адзін з рэйдаў не абыходзіцца без фіксацыі правапарушэнняў. Адно з самых частых – распіццё спіртных напіткаў ці знахо-джанне ў грамадскіх месцах у стане алкагольнага ап’янення. Асаблівую занепакоенасць у плане бяспекі выклікае вадаём у вёсцы Альхоўцы. Адзначу, што на гэтым несанкцыя-наваным для купання месцы нярэдкія трагічныя выпадкі. Так, у мінулым годзе тут патануў мясцовы жыхар, які расчышчаў вадаём ад расліннасці. А ўжо сёлета ў маі пры невядомых абставінах патанула жанчына 1961 года нараджэння. Нягледзячы на неаднаразовыя няшчасныя выпадкі на гэтым вадаёме, грамадзяне прадаўжаюць выбіраць яго для адпачынку. Прычым прыходзяць сюды нецвярозымі. Так, 13 чэрвеня супрацоўнікі РАУС заўважылі на беразе вадаёма траіх грамадзян, адзін з якіх пенсіянер, за распіццём спіртных напіткаў. Аматары выпіць у грамадскім месцы прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці па артыкуле 19.3 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях. Да чаго можа прывесці грэбаванне правіламі бяспекі, дэманструе і выпадак, які здарыўся сёлета 5 чэрвеня на возеры Нетчын. Пасля рыбалкі бацька з 13-гадовым сынам распалілі касцёр. Што аказалася ў полымі, невядома, але рэшткі гарэння, выкінутыя з кастрышча, паранілі падлетку твар і шыю. Бацька, які паспеў ужо выпіць спіртнога, сеў за руль аўто і павёз сына ў райбальніцу. Вынік – дарожна-транспартнае здарэнне. На шчасце, абышлося без ахвяр.
Падчас купальнага сезона супрацоўнікі РАУС будуць маніторыць месцы адпачынку каля вады, у тым ліку ў скла-дзе рэйдавых груп сумесна з работнікамі РАНС, патрульна-паставой службы Баранавіцкага ГАУС і атрада міліцыі асобага прызначэння УУС Брэсцкага аблвыканкама.
Аляксандр ШЧАЎРОЎСКІ, старшыня Ляхавіцкай раённай арганізацыі Асвода:
– Хочацца, каб, у рэшце рэшт, нас пачулі бацькі непаўналетніх. Дарослыя! Калі ласка, паклапаціцеся пра бяспеку сваіх дзяцей! Ні ў якім разе не адпраўляйце іх на вадаёмы адных, без суправа-джэння. А каля вады і на ва-дзе ўважліва сачыце за дзецьмі. Менавіта прафілактыка – самы надзейны і лепшы спосаб папярэдзіць бяду. Пост Асвода ўкамплектаваны і аснашчаны ўсім неабходным, у тым ліку атрымалі новыя аптэчкі. Дапоўнены і абноўлены інфармацыйныя стэнды, дзе размяшчаецца інфармацыя пра правілы паводзін на вадзе і каля вады, дазвол ці забарону купання, даныя пра тэмпературу вады і паветра, нагадваюцца тэлефоны экстранных службаў і іншае. Сіламі камунгаса і прадпрыемства меліярацыйных сістэм рэканструявана дзіцячая купальня. На шлюзе ўладкавана шыльда з надпісам «Купацца забараняецца», датычыць гэта месца купання, а не якасці вады. З чэрвеня на выратавальным пасту на рацэ Ведзьме дзяжураць два матросы-выратавальнікі, якія прайшлі вучэбныя трэніроўкі і здалі адпаведныя нарматывы па аказанні першай дапамогі пацярпелым. Выратавальнікі нясуць сваю службу кожны дзень з 10 да 22 гадзін, сочаць за тымі, хто купаецца, і ў любы момант гатовы прыйсці на дапамогу.
Каб адпачынак каля вады прынёс толькі станоўчыя эмоцыі і добрыя ўспаміны, нельга заплываць за буйкі, трэба ўважліва сачыць за дзецьмі, не адпускаць іх у ваду адных, не купацца ў нецвярозым стане. Невыкананне гэтых элементарных правілаў можа прывесці да трагедыі. Ужо сёлета былі выпадкі, калі матросы-выратавальнікі адпраўлялі нецвярозых адпачывальнікаў з пляжа.
Анастасія ДЗЕМІДОВІЧ, першы сакратар РК ГА «БРСМ»:
– Актывісты раённай арга-нізацыі БРСМ далучацца да рэспубліканскай прафілактычнай акцыі «Адзін дзень з Асводам», якая стартуе з 1 ліпеня. Навучэнцы Ляхавіцкага аграрнага каледжа, якія ўваходзяць у маладзёжны атрад аховы правапарадку,
а таксама іншыя зацікаўленыя юнакі і дзяўчаты паспрабуюць сябе ў якасці выратавальніка.
Разам з матросамі-выратавальнікамі будзем патруляваць пляж на рацэ Ведзьме.
Падрыхтавала Галіна КАНЬКО.

