Парадак на зямлі – работа сістэмная. У Ляхавіцкім раёне падвялі паўгадавыя вынікі Года добраўпарадкавання

Год добраўпарадкавання перайшоў за экватар, і можна падсумаваць зробленае. Паўгадавыя вынікі навядзення парадку і эфектыўнасць выкарыстання земляў, праблемы, над якімі трэба папрацаваць, абмеркавалі на апаратнай нарадзе ў райвыканкаме.
Начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Іна Траяноўская нагадала, што план па рэалізацыі Года добраўпарадкавання ўключае мерапрыемствы па азеляненні, рамонце вулічна-дарожнай сеткі, замене свяцільняў на энергаэфектыўныя, уладкаванні кантэйнерных пляцовак і многае іншае.
У праграме добраўпарадкавання – і ўключэнне ў гаспадарчы абарот невыкарыстоўваемых зямельных участкаў (ужо на плошчы каля сямі гектараў), раскарчоўка старых садоў (работы выкананы на плошчы 10 з паловай гектараў). У справе добраўпарадкавання задзейнічаны плошчы сельгасарганізацый, тэрыторыі ўздоўж аўтамабільных дарог і чыгункі, тэрыторыі воінскіх пахаванняў і могілак.
Па словах Іны Траяноўскай, вялікі ўклад у навядзенне чысціні і паляпшэнне «знешнасці» раёна ўнеслі працоўныя калектывы, грамадскія арганізацыі, моладзь, насельніцтва. Але былі і такія, каму патрабаваўся штуршок у выглядзе штрафу ці рэкамендацый. Інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя аформлена 42 адміністрацыйныя справы, спагнаны штраф на суму больш за 19 тысяч рублёў. Выяўлена шэсць фактаў прычынення шкоды навакольнаму асяроддзю, прад’яўлена столькі ж прэтэнзій на суму больш за 10 тысяч рублёў.
Спецыялісты райЦГіЭ за шэсць месяцаў ацанілі санітарны стан 1016 тэрыторый у райцэнтры, вёсках і аграгарадках. Парушэнні выяўлены больш чым у палове выпадкаў. Галоўны санітарны ўрач раёна Віталій Ціханаў адзначыў, што многія суб’екты гаспадарання аператыўна ўхілялі выяўленыя парушэнні. Вынікі паказалі, што ў здавальняючым стане ўтрымліваюцца тэрыторыі ўстаноў адукацыі і аховы здароўя, аўтазаправачнай станцыі, спартыўныя збудаванні, адміністрацыйныя будынкі, воінскія пахаванні, чыгуначныя і аўтобусная станцыі.
Начальнік аддзела землеўпарадкавання райвыканкама Наталля Крымская ўказала, што, згодна з планам на 2025 год, у сельгасабарот уцягнута каля 58 гектараў зямлі, якая была занята драўняна-хмызняковай расліннасцю, для перадачы ў склад ляснога фонду пазначана 223 гектары. З пачатку года знесена і рэалізавана 32 старыя пустуючыя дамы з уцягваннем у гаспадарчы абарот земляў пад імі. Аддзел землеўпарадкавання накіраваў у арганізацыі 36 даручэнняў па легалізацыі самавольна занятых зямельных участкаў. Па стане на 30 чэрвеня легалізавана 52 зямельныя ўчасткі. Па стане на канец чэрвеня выдадзена 29 прадпісанняў аб ухіленні парушэнняў заканадаўства аб ахове і выкарыстанні земляў. З іх пяць пакуль знаходзяцца ў аддзеле на кантролі.
Кіраўнік раёна Мікалай Мароз падкрэсліў, што работы па добраўпарадкаванні яшчэ нямала. Старшыня райсавета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч акцэнтаваў увагу на актыўным прыцягванні насельніцтва да навядзення чысціні.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

