Мінімізаваць усе рызыкі і сабраць ураджай без страт

Васілій ПЫЖЫК, першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні:
– Селектарную нараду па ўборачнай кампаніі Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка праводзіць не ўпершыню. І кожны раз гэта дакладны аналіз сітуацыі па кожным рэгіёне, дэталёвы разбор поспехаў і недапрацовак у рэжыме рэальнага часу. Поўнасцю згодны са словамі Прэзідэнта аб тым, што ўраджай трэба ўбраць своечасова, і, галоўнае, якасна, выкарыстоўваючы кожную хвіліну добрага надвор’я. Кіраўнік дзяржавы вызначыў найбольш важныя моманты: адказнасць усіх – ад механізатара да кіраўніка, строгая дысцыпліна на кожным этапе, належныя якасць і тэмпы ўборкі.
Аграрыі Ляхавіччыны працуюць так, каб дастойна вытрымаць чарговы экзамен. Для гэтага ў сельгаспрадпрыемстваў раёна ёсць усё неабходнае.
Кадры вырашаюць многае. На сёння па раёне стапрацэнтная забяспечанасць кадрамі на кожным з участкаў уборачнай. Прычым пераважная большасць – пастаянныя работнікі сельгаспрад-прыемстваў, з іншых арганізацый будуць працаваць на жніве 15 чалавек.
Наступны складнік – тэхніка. Тут таксама ўсё ў парадку. На жніве – 2025 задзейнічаны 46 камбайнаў, з якіх чатыры новыя – па адным у ААТ «Нача», «Шлях новы», два – у «Жарабковічах».
Як адзначыў Прэзідэнт, пры такіх умовах надвор’я, як гэтым летам, зернесушыльныя комплексы выходзяць на асноўныя ролі. Рэаліі такія, што ўбіраем вільготнае збожжа, якое абавязкова трэба дапрацоўваць на зернесушылках. Калі летась на зернесушыльных комплексах мы ў асноўным ачышчалі зерне, то сёлета амаль усяму збожжу патрабуецца сушка. Усе 18 ЗСК прайшлі мадэрнізацыю і гатовыя да прыёмкі ўраджаю зерня з палёў і яго далейшага давядзення да патрэбных кандыцый. Дарэчы, на газе працуюць усе ЗСК у «Шляху новым», «Ляхавіцкім», «Жарабковічах» (за выключэннем ЗСК у Тальмінавічах). А ЗСК у Зубелевічах ААТ «Нача» пераведзена з мясцовых відаў паліва на газавае. Няма праблем і з тэхнікай, што задзейнічана на адвозцы зерня, як дарэчы і з палівам, і з запчасткамі.
Кіраўнік дзяржавы залогам поспеху назваў працоўную і тэхналагічную дысцыпліну і запатрабаваў не дапусціць страт, у тым ліку тычыцца гэта і супрацьпраўных дзеянняў. У гэтым накірунку райсельгасхарч, кіраўніцтва гаспадарак сумесна з РАУС арганізуюць рэйды, маніторынгі, сельгаспрадпрыемствы заключылі дагаворы па ахове аб’ектаў.
Канешне, на ўраджай-2025 у многім паўплывала надвор’е. Такіх непрыемных сюрпрызаў ад нябеснай канцылярыі не было даўно. Разам з тым, вырашчанае трэба сабраць і дабіцца мінімальных страт. На палетках раёна «стаіць» нядрэнны ўраджай, нягледзячы на тое, што каля дзвюх тысяч гектараў (у асноўным кукурузы на зерне) перасявалася. Чакаем важкай аддачы ад азімых пшаніцы і трыцікале, яравога ячменю. Усе падставы разлічваць і на тое, што шчодра аддзячыць кукуруза на зерне. Але зноў, калі не падвядзе надвор’е.
На цяперашнім этапе сельгасработы не абмяжоўваюцца жнівом. Многія гаспадаркі Ляхавіччыны завяршылі другі ўкос траў і прыступілі да трэцяга. З упэўненасцю можна сцвярджаць, што запланаваныя 81 400 тон кармавых адзінак па раёне будуць нарыхтаваны. Тым самым на адну ўмоўную галаву жывёлы будзе назапашана 32 цэнтнеры кармавых адзінак. На сёння маем 9,4 цэнтнера кармавых адзінак. Летась папрацавалі плённа, а сёлета ўмацавалі зробленае – гэта пра наяўнасць сіласных і сянажных траншэй.
Надвор’е істотна не паўплывала на ўраджай ільну. Чакаем, што і ў бягучым годзе атрымаем не менш за
35 цэнтнераў з гектара. Усяго пад гэту культуру ў Ляхавіцкім раёне адведзена 2 600 гектараў, плюс 600 гектараў пад даўгунец для нашага льнозавода адве-дзена ў Баранавіцкім раёне. Зараз ідзе церабленне – праведзены работы на 600 гектарах, паралельна выконваецца абарочванне.
Вернемся на зерневыя палеткі. У гаспадарках раёна дастаткова тэхнікі і сіл, каб паралельна з уборкай займацца іншымі актуальнымі сельгасработамі. Адразу з палёў убіраецца салома.
На сёння ўбрана 82 працэнты – адзін з лепшых паказчыкаў на Брэстчыне. Вядзецца ворыва, ідзе падрыхтоўка пад сяўбу азімага рапсу, назапашваецца неабходная колькасць мінеральных удабрэнняў.
Асаблівая задача, на выкананні якой у чарговы раз акцэнтаваў увагу Кіраўнік дзяржавы, – клопат пра хлебаробаў. На Ляхавіччыне традыцыйна кіраўніцтва раёна сумесна з прафсаюзамі, БРСМ ушаноўваюць лідараў жніва. На раённых «Дажынках», акрамя работнікаў аграрных арганізацый, будуць ушаноўвацца за працу і памочнікі з іншых арганізацый. На кантролі і бытавыя ўмовы, створаныя для людзей, задзейнічаных на ўборачнай кампаніі.
Задачы, пастаўленыя Прэзідэнтам, важныя, і неабходна на кожным этапе і кожнаму ўдзельніку прыкласці ўсе намаганні дзеля іх вырашэння. Мэта ў нас адна – харчовая бяспека краіны.

