Хлеб таксама хварэе. «Ляхавіцкі веснік» адправіўся ў філіял «Кааппрам» Ляхавіцкага райпо, дзе выпускаюць у тым ліку прадукцыю, якая «засвяцілася» ў Тік-Ток
Прадукцыя ляхавіцкіх хлебапёкаў карыстаецца папулярнасцю ў пакупнікоў, прычым не толькі Ляхавіцкага раёна. Таму поўнай нечаканасцю стаў відэаролік у Тік-Ток, дзе размова ішла пра няякасны хлебны выраб Ляхавіцкага кааппрама. Дарэчы, у каментарыях пад пастом многія таксама акцэнтавалі ўвагу на тым, што з задавальненнем купляюць нашу хлебабулачную прадукцыю. Але ж факт застаецца фактам. Каб разабрацца ў праблеме, «Ляхавіцкі веснік» адправіўся ў філіял «Кааппрам» Ляхавіцкага райпо, дзе і выпускаюць у тым ліку прадукцыю, якая «засвяцілася» ў Тік-Ток.

Начальнік вытворчасці прадпрыемства Наталля Валчок (на здымку) не хавае заклапочанасці, бо апошнія некалькі гадоў ніякіх скаргаў з боку пакупнікоў на якасць прадукцыі не паступала.

– Адзначу, усе хлебабулачныя вырабы адпраўляюцца за межы завода пасля арганалептычнай ацэнкі і адпавядаюць усім тэхналагічным патрабаванням. У сувязі са спякотным надвор’ем і павышанай вільготнасцю пшанічныя і пшанічна-жытнёвыя хлебабулачныя вырабы могуць паражацца «бульбяной хваробай». Гэта захворванне звязана з наяўнасцю на збожжы спор бульбяной палачкі і ў хлебапячэнні поўнасцю застрахавацца ад яго немагчыма. Работнікі нашага прадпрыемства рэгулярна напачатку і напрыканцы змены право-дзяць санітарную апрацоўку тэхналагічнага абсталявання. Наогул, прымаюцца ўсе меры, каб папярэдзіць магчымасць захворвання. Асноўныя прыкметы «бульбяной хваробы» – хлеб унутры сыры, ліпкі мякіш, непрыемны пах. Па відэа можна меркаваць пра наяўнасць менавіта гэтага захворвання. На кааппраме не парушаецца тэхналагічны працэс выпечкі хлеба, кожная партыя мукі, якая паступае на прадпрыемства, мае адпаведнае пасведчанне аб якасці мукі, у якім ёсць абавязковае пацвярджэнне, што заражонасць узбуджальнікамі «бульбяной хваробы хлеба» праз 36 гадзін не выяўлена. Пры захаванні ўсіх неабходных умоў тэрмін прыгоднасці незапакаванага хлеба 36 гадзін. Калі яго захоўваць далей, у спякотным памяшканні ў поліэтыленавым пакеце, не выключаецца магчымасць праяўлення «бульбяной хваробы», – расказвае начальнік вытворчасці Наталля Валчок.
Таксама яна раіць не купляць хлебабулачныя вырабы ў запас, ужываць іх свежымі на працягу 12-14 гадзін пасля выпечкі, а летам хлеб пажадана захоўваць у халадзільніку і не ў поліэтыленавым пакеце.
Адрэагавалі на сітуацыю і ў Ляхавіцкім райпо. У прыватнасці намеснік старшыні праўлення райпо Уладзімір Шырэй адзначыў:
– Па факце відэапублікацыі праведзена службовае расследаванне. Па знешнім выглядзе – колер і форма – хлеб адпавядае ўсім патрабаванням тэхнічных нарматыўных прававых актаў. Па ўсіх прыкметах хлеб, які паказаны ў відэароліку, паражоны «бульбяной хваробай», выкліканай бактэрыяй «бульбяная палачка». Такая хвароба можа развівацца па прычыне няправільнага захоўвання хлеба пры павышанай вільготнасці паветра і спякотным надвор’і, перавышэнні тэрмінаў захоўвання выпечкі. З 2023 года і па сёння вяртання хлебабулачных вырабаў з гандлёвай сеткі на кааппрам не было. У райпо скаргаў на якасць прадукцыі не паступала. Калі ўсё ж вам трапіў «хворы» хлеб, то вы заўжды можаце яго вярнуць ці ў магазін, дзе куплялі, ці непасрэдна на кааппрам.
Галіна КАНЬКО.

