Дарожная азбука бяспекі. Дарожную сітуацыю і бяспеку на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна разгледзелі на пасяджэнні райвыканкама
Ад якіх фактараў залежыць бяспека на дарогах? Адказ на гэта пытанне даволі шматзначны. Захаванне правілаў дарожнага руху ўсімі яго ўдзельнікамі, уважлівасць і ўзаемапавага, дысцыпліна, стан дарожнага пакрыцця, добраўпарадкаванне прыдарожных палос – усё гэта складнікі бяспечнай і камфортнай дарогі.
Па інфармацыі РАУС, летась назіралася тэндэнцыя да павелічэння колькасці дарожна-транспартных здарэнняў: на тэрыторыі Ляхавіччыны зарэгістравана 17 ДТЗ (у 2023 г. – 8).
У 2024 годзе ў дарожна-транспартных здарэннях загінулі 5 чалавек і 17 траўмаваны. Асноўны рост аварыйных сітуацый на дарогах адбыўся па прычыне выезду транспартнага сродку на паласу сустрэчнага руху, з-за парушэння правілаў перавозкі пасажыраў. Вырасла колькасць ДТЗ з удзелам веласіпедыстаў і матацыклістаў. Яшчэ адна небяспечная тэндэнцыя – павелічэнне летась колькасці аварый з удзелам п’яных вадзіцеляў і вадзіцеляў, якія не маюць права кіравання транспартнымі сродкамі.
Начальнік РАУС Дзяніс Майсеня паведаміў, што ў мінулым годзе па прапанове АДАІ РАУС для ўзмацнення дарожнай бяспекі ў раёне абсталявана 8 штучных няроўнасцей, заменена 65 дарожных знакаў, устаноўлена на аварыйных участках дарог 14 дадатковых дарожных знакаў, вынесена 61 прадпісанне арганізацыям, на чыім балансе знаходзяцца дарогі. За невыкананне прадпісанняў да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты пяць службовых асоб. Праведзена 135 прафілактычных акцый, 80 выступленняў супрацоў-нікаў міліцыі на тэму дарожнай бяспекі ў працоўных калектывах і ва ўстановах адукацыі.
Напэўна, мэтанакіраваная прафілактычная работа паспрыяла таму, што сёлета дарожная сітуацыя паступова мяняецца ў лепшы бок. За 6 месяцаў бягучага года зменшылася колькасць ДТЗ, як і колькасць пацярпелых у аварыях у параўнанні з аналагічным перыядам 2024 года. Сёлета не зарэгістравана загінулых у ДТЗ. Па інфармацыі РАУС, прымаемыя меры дазваляюць кантраляваць дарожную сітуацыю ў раёне, аднак па асобных накірунках патрэбна актывізаваць работу не толькі міліцыі, але і іншым зацікаўленым службам. Плануецца правядзенне практычных і прафілактычных мерапрыемстваў па папярэджанні ДТЗ у месцах, дзе былі зарэгістраваны дарожныя аварыі ў 2024-2025 гадах. Па-ранейшаму актуальныя штомесячныя прафілактычныя выступленні супрацоўнікаў міліцыі перад дарослымі і юнымі ўдзельнікамі дарожнага руху. Будзе прадоўжаны на пастаяннай аснове маніторынг стану вулічна-дарожнай сеткі, а пры выяўленні недахопаў прадпісанне аб неабходнасці выпраўлення неадкладна будзе накіроўвацца арганізацыям, на чыім балансе знаходзяцца дарогі. Пастаянны кантроль за захаваннем ПДР будзе праводзіцца з дапамогай платформы рэспубліканскай сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі.
«ЛВ» таксама далучаецца да агульнай справы: разам з зацікаўленымі службамі будзем маніторыць сітуацыю з парадкам на дарогах. Тэматычную інфармацыю публікуем у раёнцы і сацыяльных сетках.
Галіна КАНЬКО.

