Служба – агонь і хобі з характарам. 25 ліпеня супрацоўнікі адной з самых мужных прафесій адзначаць сваё свята – Дзень пажарнай службы

25 ліпеня супрацоўнікі адной з самых мужных прафесій адзначаюць сваё свята – Дзень пажарнай службы. Іх дзейнасць суправаджае рызыка для жыцця – яны дапамагаюць выратаваць людзей і маёмасць з агню. А за межамі работы кожны з іх мае хобі, якое дапаўняе мужны характар і часам дапамагае ў прафесійнай дзейнасці

Прафесія – мужная, натура – творчая

«Сэрцам – выратавальнік, душою – мастак. Гэта пра камандзіра аддзялення Шчэрбаўскага ПАВП № 12 Ляхавіцкага РАНС», – так тры гады назад пісаў «ЛВ» пра Аляксандра Заплёціна, партрэт якога па выніках года тады быў занесены на раённую Галерэю Славы.
Сёння ў прафесійнай дзейнасці Аляксандра пасля 20 гадоў службы гучаць фінальныя акорды, у якіх – удзячнасць за прафесіяналізм, нераўнадушнасць і актыўную жыццёвую пазіцыю. Два дзесяцігоддзі назад кар’ера выратавальніка-пажарнага Заплёціна пачалася на Шчэрбаўскім ПАВП. У яго службовай біяграфіі нейкі час быў і Падлескі ПАВП. Кожны выезд на выклік – хвалюючы і адказны. Старшы інструктар-выратавальнік адзначае, што кожны пажар ці іншая надзвычайная сітуацыя – гэта вопыт і, канешне, аналіз кожнага выпадку. Сёння вопытны выратавальнік-пажарны дае параду маладым калегам больш трэніравацца, каб адчуваць сябе ўпэўнена дзеля выканання сваіх абавязкаў. Ад гэтага залежыць многае, дадае Аляксандр.
– Люблю сваю прафесію і рады, што ў маім жыцці былі гэтыя 20 гадоў. Удзячны ўсім сваім калегам, з якімі прайшлі праз агонь і ваду, – адзначае старшы інструктар-выратавальнік. Узгадвае свой першы выезд, калі ён, 21-гадовы пажарны, стажыраваўся ў Ляхавічах, і паступіў выклік пра ўзгаранне на гарышчы дома. Побач быў вопытны начальнік каравула Юрый Таранда. З ім, як і з іншымі таварышамі па службе, было надзейна і ўпэўнена, падкрэслівае Заплёцін. Яго 3,5-гадовы сын Ромка паўтарае, што хоча быць пажарным, як тата. У скарбонцы старшага прапаршчыка Заплёціна шмат узнагарод рознага ўзроўню, сярод якіх – і за творчыя здольнасці.
Выратавальнік-пажарны па прызванні, а па адукацыі – мастак-афарміцель , шматлікія аўтографы якога маюцца не толькі ў райцэнтры. З першых яго работ, якія некалі ўпрыгожылі камунгасаўскі аб’ект, – яноты, што «вучылі» паасобнаму збору адходаў, пасля з’явіўся пажарны на сцяне пажарнага аварый-на-выратавальнага паста ў Шчэрбаве. Заплёцін па-майстэрску малюе на халсце, робіць скульптуры і працягвае распісваць гарадскія аб’екты. З нядаўняга – мурал на вуліцы Арлоўскага ў райцэнтры. Аляксандр заўважае, што сапраўднае задавальненне атрымлівае, калі завяршае работу. І кожная з-пад яго пэндзля выходзіць непаўторнай. Пасля завяршэння прафесійнай дзейнасці творчае хобі для Аляксандра Заплёціна стане паўсядзённым спадарожнікам. Няхай усё атрымаецца!
За рулём супраць стыхіі

Вадзіцель пажарнага аварыйна-выратавальнага паста № 12 у Шчэрбаве Віктар Янушкевіч 27 гадоў імчаў насустрач таму, ад чаго іншыя бягуць, – пажарам і надзвычайным сітуацыям.
Пасля службы ў арміі прыйшоў у ПАСЧ-1 пажарным, быў камандзірам аддзялення, але любоў да тэхнікі прывяла яго на вадзіцельскую пасаду на шчэрбаўскі пост. Пра свае працоўныя будні ён не любіць расказваць, але ганарыцца, што шмат гадоў разам з калегамі прыходзіў на дапамогу людзям. Віктар Янушкевіч дзеліцца, што для вадзіцеля ПАВП важныя хуткасць і пры гэтым выкананне Правілаў да-рожнага руху, веданне мясцовасці. А калі ў цыстэрне заканчваецца вада – і ўменне аператыўна заправіць машыну і вярнуцца назад. За час службы сутыкаўся з рознымі выпадкамі. Былі сярод іх і такія, калі даводзілася эвакуіраваць грыбніка на лодцы. Веданне мясцовасці дапамагло знайсці чалавека, які сам не мог ісці. Узгадвае Віктар Апалінаравіч і кур’ёзны выпадак, калі сірэнамі прывітаўся са знаёмым, а ў суседнім доме «гаспадарыў» злодзей. Пачуўшы сірэны, ён кінуўся наўцёкі…
З тэхнікай Віктар Янушкевіч на «ты» і да дробязі ведае свой ЗіЛ, які павінен знаходзіцца ў пастаяннай гатоўнасці. Вялікія машыны яго заўсёды натхнялі, з дзяцінства глядзеў на бацьку, які кіраваў аўтобусам. За Віктарам у РАНС некалі прыйшоў і яго брат Дзмітрый, і два дзесяцігоддзі адпрацаваў таксама вадзіцелем па-жарнай машыны. Кіраўніцтва РАНС пра Віктара Янушкевіча гаворыць як пра добрага чалавека і прафесіянала, які мае за службу і ўзнагароды, і ўдзячнасць насельніцтва. А па-за службай ён выдатны рыбак.
– Люблю жыць, спорт люблю! – падкрэслівае Віктар Янушкевіч. Яго ўменне ўспрымаць падзеі з гумарам дапамагае спраўляцца нават з няштатнымі сітуацыямі. Разам з калегамі ён за 27 гадоў службы прайшоў і агонь, і ваду. І сёння жадае ўсім здароўя і сухіх рукавоў.
25 ліпеня – у Дзень пажарнай службы – калегі і кіраўніцтва РАНС выкажуць Віктару Апалінаравічу словы ўдзячнасці за адданасць справе і шматгадовую працу і ўрачыста правядуць на заслужаны адпачынак.
– 25 ліпеня мы адзначаем Дзень пажарнай службы. Дэвіз «Прафесіяналізм. Адвага. Гонар» для нас стаў сэнсам жыцця. Шчырыя віншаванні з прафесійным святам адрасую нашым паважаным ветэранам службы, усім калегам. Здароўя вам, дабрабыту і міру. Асаблівыя словы падзякі – маці і жонкам выратавальнікаў. Іх клопат і разуменне матывуюць нас быць сапраўднымі мужчынамі і, насуперак абставінам, перамагаць любыя надзвычайныя сітуацыі, – адрасуе віншаванні з прафесійным святам начальнік РАНС Юрый Буйкевіч.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА




