Пад мірным небам роднай краіны. Жыхары Ляхавіччыны разважаюць пра дзяржаўны клопат і дасягненні ў розных галінах вытворчасці

Святлана СМАРШЧОК, намеснік начальніка ўпраўлення – начальнік аддзела сацыяльнай абароны ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, «Чалавек года» ў намінацыі «занятасць, сацыяльная абарона насельніцтва» па выніках 2024 года, адзначана медалём «За бездакорную службу» III ступені:


– Дзень Незалежнасці – знакавая дата для беларусаў. Нам, нашчадкам пакалення пераможцаў, ёсць чым ганарыцца. Перамога дала магчымасць з’яўленню суверэннай Беларусі, у якой галоўная каштоўнасць – чалавек. Пра тое, што Беларусь – сацыяльна арыентаваная дзяржава, у аснове палітыкі якой клопат пра чалавека, добра ведаю па родзе прафесійных абавязкаў. Дзяржава надае павышаную ўвагу старэйшаму пакаленню, падтрымлівае сем’і, асабліва – мнагадзетныя. У пацвярджэнне літаральна некалькі фактаў. На ўліку ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама па стане на 30 чэрвеня знаходзіцца 7 543 землякі залатога ўзросту, якія штомесяц без затрымак атрымліваюць пенсію. Так, за май на іх выплату накіравана больш за сем мільёнаў рублёў.
На падтрымку сем’яў з дзецьмі з акцэнтам на тыя, дзе выхоўваюцца тры і больш дзяцей, працуе комплекс мер. Сярод іх і праграма сямейнага капіталу, памер якога з 1 студзеня 2025 года ўстаноўлены ў суме 33 275 рублёў. За назначэннем гэтай дзяржаўнай дапамогі ў ТЦСАН з пачатку года ў нашым раёне звярнуліся 16 сем’яў. Датэрмінова вырашылі скарыстацца грашовымі сродкамі 11 сем’яў, з якіх восем – на паляпшэнне жыллёвых умоў. Яшчэ адзін від падтрымкі сем’яў – дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога, якая ў раёне з 1 студзеня назначана 41 чалавеку на агульную суму каля 48 000 рублёў.
Такіх прыкладаў пра клопат і ўвагу да людзей вельмі многа. І ў цяжкай жыццёвай сітуацыі дзяржава заўсёды працягвае руку дапамогі тым, хто ў гэтым мае патрэбу.