Люблю спяваць – і ўсё тут… Жыхар Ляхавіцкага раёна Міхаіл Пятроўскі прыняў удзел у тэлевізійным шоу «Добры вечар»

Такімі словамі пачалася размова карэспандэнта «ЛВ» з земляком Міхаілам Пятроўскім, які рызыкнуў не толькі марыць, але і ажыццявіць сваю творчую мару. Напрыканцы чэрвеня Міхаіл прыняў удзел у тэлевізійным шоу «Добры вечар» на тэлеканале «Беларусь 1». Пераскочым у фінал – хітовую кампазіцыю ён выканаў душэўна, натхнёна… і асэнсавана. А яго гісторыя трапіла кожнаму ў сэрца.

Але да выпуску ў эфір Міхаіл праверыў сябе на творчую трываласць. Зімовыя вечары галоўны інжынер ААТ «Жарабковічы» праводзіў у тым ліку за праглядам праграмы «Добры вечар».

– Дзякуючы такім шоу мы бачым, колькі ў нас таленавітых беларусаў. Няхай многім не скараецца вялікая сцэна (дарэчы, ім гэта і не патрэбна), але ў іх ёсць магчымасць вось так заявіць пра сябе на ўсю краіну. І гэта можа кожны, хто песняй і з песняй жыве. Пацверджана маім вопытам! – адзначае Міхаіл.
«Калі іншыя могуць, чаму б і мне не паспрабаваць «заляцець» на гэты праект», падумаў наш зямляк і запоўніў анкету шоу.
– Думаў, што калі «маё» – значыць, запросяць. Калі атрымаў запрашэнне, нават крыху спужаўся. Гэта ўжо не жарт! Але па жыцці заўжды трымаюся за любую магчымасць. Лепш паспрабаваць, каб пасля не шкадаваць, – расказвае Міхаіл.
Тое, што наш зямляк не памыліўся, стала зразумела, калі здымачная група завітала ў госці – у такія дарагія сэрцу Жарабковічы. З якімі, як прызнаецца сам, ужо не зможа развітацца. У тутэйшай гаспадарцы ён – галоўны інжынер, тэхніка – яго праца, яго натхненне, антыдэпрэсант.
– Таму і хацелася расказаць усёй краіне пра нашу гаспадарку. Расказаць, што моладзі на вёсцы рады, пра яе клапоцяцца, а талковыя кадры – цэняць. Колькі тут плюсаў: і работа, і годны заработак, і жылплошча ад ААТ ёсць. Бяры і жыві сабе на здароўе. Тут ужо ты рэжысёр свайго лёсу. Не адсюль бегчы, а сюды трэба спяшацца, на вёску, – з пяшчотай пра працу расказвае Міша.
Завітала група і пад дах дома, дзе ўсё ў нашага земляка па-гаспадарску класна. «Веснікаўцам» радасна, што ўваход у дом пачынаецца з прыемных навін – у паштовай скрыні – раёнка.
А яшчэ пра чалавека з вялікай душой, жыццёвай адказнасцю і добрым выхаваннем гавораць яго цёплыя зносіны з бацькамі. Тэлевізійны сюжэт так пяшчотна злавіў кадры, дзе ўся сям’я Пятроўскіх сабралася за сталом. Дарэчы, такім жа складам і чакалі выхад у эфір новага выпуску шоу «Добры вечар». Без слёз радасці і гонару не абышлося!


– Здымалася так лёгка! Гэта не толькі я заўважыў, аператары таксама адзначылі. Хацелася расказаць пра свой ляхавіцкі край і яго людзей. Хацелася спяваць, і я гэта зрабіў, – расказвае Міхаіл. – Сядзець
за адным сталом з такімі зоркамі, як Аляксандр Саладуха, Дзіяна Гурцкая, Таццяна Глазунова – гэта само па сабе ўжо шчасце. А пець побач з імі – гэта ўвогуле нешта неверагоднае. За творчым сталом здзівіла, як людзі па-рознаму прыходзяць да песні, як асэнсоўваюць, што музыка дае сілы рухацца далей, іх жыццёвыя гісторыі заварожваюць. Таму такія праекты і трапляюць у сэрца гледача, бо гэта пра нас, простых беларусаў. Няхай спяваю не прафесійна, але гэта музыка ад сэрца, – дзеліцца наш зямляк.

Для Міхаіла Пятроўскага гэта першы жыццёвы вопыт вялікай сцэны і такой творчай увагі. Ці складана было на здымачнай пляцоўцы?
– Упершыню ўбачыў, як праходзяць здымкі, – іншы бок тэлевізара, так сказаць. Гэта вельмі тонкі і творчы працэс. Цікава было бачыць увесь творчы бум перадачы на экране ў сабраным выглядзе. А пра атмасферу скажу так: такое пачуццё, нібы я тут не ўпершыню – лёгка, шчыра, без хвалявання. Нікому не гаварыў пра дату эфіру, але атрымаў столькі паведамленняў і званкоў ад родных і сяброў. Многія нават не ведалі, што люблю спяваць. Значыцца, не дарма рызыкнуў. Ці хачу яшчэ адчуць гэты творчы адрэналін?
Канешне, упэўнены, гэта пачатак, – адказвае Міхаіл.

Маргарыта КУХТА.