Памяці прадзеда
Мінулае не праходзіць бясследна, асабліва калі гэта мінулае –
вайна. Нават і тады, калі ты сам не перажыў яе, а ведаеш пра мужны і суровы час толькі з успамінаў родных. Амаль дзесяць гадоў запар у беларускі аграгарадок Падлессе прыязджае, каб пакласці кветкі на брацкую магілу і пакланіцца памяці прадзеда – гвардыі сяржанта, камандзіра аддзялення другой стралковай роты 133-га гвардзейскага стралковага палка 44-й гвардзейскай стралковай Чырванасцяжнай дывізіі Гаўрылы Карнеевіча Бяспалава – яго праўнук Аляксей Мамонаў са сваёй сям’ёй.
Гаўрыла Бяспалаў родам з Тульскай вобласці, адкуль і быў прызваны на фронт. Праўнук героя Вялікай Айчыннай вайны на сустрэчы з навучэнцамі Падлескай школы расказваў, што пасля вайны яго прабабуля Праскоўя Яфрэмаўна і яе шасцёра дзяцей неаднаразова звярталіся ў ваенкамат, каб даведацца пра лёс роднага чалавека, ад якога не атрымалі за ўвесь час ні адзінай звесткі. У сям’і засталася толькі яго фатаграфія, якая заўсёды вісела на сцяне…
У 2012 годзе на адным з сайтаў пра ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны праўнук знайшоў інфармацыю пра баявы шлях прадзеда, які прывёў яго ў Беларусь. Даведаўся ён і пра подзвіг роднага чалавека ў ходзе наступальных баёў у лютым 1944 года: падчас адбіцця варожай контратакі знішчыў нямецкіх захопнікаў. І за гэта быў узнагароджаны медалём «За баявыя заслугі». А 8 ліпеня 1944 года быў паранены і памёр у ваенным шпіталі каля вёскі Шавялі. Гаўрыла Бяспалаў пахаваны ў аграгарадку Падлессе ў брацкай магіле, якая знаходзіцца на тэрыторыі школы. Тут, на беларускай зямлі, Гаўрыла Бяспалаў застаўся навечна.
Праўнук удзячны настаўнікам і навучэнцам школы за ўшанаванне памяці салдатаў Вялікай Айчыннай вайны і лічыць гэта вельмі важным у выхаванні падрастаючага пакалення. Ён шмат расказвае і сваім дзецям пра тую вайну і вялікі подзвіг нашага народа і штогод наведвае з сям’ёй магілу прадзеда. Маладое пакаленне павінна ведаць гісторыю і шанаваць памяць продкаў, памятаць, якім коштам дасягнута Перамога.
Рэдкалегія школьнай газеты Падлескай БШ «СЮЖэт».





