Асфальт пакуль не паўсюдна

У групу газеты ў сацыяльнай сетцы прыйшло паведамленне: «Аграгарадок Русінавічы рыхтуецца да «Дажынак»: мяняюць агароджу, робяць рамонт, усюды кладуць асфальт. Але пра вуліцу Лугавую, якая з 1993 года чакае добрую дарогу, зноў, пэўна, забылі. На днях дарога была грэйдзіравана, але пасля дажджу расплылася…»

«ЛВ» за каментарыем звярнуўся да намесніка старшыні райвыканкама Аляксея Галяка. Ён патлумачыў, што гэтымі днямі ў Русінавічах ДРБУ-200 укладвала асфальт па вуліцах Палявой, Вакзальнай, па завулку Вакзальным і ўчастку вуліцы Чыгуначнай. На бягучы рамонт дарожнага пакрыцця гэтых вуліц, якія былі ўключаны ў абласную праграму, з абласнога бюджэту было выдзелена каля 280 тысяч рублёў. У дарожным пераліку вуліцы Лугавой няма. Асфальт там будзе пакладзены толькі ў выпадку дадатковага фінансавання.