Ячмень яравы, перадавы. Аграрыі Ляхавіччыны прыступілі да ўборкі яравога ячменю

Адбылося гэта фактычна на апошніх кругах камбайнавання азімага варыянту названай збожжавай культуры, з якой звычайна і пачынаецца жніво. Сёння сітуацыя на хлебных палетках раёна здаецца не зусім тыповай і дадаткова напружанай. Паралельна з ячменем у фазу ўборачнай гатоўнасці прыйшоў азімы рапс. А паколькі ні рапс, ні ячмень чакаць не могуць – прамаруджванне пагражае стратамі ўраджаю – рэальнасць вымушае хлебаробаў «круціцца».

Камбайнеры Андрэй і Іван Байчыкі.

Сканцэнтравацца на нечым адным не ўяўляецца магчымым, даводзіцца перамяшчацца з поля на поле, з адной культуры на другую. А з улікам таго, што для работы на рапсавым палетку збожжаўборачная машына павінна быць «дацюнінгавана» спецыяльным абсталяваннем, на такога роду перастаноўкі-пераезды патрэбен час. А яго сёлета, як ніколі, не хапае, і даводзіцца ў літаральным сэнсе выгадваць у дажджоў.
Прадукцыя палёў адроз-ніваецца сёлета павышанай вільготнасцю, даводзіцца дасушваць кожную жменю збажыны і, тым больш, рапсавага насення. У вільготны, як зараз, жніўны сезон ЗСК – на вагу золата.

Старшы камбайнер Сяргей Бурак (справа) і камбайнер Павел Русакевіч.


У мінулы аўторак да камбайнавання яравога ячменю прыступілі ААТ «Жарабковічы» і СВК «Ляхавіцкі». Названая апошняй гаспадарка ажыццявіла спробны выезд. Работа была выканана прыкладна на двух гектарах плошчаў, намалот склаў некалькі больш за дзясятак тон зерня, што адпавядае паўсотні з «хвосцікам» цэнтнераў ураджайнасці. Што з улікам не самай багатай глебы і няпростых умоў бягучага сезона здаецца нядрэнным паказчыкам. Тым больш, гэта толькі стартавая лічба.
У «Жарабковічах» усё па-жарабковіцку, маштабней, больш і лепш, што тычыцца ўраджайнасці яравога ячменю. Па меншай меры па выніках першага ўборачнага дня. Ён пачынаўся прыкладна ў 11 гадзін на палетку, размешчаным побач з вёскай Дамашы ці, як паведамілі задзейнічаныя ў работах знаўцы мясцовай тапанімікі, ва ўрочышчы «Цыбуля».

Механізатар Андрэй Дзянішчык.


Поле не лепшае, але і не горшае па ўраджайнасці – такую ацэнку даў начальнік вытворчага ўчастка «Сваятычы» Іван Пірштук.
Зажынкі ва ўрочышчы
«Цыбуля» праводзілі чатыры «Гомсельмашы». Крыху пазней ім на дапамогу былі кінуты пятая, шостая і нарэшце сем астатніх збожжаўборачных машын гаспадаркі. Справа ў тым, што апошняя сямёрка «дабірала» рапсавыя плошчы, якія знаходзіліся на ўчастку «Сваятычы» і не былі завершаны папярэднім днём.
– Завяршылі, на машынным двары «скінулі» рапсавыя сталы і далучыліся да работ на ячменнай ніве. Працавалі прыкладна да васьмі вечара, уборачнае поле пакідалі пад кроплямі дажджу, –
працягвае расповед Іван Пірштук.
Пра абавязковасць пасляўбо-рачнай дапрацоўкі збожжа гаворыць яго вільготнасць. На той дзень прыбор «высвечваў» лічбу 18 з паловай працэнтных пунктаў. А значыць, сабранаму ўраджаю прамы шлях на зернесушыльны комплекс. Жарабковіцкая сушыльныя гаспадарка дастаткова магутная, могуць дазволіць сабе «аддаць» пад ячмень і чатыры ЗСК. Пры гэтым застануцца яшчэ магчымасці для прасушкі насення азімага рапсу.
На максімуме працоўнага дня на маршрутах «уборачны палетак –
ЗСК» было задзейнічана дзевяць аўтамабіляў-адвозчыкаў. І ні аднаму з іх стаяць на паўзе доўга не даводзілася. На полі назіраўся карусельны рух: камбайны, аўтамабілі, прэс-падборшчыкі саломы. Усё круцілася рытмічна, на агульную мэту і высокі ўраджай. Ураджай, дарэчы, такім і быў: па выніку ўборкі першай паўсотні гектараў яравога ячменю ў збожжавыя засекі ААТ «Жарабковічы» паступіла 350 тон збожжа. Што ў пераразліку на гектар поля адпавядае 70 цэнтнерам.
Але ж паход за новымі тонамі хлеба знаходзіцца толькі на пачатковым этапе. Толькі ў «Жарабковічах» і толькі яравы ячмень займаў на пачатку жніва ледзь не паўтысячы гектараў. А Ляхавіцкі раён аддаў пад гэту сельгаскультуру амаль утрая большыя плошчы.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.