Пад мірным небам роднай краіны. Жыхары Ляхавіччыны разважаюць пра дзяржаўны клопат і дасягненні ў розных галінах вытворчасці
Стваральнай працай, навуковымі распрацоўкамі, плённымі здабыткамі ў адукацыі і ахове здароўя, высокімі культурнымі дасягненнямі і спартыўнымі рэкордамі пазначаны летапіс гісторыі суверэннай Беларусі. Грунтоўны падмурак сённяшнім дасягненням заклалі папярэднія пакаленні. Адзін з самых каштоўных здабыткаў – вызваленне краіны ад фашысцкіх захопнікаў. Сталіца Беларусі была ачышчана ад гітлераўскіх акупантаў 3 ліпеня 1944 года. І менавіта ў гэты дзень удзячныя нашчадкі адзначаюць галоўнае свята краіны – Дзень Незалежнасці. Як і іншыя рэгіёны, Ляхавіччына салютуе Дню Рэспублікі дасягненнямі ў розных галінах вытворчасці.

Таццяна ПІШЧ, загадчык Навасёлкаўскага СДК, дэлегат Усебеларускага народнага сходу ад Ляхавіцкага раёна, стараста аграгарадка Навасёлкі, вёсак Пранчакі, Станчыкі:
– Слоган «Час выбраў нас», які прагучаў на першых пасяджэннях VII УНС, як ніколі, актуальны для беларусаў. У кожнага пакалення свае ідэалы, героі, але нас аб’ядноўваюць любоў да Радзімы, павага да нацыянальных традыцый, імкненне берагчы і прымнажаць народную спадчыну.
Быць дэлегатам УНС – хвалюючая і даволі сур’ёзная місія, бо дэлегаты сярод тых, хто прымае важныя для ўсёй краіны і кожнага яе жыхара рашэнні. Упэўнена, што і на сёлетнім пасяджэнні будуць узняты пытанні дзяржаўнай бяспекі, эканомікі і сацыяльнай сферы, маладзёжнай палітыкі, захавання гісторыка-культурных каштоўнасцей.
З задавальненнем і інтарэсам займаюся грамадскай работай, больш за 10 гадоў – стараста аграгарадка Навасёлкі, вёсак Пранчакі, Станчыкі. А ў мінулым годзе ўпершыню абрана дэпутатам раённага Савета дэпутатаў – такі давер мне аказалі выбаршчыкі Вялікалотаўскай выбарчай акругі. Цяпер прыкладаю ўсе намаганні, каб апраўдаць іх давер і спадзяванні.
На УНС у чарговы раз прагучала меркаванне пра неабходнасць усебаковага забеспячэння мерапрыемстваў па патрыятычным выхаванні. Ушанаванне народных традыцый, выхаванне з дзяцінства пачуцця патрыятызму – адзін з асноўных напрамкаў работы культработнікаў Навасёлкаўскага СДК з выхаванцамі дзіцячага садка, школьнікамі, моладдзю. Сумесна з педагогамі, прадстаўнікамі грамадскіх аб’яднанняў ладзім канцэрты, акцыі, конкурсы, трымаем шэфства над помнікамі героям і ахвярам Вялікай Айчыннай вайны. Вось і зараз актыўна рыхтуемся да свята аграгарадка, якое традыцыйна супадае з Днём вызвалення Навасёлак і бліжэйшых вёсак ад фашысцкіх захопнікаў. Як дэпутат райсавета дэпутатаў, стараста заахвочваю землякоў да сумесных карысных спраў. У Год добраўпарадкавання гэта асабліва актуальна. Сёлета з выхаванцами дзіцячага садка заклалі ў дашкольнай установе алею з туй. Моладзь, неабыякавыя землякі розных узростаў добра папрацавалі на суботніках. Заўжды ў справах па патрыятычным выхаванні, добраўпарадкаванні актыўную дапамогу аказвае ААТ «Шлях новы» –
разам мы робім адну справу.
На якой бы сцэне ні выступаў народны ансамбль песні і гумару «Вечарніца» – у сельскім клубе ці на тэлебачанні – заўжды з гонарам успамінаем сваю малую радзіму – Ляхавіччыну.

