Пад мірным небам роднай краіны. Жыхары Ляхавіччыны разважаюць пра дзяржаўны клопат і дасягненні ў розных галінах вытворчасці
Стваральнай працай, навуковымі распрацоўкамі, плённымі здабыткамі ў адукацыі і ахове здароўя, высокімі культурнымі дасягненнямі і спартыўнымі рэкордамі пазначаны летапіс гісторыі суверэннай Беларусі. Грунтоўны падмурак сённяшнім дасягненням заклалі папярэднія пакаленні. Адзін з самых каштоўных здабыткаў – вызваленне краіны ад фашысцкіх захопнікаў. Сталіца Беларусі была ачышчана ад гітлераўскіх акупантаў 3 ліпеня 1944 года. І менавіта ў гэты дзень удзячныя нашчадкі адзначаюць галоўнае свята краіны – Дзень Незалежнасці. Як і іншыя рэгіёны, Ляхавіччына салютуе Дню Рэспублікі дасягненнямі ў розных галінах вытворчасці.

Іван ВІТКО, старшыня СВК «Ляхавіцкі», дэпутат раённага Савета дэпутатаў:
– СВК «Ляхавіцкі» – цёзка нашага раёна. Стараемся працаваць не толькі дзеля дабрабыту сваёй гаспадаркі і нашых працаўнікоў, але і каб слава пра Ляхавіччыну аграрную працоўнымі дасягненнямі гучала на ўсю Брэстчыну, ды і не толькі. Падставы для гэтага ў нашай гаспадаркі адназначна ёсць. Час паказаў: «Ляхавіцкі» гатовы вырашаць самыя складаныя задачы, у тым ліку, выпускаць больш якаснай і запатрабаванай прадукцыі з найменшымі затратамі. Работнікі нашага сельгаспрадпрыемства дакладна разумеюць сваю ролю і адчуваюць адказнасць у забеспячэнні харчовай бяспекі краіны. Ад гэтага напрамую залежаць заработная плата людзей і іх дабрабыт. Працаўнікі «Ляхавіцкага» працуюць, каб павялічваліся надоі, каб наблізіцца да рэальнай для нас лічбы – 100-працэнтнага продажу малака гатункам экстра – на гэтым акцэнтуе ўвагу і Прэзідэнт Беларусі.
Відавочныя плюсы і ў аднаўленні статка. Кіраўнік дзяржавы паставіў перад сельскай гаспадаркай краіны задачу за пяцігодку пабудаваць тэхналагічныя малочнатаварныя комплексы. У лістападзе 2022 года ў «Ляхавіцкім» увялі ў эксплуатацыю новы малочнатаварны аб’ект на 720 галоў.
МТК «Новы» – адзін з высокатэхналагіч-ных малочнатаварных комплексаў на Ляхавіччыне, узведзеных і запушчаных у эксплуатацыю за бягучую пяцігодку.
Яшчэ адзін важны крытэрый для сельскай гаспадаркі, на які наш Прэзідэнт патрабуе звярнуць сур’ёзную ўвагу, – якасць нарыхтоўкі кармоў. Сапраўды, без трывалай і якаснай кармавой базы дасягнуць плюсаў у жывёлагадоўлі немагчыма. Штогод забяспечваем паўтарагадовы запас. Гаспадарка паступова прыбаўляе ва ўраджайнасці збожжавых.
Яшчэ адзін акцэнт – забяспечанасць кадрамі. Разумеем, нялёгкая сялянская праца павінна дастойна аплачвацца. У гаспадарцы расце зарплата, аграрыі атрымліваюць і іншыя матэрыяльныя бонусы і дывідэнды. У СВК зладжаны калектыў, які гатовы пашырацца і прымаць на работу тых, хто ўмее і жадае працаваць вынікова.
2025 год для СВК «Ляхавіцкі» асаблівы –
у аграгарадку Русінавічы пройдзе раённае свята працаўнікоў вёскі «Дажынкі».
А ў Год добраўпарадкавання падрыхтоўчыя работы да аграрнага свята маюць яшчэ большы сэнс і павінны быць выключна якаснымі.

