Замест канікулаў – працоўная змена. Гэтымі днямі на Ляхавіччыне працуюць тры студэнцкія атрады

Гэтымі днямі на Ляхавіччыне працуюць тры студэнцкія атрады. Два з іх – сельскагаспадарчыя, яшчэ адзін – педагагічны
14 ліпеня ў раёне на працоўную вахту заступілі два сельскагаспадарчыя студатрады. У ААТ «Нача» баявое хрышчэнне працай праходзяць байцы студэнцкага сельскагаспадарчага атрада «Драйв» імя Героя Савецкага Саюза Аляксандра Мацвеевіча Матросава. У складзе студатрада 21 навучэнец Ляхавіцкага аграрнага
каледжа і тры мясцовыя школьнікі, расказвае намеснік дырэктара ААТ «Нача» Галіна Рамейка і адзначае, што падрастаючай змене ў гаспадарцы заўсёды рады.
У першыя дні студатрадаўцы папрацуюць падсобнымі рабочымі, а пасля далучацца да ўборачнай кампаніі і паспрабуюць сілы на зернетаку.
У першы дзень будучых аграномаў, ветэрынараў і заатэхнікаў размеркавалі па вытворчых аб’ектах: на МТФ «Зубелевічы», МТФ «Цэнтр» і на добраўпарадка-ванне начаўскага парку. Папярэдне праведзены інструктаж па ахове працы, кожнаму выдадзены дзве пары пальчатак і абавязкова – вада.
– Па першым дні відаць, як складуцца справы. І нам усё спадабалася. Разам з іншымі «калегамі» працавала на МТФ «Зубелевічы». Яе загадчык Аляксандр Іванавіч растлумачыў нашы абавязкі і акрэсліў задачы. З задавальненнем працавалі, размаўлялі, жартавалі. Хтосьці падмятаў, іншыя нешта чысцілі і мылі. І хаця спачатку было няпроста, але пасля прыладзіліся. Далей па плане афарбоўка. Вучуся на ветэрынара і, лічу, карысна пабываць на вытворчых аб’ектах і паглядзець на працэс знутры. Ну і, канешне, важна зарабіць грошы, – дзеліцца камандзір атрада трэцякурсніца каледжа Лізавета Станкевіч.
У ААТ «Шлях новы» на 11 дзён – да 25 ліпеня прапісаўся студэнцкі сельскагаспадарчы атрад «Маладзёжная страла» імя Героя Савецкага Саюза Гаўрыіла Станіслававіча Здановіча.У атрадзе выпускнікі гімназіі і СШ № 1.
На час працоўнай вахты яны аформлены ў ААТ падсобнымі рабочымі. Кіруе атрадам настаўнік Малагарадзішчанскай школы Вераніка Буйкевіч. Спецыяліст па кадрах Таццяна Гатоўчыц адзначае, што юнакі і дзяўчаты працуюць добрасумленна, заўваг да іх няма.
– Падкупае, што яны пасля ўсіх экзаменацыйных хваляванняў і ўступнай кампаніі выбралі працоўную змену. Упэўнена, стануць добрымі спецыялістамі, – падкрэслівае Таццяна Гатоўчыц.

Першы сакратар райкама БРСМ Анастасія Дземідовіч расказвае, што, акрамя сельскагаспадарчых атрадаў, у аздараўленчым лагеры «Чайка» пад эгідай Беларускага рэспуб-ліканскага саюза моладзі працуе студэнцкі педагагічны атрад «Партызаны Талаша» імя партызана Васілія Ісаакавіча Талаша, дзе камандзірам зараз настаўнік хіміі Малагарадзішчанскай СШ Сяргей Лешык.
На вуліцах райцэнтра з 14 ліпеня можна ўбачыць юных работнікаў у яркіх камізэльках – гэта падапеч-ныя лагера працы і адпачын-ку «Авантаж» СШ №1. На 15 дзён яны працаўладкаваны ў КУШВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» рабочымі зялёнага будаўніцтва. Працоўныя будні па добраўпарадкаванні горада яны сумяшчаюць з насычанай забаўляльна-спартыўнай праграмай, дзе лідзіруючае месца займаюць мерапрыемствы патрыятычнай накіраванасці.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.


