Памяць, якую не спаліць. У Ляхавіцкім раёне 48 населеных пунктаў паўтарылі лёс Хатыні

У Ляхавіцкім раёне 48 населеных пунктаў паўтарылі лёс Хатыні: фашысты спалілі іх падчас акупацыі з 1941 па 1944 год.

Восем дзесяцігоддзяў прайшло з той чорнай, страшнай, вогненнай для нашай краіны даты – 20 сакавіка 1943 года. Карны фашысцкі атрад перагарнуў чарговую жалобную старонку тых зверстваў, якія гітлераўцы штодня ўчынялі над мірным насельніцтвам падчас Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай беларускай зямлі. Праз гады па ініцыятыве Генеральнай пракуратуры рэспублікі ўдакладняюцца спісы ўдзельнікаў карных аперацый, якіх абвінавачваюць у масавым злачынстве супраць чалавецтва – генацыдзе беларускага народа.

22 сакавіка 1943 года разам з усімі жыхарамі спалена вёска Хатынь… З таго часу на карце Беларусі такі населены пункт існуе толькі намінальна. Людзі тут больш не жывуць. Але сюды зноў і зноў прыходзяць, прыязджаюць не толькі грамадзяне Беларусі, каб пакланіцца, аддаць даніну павагі нявінным ахвярам вайны. Як знак няспале-най памяці тут узведзены мемарыяльны комплекс «Хатынь». І сёлета ў Год міру і стварэння ў Хатыні будзе асабліва шматлюдна.
Беларускіх сясцёр Хатыні, якія паўтарылі яе вогненны лёс, безліч… Як і імёнаў бязвінна загінулых землякоў. На Брэстчыне ў фашысцкім агні згарэла больш за 800 на-селеных пунктаў (628 карнікі спалілі разам з жыхарамі, у 186 больш ніколі не вярнулася жыццё…). Полымя спаленых вёсак чорным крылом ахутала і Ляхавіччыну: у нашым раёне 48 сясцёр Хатыні. Шаноўныя чытачы, «ЛВ» прапануе вашай увазе аповяды нашых землякоў пра лёсы толькі некаторых населеных пунктаў раёна, якіх у прамым сэнсе датычыўся пажар Вялікай Айчыннай вайны.

Праз некалькі дзён пасля Свяціцы спалілі Хатынь…

Наталля БУЙКЕВІЧ, дырэктар Ліпскай СШ:
– Як жа я люблю маю малую радзіму – палескую вёсачку Свяціца. Там усё цудоўна – прырода, людзі. У яе багатай гісторыі ёсць адна вельмі трагічная старонка. За час фашысцкай акупацыі ў гады Вялікай Айчыннай вайны Свяціцу палілі двойчы, прычым 11 сакавіка 1943 года – дашчэнту. У чым жа твая віна, вёсачка? За што нелюдзі прыйшлі, каб пакалечыць цябе, абрабаваць, знішчыць? У той страшны дзень ад вялікага населенага пункта, дзе да вайны было больш за 200 двароў і жыло каля тысячы чалавек, засталіся толькі коміны, вуголле і могілкі. Літаральна праз некалькі дзён лёс маёй Свяціцы паўтарыла Хатынь. Большасць жыхароў тым сакавіцкім днём 1943 года ўратавалася ад гітлераўцаў і паліцаяў, схавалася ў лесе. Потым яны вярнуліся ў вёс-ку, на месцы папялішчаў выкапалі зямлянкі. Свяціца засталася партызанкай, у кожнай зямлянцы народныя мсціўцы, якія прыходзілі ў вёску, маглі разлічваць на дапамогу, жыхары чым маглі дапамагалі партызанам, дзяліліся апошнім кавалкам хлеба. Тады ўсе жылі з адной марай: каб як мага хутчэй закончылася вайна, каб перамагчы фашыстаў, каб будаваць новае мірнае жыццё. Не ўсе мае землякі тады дачакаліся вызвалення. Цяжкім стаў і пасляваенны час. Але кожны свяцічанін разумеў, ён працуе дзеля сваёй сям’і, дзеля сваёй Радзімы. Яны ўмелі цаніць мір, бо на ўласным прыкладзе ведалі страшнае слова «вайна». Самае галоўнае багацце маёй роднай Свяціцы – людзі. Заўжды ў памяці – паэтка, настаўніца Свяціцкай школы Вера Дыдышка, якая разам з мужам Уладзімірам Шыловічам калісьці стварыла на базе школы музей «Партызанская слава» (дзейнічаў з 1990 па 2015 год). Штогод у сакавіку праводзяцца мерапрыемствы, прысвечаныя трагічнай даце 11 сакавіка 1943 года. Сёлета ў Ліпскай СШ прайшла сустрэча-рэквіем «Шляхам спаленых вёсак». Няма апраўдання таму жорсткаму тэрору, тым зверствам, якія адчула на сабе мірнае насельніцтва ад фашыстаў у гады вайны. Званы Хатыні і сёння гучаць набатам, наказваюць нам: «Людзі, помніце, якой цаной заваявана шчасце жыць». І кожны новы ўдар – перасцярога ад паўтарэння страшнай трагедыі. Праўда вайны – вечная.

Тухавічы гарэлі ў 1944-м

Алена ПЯТЛІЦКАЯ, дырэктар Тухавіцкай СШ:
– Кожны раз, калі мая бабуля Вера Міхайлаўна Філіповіч расказвала нам, унукам, пра Вялікую Айчынную вайну, яна плакала, разам з ёю плакалі і мы. Шкада тых, хто жыў у той страшны час. Стаўшы дарослымі, зноў і зноў вярталіся ўспамінамі ў бабуліны аповяды пра гады ваеннага ліхалецця. Калі пачалася Вялікая Айчынная, бабулі было 18 гадоў. Яе мужа прызвалі ў Чырвоную Армію, ваяваў амаль чатыры гады, прапаў без вестак. А бабуля стала партызанскай сувязной: перадавала запіскі з данымі, што хавалі ў хамут каня, запрэжанага ў вазок. У адзін з дзён 1943 года гітлераўцы ўварваліся ў Тухавічы. З успамінаў бабулі: «Немцы выгналі ўсіх людзей са сваіх хатаў на сход. Па вёсцы было чуваць, як галасілі жанчыны і дзеці, думалі толькі адно – расстраляюць. Гітлераўцы сказалі, што ім патрэбны людзі, якія будуць працаваць на Германію, і выбралі самых дужых маладых жанчын і мужчын, адправілі іх на прымусовыя работы ў Нямеччыну». Гэта быў толькі пачатак здзекаў карнікаў над тутэйшымі жыхарамі. У 1944 годзе яны спалілі Тухавічы. Зноў з успамінаў маёй бабулі: «Аднойчы над Тухавічамі кружыў нямецкі самалёт. Партызаны яго збілі, гітлераўскаму лёт-чыку ўдалося выскачыць на парашуце. Прабіраючыся па лесе да сваіх, ён сустрэў тухавічаніна, перапоўнены нянавісцю да акупантаў, ён не паказаў фашысту дарогу, за што і паплаціўся жыццём. Лётчык усё ж дабраўся да сваіх. Помста фашыстаў была жорсткай. Прыляцеў самалёт і нізка над сялом адкрыў агонь з кулямёта. Саламяныя стрэхі дамоў успыхнулі пажарам. Самалёт зрабіў разварот над лесам, праляцеў яшчэ ніжэй і падпаліў другі рад хатаў. Спалоханыя людзі паўцякалі ў поле і лес, а калі вярнуліся, рэшткі іх хатаў дагаралі. Засталіся толькі кузня і тры крайнія дамы, яны стаялі на адлегласці ад іншых». А тухавічане знайшлі сваё часовае прыстанішча каля партызанскага атрада «За Радзіму».

Вогненнае полымя бушавала ў Рагачах

Людміла ДЫДЫШКА, намеснік дырэктара Тухавіцкай СШ:
– Бой 3 лютага 1944 года ў вёсцы Рагачы асаблівага ўплыву на далейшы ход Вялікай Айчыннай вайны не аказаў. Але чарговы раз пацвердзіў: вайна – гэта страшна. Узброены атрад карнікаў (260 фашыстаў) праз Любейкі і Рагачы вёў наступленне на Тухавічы, каб знянацку напасці на партызанаў, якія там знаходзіліся, каб чарговы раз абрабаваць мясцовае насельніцтва. Але спакойна прайсці Рагачы ворагу не ўдалося. Там знаходзілася разведка партызанскага атрада імя Чкалава, завязаўся бой. Пачуўшы выстралы, на дапамогу кінуліся 28 пар-тызанаў, якія на гэты час былі ў Тухавічах і не чакалі такой інтэнсіўнай атакі з боку народных мсціўцаў. Фашысты ў паніцы пачалі адступленне ў бок Любеек. Яшчэ да падыходу сваіх таварышаў, разведчык-партызан Міхаіл Баін з аўтамата забіў сем гітлераўцаў, але яго цяжка паранілі і закалолі штыкамі і нажамі. Потым зверы ў абліччы людзей пачалі падпальваць дамы ў Рагачах (згарэла 17 пабудоў), забіваць мірнае насельніцтва. Усяго каты забілі 19 рагачоўцаў, з якіх чацвёра – дзеці, чацвёра былі паранены.

У ліпені 1944-га

Наталля ГУЛІЦКАЯ, настаўнік гісторыі Навасёлкаўскай СШ:
– З самага пачатку акупацыі фашысты ўстанавілі жорсткі парадак у аснове якога – насілле над людзьмі. Па даносах Паўліны Нагорнай і Сяргея Булатага, якія самі пайшлі на службу да акупантаў, 23 жніўня 1941 года былі арыштаваны актывісты – дэпутаты сельскага Савета Андрэй Несцяровіч, Мікалай Булаты, Іван Заяц, Канстанцін Баранчык, Васілій Нагорны, Віктар Сакун, Барыс Яковіч. З успамінаў жыхаркі Гарбачоў Зофіі Бубен: «Мне было 10 гадоў, калі пачалася вайна. Помню, як каты здзекаваліся над жанчынай, у адной кашулі яе вывалаклі на вуліцу і вялі пад аховай аўтаматчыкаў. Валасы растрапаліся, па твары сцякала кроў. Яе дачушка Соня, з якой я сябравала, ірвалася да маці і моцна галасіла, але мая мама схапіла яе ў абдымкі і не выпускала. 26 жніўня 1941 года ўсіх пасля жорсткіх катаванняў расстралялі каля ракі ў Дараве». Жыхара вёскі Пранчакі Вікенція Несцяровіча расстралялі ў лютым 1942 года за тое, што сям’я падтрымліва-ла партызанаў – выпякала хлеб. Потым яго сына Сяргея выклікалі ў камендатуру ў Каранеўшчыну, і дамоў ён не вярнуўся: забітага знайшлі вясною ў прыдарожных кустах. Па даносах у 1943 годзе забралі шмат маладых людзей: каго пад цяжкімі здзекамі прымушалі служыць у паліцэйскіх атрадах самааховы, каго вывозілі прымусова на работы ў Германію. Восенню 1943 года арыштавалі і расстралялі ў Ляхавічах сям’ю хутараніна Восіпа Еўхача за падтрым-ку сувязей з партызанамі і ўкрыццё параненага пар-тызана. Вёска Навасёлкі вызвалена ад фашыстаў 7 ліпеня 1944 года, гітлераўцы паспелі спаліць цэлую вуліцу на Ведзьме (частка Навасёлак). Па расказах мясцовага жыхара Іосіфа Пражогі, тутэйшая царква Іаана Прадцечы спалена немцамі, якія адступалі. Цяжкія баі ішлі 6-7 ліпеня ў раёне былога маёнтка пана Казлоўскага ў напрамку на Станчыкі і Сваятычы. Пры адступленні фашысты падпалілі Станчыкі. Людзі бачылі са схронаў каля ракі Ведзьмы, як гараць хаты, але выратаваць вёску не маглі. У выніку артабстрэлу згарэла і вёска Пірштукі.
Часткова акупанты спалілі вёскі Гарбачы, Вошкаўцы (сённяшняя Ураджайная), Селявічы. Адна са сведак, жыхарка Гарбачоў, расказвала, што фашысты, адступаючы, адбіралі апошнія прадукты, людзі як маглі хавалі сваё дабро. Тады раззлаваныя акупанты «кінулі пеўня» пад страху – згарэла ўся вуліца.
Каб занатаваць няспаленую памяць пра такія населеныя пункты Ляхавіччыны, у нашым раёне будзе ўстаноўлены памятны знак. Папярэдне прайшоў конкурс эскізных праектаў па стварэнні такога сімвалічнага вобраза памяці пра спаленыя ў гады вайны вёскі. Неўзабаве памятны знак будзе ўстаноўлены паабапал аўтамабільнай дарогі Р-43 каля вёскі Марынова. А ляхавіцкія школьнікі далучыліся да адзінага рэспубліканскага ўрока «Аб чым звоняць званы Хатыні», прымеркаванага да 80-годдзя трагічных падзей.

Падрыхтавала Галіна КАНЬКО.