Стандарт на камфорт.Якія пытанні разглядаліся на пасяджэнні Ляхавіцкага райвыканкама

Асфальтаванне вуліцы Вакзальнай у аграгарадку Русінавічы.

На ліпеньскім пасяджэнні райвыканкама разглядалася пытанне выканання нарматываў дзяржаўных сацыяльных стандартаў па абслугоўванні насельніцтва Ляхавіцкага раёна ў 2025 годзе.

Перад кіраўніцтвам раёна, прадстаўнікамі розных падраздзяленняў райвыканкама, устаноў і арганізацый, старшынямі сельвыканкамаў, дэлегатамі Усебеларускага народнага сходу выступіла начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Святлана Валуй. Яна нагадала, што раёну даведзена 39 сацыяльных стандартаў, па стане на
1 ліпеня выкананы 38. Нявыкананы адзін – па ўдзельнай вазе вуліц з удасканаленым пакрыццём. Для патрымання вулічна-дарожнай сеткі Ляхавіччыны ў належным стане адказнымі за гэты накірунак арганізацыямі праводзіліся работы па грэйдзіраванні, ямачным рамонце, падсыпцы, заліўцы трэшчын і г. д. Аднак іх аказалася недастаткова, каб сацыяльны стандарт быў выкананы. Што маем?
У раёне ўказанае па нарматыве пакрыццё маюць53,9 працэнта дарог, па стандарце павінна быць не менш за 60 працэнтаў. Агульны паказчык пацягнула ўніз сітуацыя ў Конькаўскім (31,4 працэнта дарог з удасканаленым пакрыццём), Навасёлкаўскім (42 працэнты), Ганчароўскім (51 працэнт) сельсаветах. Для параўнання, у горадзе 83,5 працэнта дарог могуць пахваліцца ўдасканаленым пакрыццём. Толькі ў першым паўгоддзі сёлета адрамантавана 3,5 кіламетра гарадскіх вуліц Камсамольскай, Садовай, Русінавіцкай, Палявой і завулкаў Новага, Камсамольскага, Тэхнікумаўскага, Яблыневага, Спакойнага. На гэтыя мэты з бюджэту выдаткавана 680 тысяч рублёў.
Што тычыцца астатніх стандартаў у галіне жыллёва-камунальнай гаспадаркі, то, па словах Святланы Валуй, яны выкананы.
Так, забяспечанасць насельніцтва вадой з цэнтралізаваных сістэм водазабеспячэння ў горадзе – 100-працэнтная (нарматыў – 85 працэнтаў), у аграгарадках – 80,2 працэнта (нарматыў – 70 працэнтаў).  Аднак, у аграгарадках Дарава і Падлессе гэты стандарт не выконваецца – 21,6 і 67,4 працэнта адпаведна.
Намеснік старшыні райвыканкама Людміла Матчэня адзначыла, што бясспрэчна важна выкананне дзяржаўных сацыяльных стандартаў. Але не менш важна праводзіць работы якасна. Як прыклад Людміла Матчэня прыгадала няякаснае выкананне рамонтных дарожных работ ДРБУ-200. Інжынер-тэхнолаг аўтаатрада прыгарадных, міжгародніх і міжнарод-ных пасажыраперавозак ААТ «Аўтапарк г. Баранавічы» Андрэй Масцілоўскі сярод асноўных праблемных момантаў назваў дрэнны стан некаторых гравійных дарог на Ляхавіччыне. Асабліва гэта адчувальна вясной і восенню падчас сельгаскампаній, калі транспарт сельгаспрадпрыемстваў ездзіць па вясковых дарогах. ДРБУ-200 не паспявае праводзіць грэйдзіраванне ці іншы раз робіць гэта няякасна. А пакутуюць пасажыры рэйсавых аўтобусаў па прычыне некамфортнай перавозкі. Яшчэ адзін праблемны момант, які назваў Андрэй Масцілоўскі, – нездавальняючы стан некаторых аўтобусных прыпынкаў, асабліва ў невялікіх вёсках. Там не толькі не створаны зручныя ўмовы для пасажыраў, але і праблемна аўтобусу пад’ехаць да такога прыпынку.

Старшыня райвыканкама Мікалай Мароз звярнуў увагу на тое, што гэта тэма надзвычай важная і можа па праву лічыцца адзнакай сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна, работы ўлады па забеспячэнні належных умоў жыццядзейнасці насельніцтва, паляпшэння яго дабрабыту. У гэтай тэме не павінна быць проста назіральнікаў, кожны ў адказе за свой участак работы. Таму неабходны зацікаўленасць і канкрэтныя выніковыя справы.

Святлана Валуй назвала стапрацэнтным вынік і па стандартах у адукацыі – выкананы ўсе 9 паказчыкаў. Так, поўнасцю задаволены попыт на месца ў дашкольных установах. На выхаванне і навучанне аднаго дзіцяці ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі па стандарце павінна выдаткоўвацца не менш за 1700 рублёў у год. У нашым раёне на гэтыя мэты накіроўваецца 4974 рублі.
Па лічбах усё ў парадку з дзяржстандартамі ў сферы гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання насельніцтва – у раёне выконваюцца шэсць нарматываў сацыяльных стандартаў у гэтай галіне. Нарматыў забяспечанасці насельніцтва месцамі ў агульнадаступных аб’ектах грамадскага харчавання па раёне складае 26,4 месца на 1000 жыхароў пры нарматыве 22 на 1000 жыха-роў. Сёлета адкрыты новы аб’ект – сталоўка ў ААТ «ТБЗ Ляхавіцкі». Мікалай Мароз адзначыў, што, па-ранейшаму ў райцэнтры не дастаткова аб’ектаў грамадскага харчавання – кафэ, сталовых, дзе можна паабедаць. На гэтым акцэнтуюць увагу і ляхавічане, і госці райцэнтра.
Выконваюцца сацыяльныя стандарты ў сферы бытавога абслугоўвання. Сем комп-лексных прыёмных пунктаў, якія знаходзяцца на балансе Ляхавіцкай ЖКГ, аказваюць паслугі па рамонце адзення, абутку, цырульніцкія, пракату, па вырабе рытуальных прыналежнасцей, а таксама вядуць прыём заказаў на хімчыстку, пральню. У тыя населеныя пункты, дзе КПП адсутнічаюць, камунгас па графіку арганізоўвае выязное абслугоўванне не ра-дзей аднаго раза на два тыдні пры наяўнасці заявак. Акрамя таго, як падкрэсліла Святлана Валуй, у даным накірунку працуюць і індывідуальныя прадпрымальнікі. Іх поле дзейнасці – рытуальныя паслугі, рамонт бытавой тэхнікі, мэблі, абутку. Усяго на Ляхавіччыне зарэгістравана 59 суб’ектаў, што займаюцца аказаннем бытавых паслуг насельніцтву.
Няма пытанняў да выканання сацыяльных стандартаў у галіне транспарту, культуры, сувязі, сацыяльнага абслугоўвання, аховы здароўя, фізічнай культуры і спорту.

Галіна КАНЬКО.