Ловіцца рыбка бясплатная і платная. У Ляхавіцкім раёне для аматараў пасядзець з вудачкай прадугледжаны як бясплатныя, так і платныя месцы для рыбнай лоўлі
Для кагосьці гэта захапленне, для іншых – выдатная магчымасць бавіць час на свежым паветры, ёсць і такія, хто лічыць сябе паляўнічым з прыстаўкай аква. Размова пра рыбалку, для якой не існуе перапынкаў ні з-за надвор’я, ні па сезонах.

У Ляхавіцкім раёне для аматараў пасядзець з вудачкай каля вады прадугледжаны як бясплатныя, так і платныя месцы для рыбнай лоўлі.
– На сёння ў арэндзе знаходзяцца пяць размешчаных на тэрыторыі нашага раёна водных аб’ектаў: сажалкі Зубелевічы, Ляхавіцкая, Сакуны, Востраў, вадасховішча Мінічы. Яны здадзены ў арэнду на пяцігадовы тэрмін. Прычым, сажалка Зубелевічы прызначана для таварнага рыбаводства, Сакуны – для спартыўнай рыбнай лоўлі, Ляхавіцкая і Востраў (самая вялікая плошча – амаль 81 гектар), Мінічы – для платнай рыбалкі. Арандатары навялі і падтрымліваюць парадак як у вадзе, так і на тэрыторыі вакол, бо гаспадар у адказе не толькі за добраўпарадкаванне тэрыторыі, але і за зарыбленне. Да таго, як водныя плошчы перадаюцца ў часовае карыстанне, патэнцыяльны арандатар прадстаўляе бізнес-план, які з цягам часу павінен рэалізавацца. На пастаяннай аснове маніторынг чысціні і парадку на кожнай з арандаваных тэрыторый, –адзначае галоўны спецыяліст упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Наталля Біза.
Але не столькі клопат пра захаванасць прыроды хвалюе рыбаловаў, як тое, што рыбалка на арандаваных вадаёмах платная. Абураюцца, чаму павінны плаціць за «народныя багацці», якія заўжды былі бясплатнымі, маўляў, так лавілі рыбу нашы дзяды і прадзеды. Аднак, ёсць і другі бок платнай рыбалкі – частка грошай за пуцёўку ідзе на добраўпарадкаванне тэрыторыі, частка – на зарыбленне.
Канешне, лёгка разважаць на тэму, што рыбная лоўля павінна быць бясплатнай у любым месцы. Але чамусьці не бярэцца пад увагу, колькі даводзіцца папрацаваць арандатарам і ўкласці фінансаў, каб рыба вадзілася ў вадаёме і трапляла на кручок. А між тым, вадасховішча Нетчын на працягу 9 гадоў чакала свайго арандатара. Жадаючых не было. У рэшце рэшт, знайшоўся гаспадар, які зараз афармляе неабходныя дакументы.
Не жадаеце плаціць за рыбалку? Акрамя арандаваных вадаёмаў, на Ляхавіччыне нямала месцаў, дзе можна заняцца любімым заняткам бясплатна. Чым многія рыбакі з задавальненнем і карыстаюцца. І вяртаюцца дамоў з уловам, часам нават нядрэнным.
Галіна КАНЬКО.

