Выйграў ці прайграў ЖБСК У чат-бот «ЛВ» звярнулася ляхавічанка

У чат-бот «ЛВ» звярнулася ляхавічанка, якая ўзняла праблемныя пытанні добраўпарадкавання тэрыторый, бягучага і капітальнага рамонту колішніх жыллёва-будаўнічых спажывецкіх кааператываў па вуліцы Інтэрнацыянальнай, якія некалькі гадоў назад перададзены на баланс КУШВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ».
Маўляў, усе праблемы пачаліся са зменай статусу…

У нюансах актуальнай тэмы раёнка разбіралася разам з начальнікам аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама Марынай Завадскай.
Сітуацыя з ЖБСК кардынальна змянілася з таго часу, як да старшынь кааператываў сталі прад’яўляцца пэўныя патрабаванні, выкліканыя змяненнямі ў Жыллёвым кодэксе. Дарэчы, адна з прычын прынятых змяненняў у заканадаўстве звязана з тым, што раз-пораз у розных рэгіёнах краіны ўзнікалі пэўныя праблемы, звязаныя з парушэннямі ў рабоце кіраўніцтва кааператыўных шматкватэрнікаў. Згодна са змяненнямі, у артыкуле 170 Жыллёвага кодэкса ўказана, што старшыня праўлення арганізацыі ўласнікаў павінен мець вышэйшую ці сярэднюю спецыяльную эканамічную, тэхнічную ці юрыдычную адукацыю і стаж работы на кіраўніцкіх пасадах у арганізацыях ЖКГ ці кіравання нерухомай маёмасцю не менш за пяць гадоў. Яшчэ адно патрабаванне – прэтэндэнт на пасаду старшыні кааператыва павінен атрымаць пасведчанне аб праходжанні прафесіянальнай атэстацыі.
– Кваліфікацыйны экзамен для праходжання прафатэстацыі можна здаць толькі ў Мінску, у дзяржаўным вучэбным цэнтры падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў «Жылкам». Кандыдатура старшыні кааператыва ўзгадняецца райвыканкамам. Зразумела, што далёка не ўсе прэтэндэнты адпавядалі патрабаванням і вытрымалі іспыты.Такім чынам, яны не маглі быць кіраўніком кааператыву і склалі свае паўнамоцтвы. Юрыдычная асоба – ЖБСК – не магла застацца без кіравання, таму ў кожным кааператыве прайшлі сходы. Рашэнне аб змяненні статусу ўласніка прымалася на агульным сходзе ўсімі жыльцамі кааператыўнага дома. Такім чынам, кіраванне агульнай маёмасцю ЖБСК ускладзена на ўпаўнаважаную асобу. Адпаведна з артыкулам 154 Жыллёвага кодэкса кіраванне агульнай маёмасцю сумеснага домаўладання ажыццяўляе ўпаўнаважаная асоба, якую назначае мясцовы распарадчы орган. У нашым раёне рашэннем райвыканкама гэтыя функцыі ўскладзены на КУШВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ». У Ляхавіцкім раёне, пачынаючы з 2023 года, на баланс камунгаса перададзены 18 ЖБСК, чатыры па-ранейшаму маюць кааператыўны статус, – адзначае Марына Завадская.
Наступнае пытанне парадку дня, якое хвалюе нядаўніх членаў ЖБСК, – правядзенне ў шматкватэрніках бягучых і капітальных рамонтаў. «Рамонт могуць зрабіць толькі тады, калі мы закупім матэрыял. А дзе нашы грошы, што паступалі на рахунак кааператыва на працягу
15 гадоў?» – пацікавілася лахавічанка.
– Адлічэнні членаў кааператыва, якія праводзіліся да перадачы ЖБСК пад кіраванне камунгаса, засталіся на балансавым рахунку ЖБСК, у Ляхавіцкі камунгас ніводнага рубля не пераведзена. Гэтыя сродкі могуць быць выкарыстаны выключна на правядзенне капітальнага рамонту. Закрану і яшчэ адзін аспект. З моманту пераходу ЖБСК пад кіраванне камунгаса з членамі жыллё-вага кааператыва заключаны дагавор на прадастаўленне такіх абавязковых жыллёва-камунальных паслуг, як тэхнічнае абслугоўванне і капітальны рамонт. І толькі з моманту заключэння дагавора грашовыя сродкі ад членаў ЖБСК трапляюць на рахунак камунгаса, – тлумачыць Марына Завадская.
А цяпер пра навядзенне парадку. Ляхавічанка ў звароце ў чат-бот адзначыла, што камунальнікі несвоечасова абкошваюць дваровую тэрыторыю. І, трэба прызнаць, праблема мае месца. Але ёсць і другі бок справы.
Не зусім карэктныя, напрыклад, сцвярджэнні, што на дваровай тэрыторыі кааператыўнай забудовы заўжды была чысціня. Падчас рэйдаў розных службаў прэтэнзій да тэрыторыі кааператываў хапала заўсёды. Варта ўзгадаць, што на балансе камунальнай службы 160 шматкватэрнікаў у горадзе і сельскіх населеных пунктах. І даволі няпроста адначасова падкошваць траву на дваровых тэрыторыях, падтрымліваць парадак на дзіцячых пляцоўках, рамантаваць лавачкі і г. д. Работнікі камунгаса стараюцца своечасова рэагаваць на заяўкі, што паступаюць у кантакт-цэнтр па нумары 115. На жаль,
не ўсё і не заўжды атрымліваецца зрабіць адразу. Але і жыльцы дамоў, незалежна ад таго, на чыім яны балансе, павінны самі быць дбайнымі гаспадарамі і клапаціцца пра парадак – не смеціць.
Галіна КАНЬКО.