За вітрынай сяльмага. Пытанні гандлёвага абслугоўвання насельніцтва заўжды на слыху

Пытанні гандлёвага абслугоўвання насельніцтва заўжды на слыху. Пакупнікі актыўна абмяркоўваюць, у тым ліку ў інтэрнэт-прасторы, плюсы-мінусы асартыментнага пераліку і якасці тавараў на паліцах магазінаў, узровень абслугоўвання, умовы, створаныя ў гандлёвых кропках. На кантролі пытанні трымае ўлада. Традыцыйныя маніторынгі праводзяць дэпутаты Парламента і мясцовых Саветаў, прадстаўнікі органаў улады. У мінулую сераду старшыня раённага Савета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч і карэспандэнты «ЛВ» пабывалі ў некаторых магазінах у сельскай мясцовасці.

1

– Апошнім часам праблемных момантаў у гандлёвым абслугоўванні аграгараджан і вяскоўцаў становіцца менш. І гэта сведчыць не толькі пра больш выніковую работу ўласнікаў магазінаў, а і пра выніковасць мер і больш якасны кантроль розных службаў. Напрыклад, калі толькі пачалі праводзіцца сходы грамадзян па вырашэнні пытанняў мясцовага значэння, пэўная частка крытычных заўваг з боку вяскоўцаў тычылася менавіта асартыменту тавараў у магазінах, іх кошту, якасці, культуры абслугоўвання, добраўпарадкавання аб’ектаў гандлю. Як райпо, так і прыватнымі магазінамі была праведзена работа над памылкамі, і многія пытанні станоўча вырашаны. Цяпер асноўная задача – не паўтарыць колішнія пралікі і не дапусціць новых. Дэпутацкі корпус раёна надае значную ўвагу рабоце магазінаў у сельскай мясцовасці, бо гэта важны паказчык для стварэння камфортных умоў для вяскоўцаў, – адзначае Юрый Чаранкевіч.

2

У аграгарадку Русінавічы два магазіны – «Родны кут» райпо (фота 3) і «Лотас» індывідуальнага прадпрымальніка. Пра папулярнасць гандлёвай кропкі райпо гавораць лічбы і факты. У сярэднім за дзень тут бывае больш за 200 пакупнікоў. Для сельскага населенага пункта, нават у статусе аграгарадка, гэта лічба важная. Што прываблівае сюды наведвальнікаў? Адказ даюць аграгараджане.
– Мне наш магазін падабаецца. Усё ёсць, тавар абнаўляецца. Хлеб, малочныя прадукты заўжды ў наяўнасці, няма патрэбы ў Ляхавічы за прадуктамі ехаць, – гаворыць Сяргей Сцепанель.
– Усяго хапае. Каўбаса свежая. Агародніна таксама добрая. А салодкасцей колькі для ўнукаў! Яны заўжды са мной з задавальненнем бягуць у магазін. Вось толькі нялішнім было б свяжэйшай бульбы завезці. Прадавец падабаецца. Маладая, але спрытная, уважлівая. Падкажа, параіць. І ўвогуле – магазін у нас выдатны, – далучаецца Антаніна Лазоўская.

3


Сапраўды, роля прадаўца ў рабоце магазіна важная. Тутэйшай гандлёвай кропцы ў гэтым плане пашанцавала. Яна Гладкая працуе некалькі месяцаў. Але, як і больш вопытная калега-напарніца Наталля Шклянік, адказна ставіцца да сваіх абавязкаў, стараецца выконваць заказы пакупнікоў і прытрымлівацца правіла – «пакупнік заўжды правы».
– У нашым магазіне шырокі асартымент тавараў паўся-дзённага попыту. Напрыклад, малочная прадукцыя – «Ляхавічок», «Беллакт», «Савушкін прадукт» – прыязджае штодзённа. Добры выбар хлебабулачных вырабаў, значная частка якіх вытворчасці ляхавіцкага кааппрама, – гаворыць Яна Гладкая.
Праз дарогу – прыватны магазін «Лотас». Тут і плошчы, і асартымент меншыя. Але самае неабходнае для пакупнікоў ёсць, у тым ліку і запатрабаваная малочная і хлебабулачная прадукцыя. І, як сцвярджае прадавец «Лотаса», здаровая канкурэнцыя паміж магазінамі толькі на карысць пакупнікам.
Разнастайнасці харчовых тавараў, іх выкладцы, запаў-няльнасці паліц, камфортнай абстаноўцы, сучаснаму абсталяванню, прасторнаму памяшканню могуць пазайздросціць і гарадскія аб’екты гандлю. Гэта пра ўбачанае ў магазіне «Родны кут» аграгарадка Конькі (фота 1,2).
Пералік сацыяльна значных тавараў размешчаны на інфармацыйным стэндзе. А самі тавары (на любы густ і на любы кошт) кампактна раскватараваліся на паліцах гандлёвага аб’екта, які сёлета адрамантаваны. Амаль усе найбольш запатрабаваныя таварныя пазіцыі як мінімум двух вытворцаў. Значную частку зай-мае і ляхавіцкая прадукцыя, у прыватнасці, малочнага і кансервавага заводаў, кааппрама. Плюс, як падкрэсліла мясцовая жыхарка Святлана Сакун, тут ветлівыя і ўважлівыя прадаўцы.
Наступны адрас – магазін «Родны кут» у вёсцы Ураджайная. 23 гады прадаўцом тут працуе Наталля Тумаш, якая ведае пакупніцкія запыты не толькі жыхароў Ураджайнай, але і бліжэйшых вёсак.
– Стараюся заказваць малочнай прадукцыі, хлебабулачных вырабаў столькі, каб хапіла ўсім, але і каб не заставалася лішняга. Прымаю заяўку і на прамысловыя тавары. Вясной і летам асабліва запатрабаваны разнастайныя будаўнічыя матэрыялы. Вось зараз чакаю прывозу заказанага цэменту, – удакладняе Наталля Тумаш.
У невялікай па плошчы гандлёвай кропцы выбар тавару дастойны. І, нягледзячы на тое, што многія вяскоўцы самі вырошчваюць агародніну, у магазіне яе таксама можна набыць без праб-лем. Прычым, агуркі, памідоры, бульба, капуста добрай якасці і па прымальным кошце. У асартыменце – запатрабавааныя малочка, хлеб, каўбасныя вырабы, замарожаная мясная прадукцыя.
– Для маёй сям’і і, думаю, для аднавяскоўцаў у нашым магазіне дастаткова любога тавару. Нават зімой можна купіць свежую агародніну і садавіну. Добры выбар «малочкі» – ёсць і «Савушкін прадукт», і прадукцыя ляхавіцкага малочнага завода. Толькі выбірай, што каму больш падабаецца, – разважае Ганна Зубік.
Старшыня Навасёлкаўскага сельвыканкама Аляксандр
Мацюшэнка расказвае, што двойчы на месяц маніторыць усе гандлёвыя кропкі на тэрыторыі сельсавета на наяўнасць тавараў першага попыту і на якасць прадукцыі. Падкрэслівае, што і стацыянарныя магазіны, і аўталаўкі райпо працуюць добра, асаблівых заўваг і скаргаў з боку насельніцтва няма.
Убачанае падчас маніторынгу – станоўчыя сведчанні работы раён-ных аб’ектаў гандлю. Канешне, так было не заўжды, ды і сёння пэўныя праблемы маюць месца. Але галоўнае, што сельскія магазіны не застаюцца без увагі: рамантуюцца, забяспечваюцца неабходным асартыментам. Дзесьці, варта прызнаць, гэта робіцца на выдатна. Ну а дзесьці ёсць над чым папрацаваць.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.