Ячмень даспявае – калі гэта бывае? Сельгаспрадпрыемствы Ляхавіцкага раёна фактычна ў рэжыме нон-стоп прыступаюць да касьбы атавы шматгадовых траў

Верагодна, праз нейкі дзясятак дзён у палях можна будзе
сустрэць камбайны. І, як усе апошнія гады, збожжаўборка ў раёне пачнецца з камбайнавання азімага ячменю.

А пакуль сельгаспрадпрыемствы раёна завяршылі ці завяршаюць уборку траў першага ўкосу і фактычна ў рэжыме нон-стоп прыступаюць да касьбы атавы шматгадовых траў. На яе ў аграрыяў асаблівая надзея, паколькі першы «зялёны» ўраджай сёлета іх зусім не парадаваў. Пра прычыны гаворана-перагаворана, а параўнальная лічба вытворчых здабыткаў выглядае сціпла. У пераразліку на цэнтнеры кармавых адзінак на ўмоўную галаву ў сярэднім па раёне атрымалася «падняць» прыкладна на чатыры адзінкі травяністага корму менш, чым на адпаведную леташнюю дату.
На некаторым адрэзку часу другая касавіца супадзе з камбайнаваннем азімага ячменю, але ж ёсць магчымасць і павінна завяршыцца да пачатку асноўнай збожжаўборкі. А азімы ячмень лічыцца ўсяго толькі яе разміначным этапам, калі гаспадаркі могуць пратэсціраваць усе свае «жніўныя сілы» ў рэжыме рэальнай справы. Важным момантам з’яўляецца і факт больш ранняга паступлення ў засекі сельгасарганізацый збожжа і саломы, якія ў гэты час уяўляюцца зусім не лішнімі для жывёлагадоўлі.
Як паведамілі ва ўпраўленні па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, за выключэннем ЗАТ «Фораланд», на палях Ляхавіччыны даспявае нямногім больш за 1 250 гектараў даволі ранняй і дастаткова ўраджайнай сельгаскультуры. У гэтым годзе яе гектарнымі надзеламі ў рознай колькасці валодаюць усе нашы гаспадаркі, жніво для якіх, верагодна, пачнецца ўжо на першым тыдні наступнага месяца.
А гэтымі днямі сельгаспрадпрыемствы раёна трымаюць перадстартавы «залік» перад Дзяржтэхнаглядам. 20 чэрвеня ў раёне пачаўся тэхнічны агляд збожжаўборачных камбайнаў. Апошнім у спісе на ТА значыцца ААТ «Жарабковічы», чый камбайнавы парк у міжсезонне абнавіўся дзвюма машынамі маркі «Гомсельмаш». Новы камбайн выйдзе і на палеткі «Шляху новага». Усяго ж на жніўную ніву Ляхавіччыны ў гэтым сезоне мяркуецца вывесці 45 збожжаўборачных камбайнаў.

Іван КАВАЛЕНКА.