Фільм, фільм, фільм… 17 снежня — Дзень беларускага кіно, які адзначаюць і ў Ляхавічах

Кінамеханік з 44-гадовым стажам Антон Несцяровіч.

У час, калі не было інтэрнэту, відэамагнітафонаў і DVD-прайгравальнікаў , калі тэлевізары лічыліся раскошай, кожны паход у кіно станавіўся вялікай падзеяй і радасцю. А потым убачанае жыва абмяркоўвалася. Каб пагля-дзець любімы фільм, на якія толькі выдумкі не ішлі, прыстасоўвалі ў якасці экрана нават прасціны. І ўсё дзеля таго, каб убачыць далёкія краіны, знакамітых людзей і жыццё ва ўсіх яго фарбах.

У сярэдзіне 60-х кінасетка раёна налічвала 56 кінаўстановак. Жыхары вялікіх і малых вёсак, райцэнтра з радасцю наведвалі кожны сеанс. “У тыя гады адлегласць не была перашкодай, каб паглядзець “Дзяўчынка шукае бацьку”, “Чырвонае лісце”, любімых усімі “Волгу-Волгу”, “Вясёлых рабят”… У сельскім клубе не было свабодных месцаў. Кожнай карціне быў гарантаваны аншлаг. Графік паказу і рэпертуар распісваўся на месяц”, – расказвае кінамеханік з 44-гадовым стажам Антон Несцяровіч, які добра памятае тыя часы. Заўзяты кінаман, у дзяцінстве хадзіў за 5 кіламетраў, каб паглядзець новы фільм. Таму пасля заканчэння школы вырашыў звязаць сваё жыццё з кінапаказам. 18-гадовага юнака прынялі ў Галавачоўскі сельскі клуб памочнікам кінамеханіка, а неўзабаве адправілі вучыцца ў Брэст. У кінатэатры “1 Мая” і практыку праходзіў, і спасцігаў азы прафесіі. Паспяхова здаў экзамены і вярнуўся дадому спецыялістам першай катэгорыі.

Жыццё склалася так, што быў ён і рэдактарам па фільмаруху, і наладчыкам кінарамонтнага пункта, і адміністратарам, бабіны з кінастужкамі развозіў. “Колькі кіламетраў накатаў і на веласіпедзе, і на лыжах, і на матацыкле. Фільманоска, у якой пераносілі стужкі, важыла 16 кілаграмаў. Два такія прыстасаванні – цэлы фільм”, – расказвае Антон Антонавіч. У яго працоўнай кніжцы – падзякі і ўзнагароды. У сваю прафесію і жонку Станіславу прыцягнуў. Тая да гэтага была поварам, стала кінамеханікам у Коньках.

Некалькі гадоў назад у Ляхавічах з’явілася вуліца імя Міхаіла Пташука.

Працоўную дзейнасць Антон Несцяровіч пачынаў у Федзюках – на радзіме сваёй маці. ”З Федзюкоў і наш знакаміты зямляк – сусветна вядомы кінарэжысёр Міхаіл Пташук. Для землякоў ён быў узорам настойлівасці і мэтанакіраванасці. Ён – гонар усёй краіны, канешне, але для федзюкоўцаў – асабліва: свой, тутэйшы, а як праславіў вёсачку сваім нараджэннем, сваім талентам. Хлопчыкам рос, як ўсе мясцовыя рабяты. Калі ў клуб прывозілі кіно – глядзеў, не адрываючыся. Відаць, яго ўжо тады цягнула да мастацтва, – успамінае Антон Несцяровіч. – Для землякоў кожны яго прыезд на радзіму быў святам – сустракалі цёпла і сардэчна. Гаварылі: “Наш Міша прыехаў”. Заўсёды федзюкоўцы цікавіліся яго творчасцю, ганарыліся ім. Памятаю, як Міхаіл Пташук са стужкай “Вазьму твой боль”, яшчэ “сырой” (як ён сам адзначаў), прыехаў у вёску. Адправіліся мы з ім у клуб у Галавачы і першымі яе паглядзелі. Пазней фільм убачыў не толькі ўвесь раён, народ валам ішоў на яго – здымаўся ён іменна ў нашых мясцінах”. І не толькі беларускія гледачы з захапленнем глядзелі, суперажывалі героям, думалі…

Усе 12 фільмаў Міхаіла Пташука сталі папулярнымі, сабіралі поўныя залы і самыя прэстыжныя ўзнагароды. Сёння землякі шануюць і захоўваюць памяць пра вялікага майстра. На доме славутага кінарэжысёра, народнага артыста Беларусі ў Федзюках устаноўлена мемарыяльная дошка, а адна з вуліц райцэнтра носіць яго імя.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *