Смачны сэрвіс ад «Ластаўкі». Сустрэць душэўна, а накарміць – смачна! Так заведзена ў рэстаране «Ластаўка» Ляхавіцкага раённага спажывецкага таварыства

Сустрэць душэўна, а накарміць – смачна! Так заведзена ў рэстаране «Ластаўка» Ляхавіцкага раённага спажывецкага таварыства. У «Ластаўцы» кліентам заўсёды рады і гатовы задаволіць самыя розныя густы.

Дзеля стварэння гастранамічнага настрою сваім гасцям тут надаюць сур’ёзную ўвагу дэталям: кветкавыя кампазіцыі на ўваходзе, далей – утульнае фае з асартыментам сувенірнай прадукцыі з акцэнтам «зроблена ў Ляхавічах».

Бармен Таісія Бацкалевіч кожнага наведвальніка сустракае, як самага жаданага госця. Уважлівая і кампетэнтная, у рэстараннай справе яна 35 гадоў і добра ведае, што патрабуецца, каб госць зноў прыйшоў у «Ластаўку».
У зале рэстарана цалкам абноўлены інтэр’ер і створана атмасфера святочнасці, на якую працуюць новая мэбля і посуд, стыльная люстра і ўбранне вокнаў, а таксама іншыя дэталі. Маецца вялікі экран і караоке. Утульна і антуражна ў банкетнай зале, дзе можна адпачыць вузкім колам. А ў спякотны дзень нямала жадаючых паабедаць на тэрасе рэстарана.

У ляхавічан і гасцей горада папулярнасцю карыстаецца комплексны абед. Стартуе такое меню з 12 гадзін і працуе да 15 гадзін. Бізнес-ланч традыцыйна прадстаўлены ў двух варыянтах,. Напрыклад, 1 ліпеня гасцям прапанавалі на выбар: салат з бурака з тварожным сырам, суп харчо з ялавічынай, шніцаль са свініны, пюрэ бульбяное з агурком, кампот. Другі варыянт: салат «Дружба», халодны боршч, зразы курыныя ў беконе, рыс адварны са свежым агурком, пончыкі тварожныя і чай. Кошт такога «камплекта» – ад 17 да 20 рублёў. Кожную страву можна набыць і паасобку.

У асноўным меню разнастайныя закускі, салаты, гарачыя стравы, гарніры, дэсерты і г. д. Маецца прапанова і для тых, у каго пост. А калі ў вас адметная падзея, сабралася сяброўская кампанія – калі ласка, зазірніце ў святочнае меню, дзе прывабна і смачна выглядае асарці з шашлыка, свіная шыя пад соусам «тэрыякі», рулецікі з баклажанаў з сырна-арэхавай начынкай і іншае.
– Усе стравы гатуюцца згодна з тэхналагічнымі картамі і рэцэптамі. Стараемся, каб яны былі не толькі смачнымі і сытнымі, але і на талерцы выглядалі апетытна. Прадукты ў нас абавязкова якасныя і свежыя. Раз у тыдзень у меню ўключаем стравы беларускай кухні, напрыклад, мачанку з блінамі, квасок, дзеруны і іншае. У залежнасці ад сезона ў асноўнае меню ўключаем дадатковыя стравы і глядзім, ці прыйшліся яны даспадобы. Існуюць класічныя рэцэпты, да якіх нашы кліенты прывыклі, але мы распрацоўваем і новыя спалучэнні прадуктаў, – падкрэслівае повар-брыгадзір Вольга Койпіш. Яна і яе калега, таксама повар-брыгадзір Ніна Жыжа, быццам дырыжоры,
па-майстарску кіруюць вытворчым працэсам. У прафесіі Ніна Жыжа ўжо чатыры дзесяцігоддзі. На ўсе рукі майстрыха – гэта пра яе. Вольга Койпіш за 20 гадоў працы таксама заваявала аўтарытэт прафесіянала і мае максімальны – шосты – разрад. Вольга не аднойчы вынікова прымала ўдзел у конкурсах прафесійнага майстэрства і разам з Таісіяй Бацкалевіч гатавала для гасцей прэміум-стравы. У калектыве «Ластаўкі» працуюць вопытныя повары Тамара Аўсей і Таццяна Траяноўская, месяц назад сюды прыйшла і малады спецыяліст – афіцыянтка Таццяна Жагунова. У іх распараджэнні сучасная кухонная тэхніка: бульбаачышчальная машына, агароднінарэзка, фрыцюрніца, слайсеры для нарэзкі агародніны і шмат іншага. Набор інструментаў дазваляе пашыраць рэстараннае меню. А наяўнасць пасудамыйнай машыны забяспечвае крыштальны бляск посуду. У карыстанні і вакууматар, устройства су-від, якое дазваляе гатаваць па ўласных рэцэптах пры параўнальна нізкіх тэмпературах з захаваннем усіх карысных якасцяў. Усё па-сучаснаму і з творчым падыходам. Рэстаранныя работнікі гатуюць стравы і на вынас. На любыя можна зрабіць заказ, і яго прыгатуюць на вызначаны час. Застанецца толькі аплаціць і забраць стравы. У прапанове і фуршэтнае абслугоўванне.
– Запрашаем у «Ластаўку» на смачны абед, рамантычную вячэру ці адзначыць знакавую падзею. Будзем рады зрабіць ваш дзень святочным і смачным, – падкрэслівае начальнік
сектара кадрава-прававой і ідэалагічнай работы райпо
Аксана Трасюк.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.





