КДК кантралюе жніво. Камітэтам дзяржаўнага кантролю Брэсцкай вобласці ў дзевяці з 16 раёнаў выбарачна ў асобных гаспадарках праведзены кантрольныя мерапрыемствы

Камітэтам дзяржаўнага кантролю Брэсцкай вобласці ў дзевяці з 16 раёнаў выбарачна ў асобных гаспадарках праведзены кантрольныя мерапрыемствы па пытаннях падрыхтоўкі і правядзення ўборкі ўраджаю сельгаскультур, ходу корманарыхтоўкі.

Найбольшая колькасць парушэнняў і заўваг выяўлена кантралёрамі ў гаспадарках Камянецкага, Драгічынскага, Жабінкаўскага, Брэсцкага раёнаў.
Усе раёны вобласці прыступілі да ўборкі збожжавых каласавых, аднак у адной з гаспадарак Камянецкага раёна не падрыхтаваны зернесушыльны комплекс, у другой гаспадарцы з 2024 года вагавае абсталяванне не працуе.
У Баранавіцкім, Бярозаўскім, Івацэвіцкім, Маларыцкім, Пінскім, Пружанскім, Столінскім, Брэсцкім, Ляхавіцкім, Кобрынскім, Жабінкаўскім раёнах не ўсе склады падрыхтаваны да прыёмкі ўраджаю.
Адзначаецца недахоп кадраў. У адной з гаспадарак Драгічынскага раёна не ажыццяўляўся неабходны рамонт збожжаўборачнага камбайна, у Камянецкім раёне абавязкі вагаўшчыка і кладаўшчыка адначасова выконвала адна і тая ж асоба, што не выключае затрымкі ходу працэсу ўборкі. Акрамя таго, у некаторых гаспадарках названых раёнаў зафіксаваны шэраг парушэнняў парадку нарыхтоўкі травяных кармоў.
Па выяўленых Камітэтам фактах парушэнняў і недахопаў праінфармаваны мясцовыя органы ўлады для прыняцця адпаведных мер рэагавання.
Кантроль за ходам правядзення ўборкі і корманарыхтоўкі працягваецца.
КДК Брэсцкай вобласці.

P.S. Па інфармацыі райсельгасхарчу, па стане на
18 ліпеня ўсе склады ў гаспадарках Ляхавіцкага раёна былі гатовыя да прыёмкі ўраджаю.