Гандаль пад знакам увагі. Прапіска магазіна «Родны кут» у Задвор’і Ляхавіцкага раёна абавязвае яго трымаць марку

Прапіска магазіна «Родны кут» у Задвор’і абавязвае яго трымаць марку. Што ён паспяхова і робіць. Знаходзячыся ў пяці кіламетрах ад Ляхавічаў, гандлёвая кропка служыць прыпынкам на маршруце падарожнікаў. А ў мясцовых жыхароў магазін не толькі папулярны, але і лічыцца своеасаблівым інфацэнтрам, дзе сустракаюцца аднавяскоўцы.

Прадаўцы стараюцца зрабіць асартымент не горшым, чым у горадзе. Алена Смаршчок і Людміла Хвясько – работнікі вопытныя, уважлівыя і адказныя. У гандлі абедзве больш за два дзесяцігоддзі, у Задвор’і больш за пяць гадоў. Яны ведаюць густы сваіх пакупнікоў і памятаюць, якім прадуктам тыя аддаюць перавагу. І, канешне, імкнуцца задаволіць попыт.
Тавараабарот гэтай гандлёвай кропкі складае 50 тысяч рублёў у месяц, а ў летні сезон яшчэ больш.
– Задворскі магазін – адзін з лепшых у сістэме спажыўкааперацыі раёна. Тут не толькі высокі тавараабарот, але і асаблівая атмасфера. Усё дзякуючы ветлівасці і майстэрству прадаўцоў. А гэта немалаважна ў стварэнні станоўчага ўражання пра магазін і ў справе паспяховага гандлю, – падкрэслівае начальнік сектара кадрава-прававой і ідэалагічнай работы райпо Аксана Трасюк.
У магазіне добры прадуктовы асартымент. У пераліку малочная прадукцыя некалькіх вытворцаў. Сапраўдная палачка-выручалачка для гаспадынь – мясная раздзелка і паўфабрыкаты: фарш, катлеты, адбіўныя ў паніроўцы, каўбасы і г. д. Прадаўцы ўлічваюць і інтарэсы ласуноў і забяспечваюць даволі багаты асартымент кандытарскіх вырабаў. У прапанове і прадукцыя райпо: больш за дзясятак відаў пячэння, булачкі, кексы, свежы хлеб і іншае. Задавальняе і выбар цукерак, якія райпо закупляе напрамую, напрыклад, з «Камунаркі». На паліцах таксама сезонная садавіна і гародніна. Для параўнання: чарэшня, якая сёння на кірмашы каштуе больш за 20 рублёў за кілаграм, у задворскім магазіне сёння па 14 рублёў. Шырока прадстаўлена і прамысловая група. Тавар, якога няма ў пераліку, можна заказаць, і яго даставяць у вызначаны час. Прадаўцы прымаюць заказ на будаўнічыя матэрыялы, складаную бытавую тэхніку і іншае. Мае значэнне і зручная выкладка, шырокія падыходы да паліц з таварам. Усе гандлёвыя бонусы «апрануты» ў ветлівасць, нераўнадушнасць і прафесіяналізм задворскіх прадаўцоў.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.